Каб не апынуцца ў пастцы

Закон и порядок

Галоўным правілам у зімовай рыбалцы з’яўляецца БЯСПЕКА!

 Не варта забываць, што зімовая рыбалка звязана з пэўнымі фактарамі рызыкі.

 Зімой на лёдзе неабходна выконваць цэлы шэраг правіл і рэкамендацый. Усе яны накіраваны на тое, каб захаваць ваша здароўе і жыццё. Ігнараваць іх, якімі б неабавязковымі яны ні здаваліся, катэгарычна нельга! Па-першае, ні ў якім выпадку нельга выходзіць на тонкі, неакрэплы лёд. Нават некалькіх крокаў, зробленых па лёдзе з мэтай праверкі яго трываласці, могуць закончыцца прыняццем ледзяной ванны. І калі лёд адзін раз вытрымаў вашу вагу, хаця злёгку пры гэтым трашчаў, гэта абсалютна не значыць, што на зваротным шляху ён не праваліцца пад вамі. Таму, калі вы выпадкова зайшлі на тонкі лёд, не тузайцеся і не рабіце рэзкіх рухаў, старайцеся вельмі плаўна, не адрываючы ног ад лёду, вярнуцца назад. Прыкметамі трывалага і, адпаведна, бяспечнага лёду можа быць яго таўшчыня — не менш за 5-6 сантыметраў і пры гэтым высокая празрыстасць. Лёд, які мае малочную або цёмна-белую афарбоўку, заўсёды слабейшы за празрысты, а таму бяспечная таўшчыня ў яго павінна быць большай.

 Лёд на вадаёме не можа быць усюды аднолькавым па таўшчыні і трываласці. Заўсёды ёсць участкі, дзе ён больш слабы. Іх пажадана пазбягаць. Нават калі першы лёд даволі моцны, у адлігу ён можа станавіцца больш небяспечным, асабліва калі закрыты снегам. Выходзячы на першы лёд, неабходна памятаць, што на вялікіх глыбінях ён утвараецца некалькі пазней, чым на больш дробных, а таму ў пачатку зімовага сезона лепш не заходзіць на глыбінныя ўчасткі. Тое ж самае тычыцца месцаў, у якіх б’юць крыніцы. Калі летам вы выявіце гэта, то зімой раім забыцца аб такіх месцах, лёд над імі нашмат танчэй.

 Таксама могуць прадстаўляць пагрозу і замерзлыя вусці рэк і ручаёў. Лёд, які ўтвараецца пад мастамі, у вузкіх пратоках небяспечны на працягу ўсяго зімовага сезона і асабліва вясной. Нельга выходзіць у адзіночку на лёд, які выклікае ў вас хоць нейкія, нават самыя невялікія сумненні. Але не варта крочыць побач, дыстанцыя паміж людзьмі павінна складаць 3-4 метры. Пажадана пры выхадзе на лёд вызначыць яго трываласць ударам. Калі вам удалося прабіць яго не вельмі моцным ударам, то такі лёд ужо небяспечны, раім знайсці іншае месца. Пры руху па лёдзе трымайце рэчы такім чынам, каб у любы момант у выпадку небяспекі іх можна было хутка скінуць з сябе.

 На не вельмі моцным лёдзе не збірайцеся групамі. Абмяркоўваць розныя пытанні цікава, але і небяспечна: уся група можа праваліцца пад лёд. Пажадана мець пры сабе вяроўку даўжынёй 4-5 метраў. Калі раптам вы апыняцеся ў вадзе, вам змогуць дапамагчы вашы калегі, не падвяргаючы сваё жыццё небяспецы.

Алеся РАДВІЛОВІЧ,

інспектар прапаганды і навучання МНС

 



Добавить комментарий