РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл.: 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

За 11 месяцаў бягучага года адрасная сацыяльная дапамога пасля звароту ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прызначана 920 жыхарам раёна. Сума выплат склала 253 тысячы 223 рублі 94 капейкі.

444 чалавекам вернуты затраты на набыццё падгузнікаў для інвалідаў I групы і дзяцей-інвалідаў з чацвёртай ступенню страты здароўя. Бясплатнае харчаванне атрымліваюць 125 дзяцей ва ўзросце да двух гадоў. 75 інвалідаў III групы атрымалі дапамогу на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. З пачатку года 253 грамадзянам прызначалася штомесячная сацыяльная дапамога, а 23 чалавекі атрымалі адначасовую грашовую падтрымку.

У лістападзе ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі раёна ўведзена адзіная разліковая інфармацыйная прастора (руская абрэвіятура ЕРИП). Гэта патрабавала напружанай работы персаналу і перааснашчэння ўсёй камп’ютарнай базы раённага вузла паштовай сувязі.

Раней у аддзяленнях сувязі прымаліся не ўсе плацяжы, а толькі для тых арганізацый, з якімі былі заключаны папярэднія дагаворы. І каб зрабіць розныя разавыя ці месячныя выплаты, кліентам даводзілася звяртацца яшчэ і ў банкі. Цяпер усе выплаты можна зрабіць на пошце. Новая сістэма паскорыла абслугоўванне кліентаў, якія ацанілі такую зручнасць. Варта толькі дакладна ведаць свой нумар у ЕРИПе. Ёсць і яшчэ адна немалаважная дэталь: аддзяленні паштовай сувязі працуюць у суботу і нядзелю, у тыя дні, калі не працуюць банкі.

Пры раённай бальніцы шмат гадоў існуе бібліятэка, паслугамі якой карыстаюцца не толькі самі медыцынскія работнікі, але і пацыенты розных аддзяленняў. Кожны дзень наведваюць яе больш за 20 чытачоў.

На жаль, у апошнія гады з афіцыйных крыніц фонды бібліятэкі не папаўняюцца. Аднак новыя кнігі на паліцах з’яўляюцца, дзякуючы некаторым жыхарам Валожына. Толькі сёлета больш за 50 экзэмпляраў кніг кожны перадалі ў агульнае карыстанне Вілій Львовіч Янкілевіч і Данута Канстанцінаўна Загорская. Гэта творы рускай і замежнай класікі, замежныя дэтэктывы, фантастыка, жаночыя раманы. Дарэчы, В. Янкілевіч і ў мінулым годзе падарыў бальнічнай бібліятэцы значную колькасць кніжных тамоў.

Работнікі Валожынскай раённай структуры Рэспубліканскага таварыства паляўнічых і рыбаловаў паклапаціліся пра падкормку дзікіх жывёл у зімовы перыяд. Стаўка робіцца на нарошчванне папуляцыі казулі і аленя. Таму менавіта пра гэтыя віды дзікіх жывёл дбаюць асабліва.

Для падкормкі жыхароў лесу гаспадарка набыла і нарыхтавала 2 тоны солі, 30 тон сакавітых кармоў (морквы, яблыкаў, буракоў), каля 10 тон зерня, 3 тоны сена. Па меры расходавання кармоў яны будуць дакуплівацца. У паляўнічых угоддзях таварыства паляўнічых і рыбаловаў абсталяваны каля 30 кармавых пляцовак для казулі і 10 – для аленяў.

Івянецкі аддзел грамадскай арганізацыі “Саюз палякаў на Беларусі” арганізаваў экскурсійную паездку ў Вішнева для вучняў, якія факультатыўна вывучаюць у мясцовай школе польскую мову.

Школьнікі разам з настаўніцай Рэгінай Іосіфаўнай Варакса наведалі музей ксяндза У. Чарняўскага, вішнеўскі касцёл, іншыя славутасці невялікага мястэчка з вялікай гісторыяй, дзе знайшлі слынны спачын паэты Канстанцыя Буйло і Пятро Бітэль.

З чарговых перамог пачалі снежань юныя футбалісты Валожына, якія прынялі ўдзел у адкрытым турніры па міні-футболе ДЮСШ аграгарадка Дзераўное Стаўбцоўскага раёна.

У спаборніцтвах удзельнічалі па тры каманды з кожнага боку. Валожын прадстаўлялі каманды хлопчыкаў 2000-2002 гадоў нараджэння (ФАЦ “Надзея”), 2005-2006 (цэнтр творчасці дзяцей і моладзі) і 2007 года нараджэння (ФАЦ “Надзея”). Першая каманда выйграла ў сапернікаў-гаспадароў з лікам 9:7, другая – 8:3, трэцяя – 6:0.

 



Добавить комментарий