Зарабiлi самыя інiцыятыўныя…

Общество

Чарговы кірмаш-выстава сельскагаспадарчай прадукцыі прайшоў у суботу на плошчы Свабоды райцэнтра. Магчыма, прадавецкаму і пакупніцкаму настрою перашкодзіў дождж – хочацца так патлумачыць заўважна пасіўны ход гандлю.

Плошча Свабоды, якая звычайна ў дні правядзення кірмашоў поўніцца палаткамі і транспартнымі сродкамі сельгаспрадпрыемстваў, на гэты раз аказалася паўпустой. Калі адзначыць станоўчыя моманты, то парадавалі наведвальнікаў асартыментам мясной прадукцыі, кандытарскіх і кулінарных вырабаў райспажыўтаварыства і КСУП “Пяршаі-2014” – гаспадарка таксама выстаўляла на продаж мясную прадукцыю. Жадаючыя маглі набыць па прывабных цэнах пасцельную бялізну і швейныя тавары КУП “Валожынскі РКБА”, жывую рыбу, якую рэгулярна дастаўляе валожынскім пакупнікам падчас кірмашоў доследны рыбгас “Цвецень”, галаўныя ўборы вытворчасці ТАА “Зост”, трыкатаж, пальчаткі і рукавіцы ад ІП Хацяновіч, а таксама разнастайныя сувеніры, упрыгажэнні і пано з дрэва вытворчасці некаторых рамеснікаў. Зерне на продаж прывезлі ААТ “Агра-Дубінское”, “Адамова-агра”, “Лоск”, “Агра-Вішнеўскі”, “Суднікаўскі”, КСУП “Сугвазды-агра”, курынымі яйкамі гандлявалі прадстаўнікі ТАА “Аграснабкамплект”.

Разам з тым не было магчымасці ўбачыць вырабы філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” і Валожынскага лясгаса, які, планавалася, павінен быў выставіць на продаж мёд. Праігнаравалі запрашэнне паўдзельнічаць у кірмашы – а значыць, і зарабіць грошай – ПГУП “Клікон-гандаль”, якое займаецца рэалізацыяй беларускага трыкатажу, а таксама рамеснікі з Магілёва, Навагрудка, Віцебска, Слоніма, Маладзечна і самога райцэнтра. Бойкага гандлю, на жаль, не атрымалася.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий