РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Экспанат “Устройства для заточкі стужкавых піл”, створаны рукамі педагога дадатковай адукацыі Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя Аляксандра Фадзеевіча Цаюна, быў прадстаўлены на VI Міжнародным кірмашы інавацыйных ідэй, які праходзіў у Мінску.

Дарэчы, у гэтым мерапрыемстве ўдзельнічалі ўсяго 3 установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Астатнія ўдзельнікі прадстаўлялі ўстановы больш высокага рангу. Гэта творчая работа раней была адзначана Дыпломам I ступені на рэспубліканскім этапе конкурсу “Тэхнаінтэлект”. А. Ф. Цаюн перадае свае веды, вучыць падыходзіць творча да справы найбольш дапытлівых навучэнцаў ліцэя на занятках аб’яднання па інтарэсах “Рацыяналізатар”.

Работнік фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Надзея” ў Валожыне Крысціна Спічак у якасці валанцёра ў складзе беларускай групы з васьмі чалавек два тыдні правяла ў нямецкім горадзе Оберхофе.

 Там збіраліся прадстаўнікі нацыянальных аддзяленняў арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” з Беларусі, Германіі, Украіны, Расіі, Румыніі, Венгрыі. Асноўнай мовай зносін была выбрана англійская. Тэмай маладзёжнага абмену стала надзвычай актуальная на сённяшні дзень праблема бежанцаў. Маладыя людзі мелі рэальную магчымасць пабачыць бежанцаў з Сірыі, даведацца пра іх знаходжанне ў Германіі, меркаванні на гэты конт. Кожны рабочы дзень быў насычаны інтэрв’ю, ролевымі гульнямі, работай у групах. Праблема бежанцаў асабліва цікавіла маладых людзей з Украіны. Яны маглі параўноўваць стан у сваёй краіне з іншымі. Таксама быў дзень, калі валанцёры прадстаўлялі свае краіны, а іх равеснікі мелі магчымасць падзяліцца ўстойлівымі стэрэатыпамі пра тую ці іншую краіну. Кожнаму, хто прымаў удзел у семінары, быў выдадзены сертыфікат, які дае права дзяліцца набытымі ведамі па дадзенай тэме.

20 членаў клуба “Залатая восень”, што дзейнічае пры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, 6 снежня пабывалі ў Палацы культуры Маладзечна на канцэртнай праграме “Залатая калекцыя беларускай народнай песні”.

Ветэраны працы атрымалі сапраўдную асалоду ад сустрэчы з жыватворнай народнай песняй у выкананні лепшых салістаў і калектываў Беларусі.

У раённым Цэнтры культуры поўным ходам вядзецца падрыхтоўка тэатралізаванага навагодняга прадстаўлення “Чароўны гадзіннік”.

Дзеянне адбываецца на чароўнай паляне, а галоўная інтрыга міні-спектакля закручана вакол гадзінніка, які не павінен спыніцца. Для гэтага будуць прыкладаць намаганні Снегавік-вартаўнік і іншыя дзеючыя асобы, ролі якіх выконваюць работнікі РЦК. Рэжысёр-пастаноўшчык – Алена Санюковіч. У канву прадстаўлення ўплецены і музычныя нумары з удзелам выхаванцаў узорных калектываў “Праменьчыкі” і “Раніца”. Прэм’ера навагодняй казкі адбудзецца на некалькіх раённых ранішніках у РЦК. З яе сюжэтам змогуць пазнаёміцца школьнікі, што прыедуць у дні зімовых канікулаў у госці да Дзядулі Мароза не ў Налібоцкую пушчу, а ў Бабровіцкі культурна-спартыўны цэнтр.

У першыя дні снежня ў Маладзечне адбыўся адкрыты лёгкаатлетычны прабег “Залатая міля”, у якім прымалі ўдзел выхаванцы аддзялення лёгкай атлетыкі ДЮСШ Валожынскага раёна.

Сярод дзяўчат на дыстанцыі 1 вярста першынствавала Ксенія Каласоўская, якая паказала вынік 3.48.8. Другое месца заняла яе сяброўка па камандзе Надзея Каландарава з вынікам 3.50.5.

З надыходам халадоў пачасціліся набегі ваўкоў з суседняга дзяржаўнага заказніка “Налібоцкі” ва ўгоддзі, якія належаць раённай структуры Рэспубліканскага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Шэрых драпежнікаў бачылі ля вёсак Доры, Дварэц, Пугачы, набліжаюцца яны і да малочнатаварных фермаў, што стварае рэальную пагрозу пагалоўю грамадскага статка і свойскай жывёле. Па даных апошняга зімовага ўліку дзікіх жывёл у паляўнічых угоддзях таварыства ваўкоў не зафіксавана. На іх вядзецца пастаянны прэсінг. Паляўнічыя сцвярджаюць, што ў падпарадкаваных ім лясах яны не выводзяцца, а толькі “заходзяць” пажывіцца. У першыя дні снежня штатныя работнікі раённай структуры вылажылі прынады ў месцах найбольш частых пераходаў дзікага звера. Распачата будаўніцтва ўцепленай вышкі для адстрэлу ваўкоў. Да канца года яе запланавана ўвесці ў строй.

 



Добавить комментарий