Пакаленням духоўны наказ…

Официально

Душу чалавека найперш цешыць тое мастацтва, якое мае самабытныя фарбы, унікальнае па свайму зместу, творчай манеры. Няпроста адпавядаць гэтым высокім крытэрыям. Мы прывыклі, што аналагі такога мастацтва варта шукаць недзе далёка, што няма, як кажуць, прарокаў у сваёй Айчыне. І таму часта глыбока памыляемся ў пошуках такога эксклюзіву. Старажытны Ракаў мае культурны скарб, каштоўны на ўзроўні рэспублікі. Гэта Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, фальклорны гурт “Гасцінец”.

На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры прайшла вечарына, прысвечаная ўшанаванню гэтага калектыву з нагоды прысваення яму звання “Заслужаны аматарскі калектыў”. Такое рашэнне прыняло Міністэрства культуры краіны яшчэ ў ліпені 2009 года, аднак насычаны гастрольны графік “Гасцінца” адтэрмінаваў момант ушанавання калектыву аж на зімовы час. Але і ў гэтым былі свае плюсы. Шматлікія гледачы раённага цэнтра культуры змаглі ўпершыню пазнаёміцца з каляднай праграмай ракаўскіх артыстаў. Бо, як і кожны фальклорны гурт,  “Гасцінец” суадносіць свае выступленні з календаром беларускіх абрадаў, традыцый і свят…

Падрыхтаваная праграма была ўспрынята залай з натхненнем і радасцю. Адна глядачка нават так апісала сваё ўражанне: “Выступленне ўзрушыла да глыбіні душы. Як быццам на небе пабывала!”

Мець Заслужаны аматарскі калектыў у раёне – гэта вялікі гонар не толькі для  Валожыншчыны. Арэол культурнай славы Міншчыны таксама пашырыўся, бо цяпер у нашай вобласці налічваецца ўжо восем калектываў з  такім ганаровым тытулам. Усе яны – каштоўны нацыянальны набытак краіны, своеасаблівы скарб духоўнасці. Пра  высокі ўзровень творчасці гэтага калектыву сведчыць ужо і той факт, што на студзеньскую вечарыну завіталі тытулаваныя госці з Мінска: народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі, галоўны спецыяліст Упраўлення ўстаноў культуры і мастацтва Міністэрства культуры Іван Іванавіч Галабурда, загадчык кафедры Універсітэта культуры і мастацтваў, прафесар Альбіна Васільеўна Пякуцька і выкладчык гэтай жа ўстановы народны артыст Беларусі, прафесар харавога і вакальнага мастацтва Уладзімір Сяргеевіч Экнадыёсаў, заслужаны дзеяч мастацтваў, кандыдат педагагічных навук Яўген Мікалаевіч Рэутовіч, начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Леанідавіч Акушэвіч, дырэктар абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Іосіфаўна Вайцяхоўская, кандыдат філалагічных навук, пісьменнік Язэп Янушкевіч і інш. У ліку шаноўных удзельнікаў той імпрэзы былі і афіцыйныя асобы. У іх ліку старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч, работнікі апарату райвыканкама, намеснік старшыні Мінскага райвыканкама Сяргей Уладзіміравіч Шаблыка, начальнікі аддзелаў культуры Маладзечанскага і Любанскага райвыканкамаў.

Калі артысты выйшлі на сцэну, то ўжо сваімі прыгожымі нацыянальнымі строямі ўскалыхнулі душу, а калі заспявалі, то пяшчотнай ракой хлынулі ў залу эмацыянальныя патокі ад адчування важнасці і значнасці  народнай песні, яе  глыбокай красы і этнаграфічнага каларыту. Розныя пакаленні ракаўчан аб’ядналіся ў гурт “Гасцінец”, якому дорага ўсё, што звязана з  нацыянальнай песеннай культурай, вакальнымі традыцыямі.

У час вечарыны шмат ухвальных слоў было сказана ў адрас стваральніцы і кіраўніка гэтага калектыву Лізаветы Станіславаўны Пятроўскай, а таксама ў адрас яе калег і аднадумцаў. Дасягнуць такога высокага творчага ўзроўню – атрымаць званне Заслужанага, зразумела, можна было толькі дзякуючы шматгадовай плённай працы, энтузіязму душы, падзвіжніцтву, шчыраму служэнню справе, якая стала вызначальнай у прафесіянальным жыцці. Пачуццё вялікай павагі напаўняе сэрца, калі даведваешся, што Лізавета Станіславаўна – шматдзетная маці. А таму яе нястомную працу па стварэнню калектыву, яго развіццю і ўдасканаленню можна без перабольшання назваць духоўным подзвігам. Бо не кожная жанчына здольна спраўляцца аднолькава паспяхова і з роляй берагіні хатняга ачага і быць бясспрэчным лідарам у творчасці, займацца выкладчыцкай дзейнасцю. Творчая натура Лізаветы Станіславаўны пастаянна шукае наталення душы ва ўсім, што звязана са светам прыгожага, з мастацтвам. Яна займаецца жывапісам, захапляецца выцінанкай, асвоіла сакрэты поесапляцення, валодае сакрэтамі ігры на 3 народных музычных інструментах.

Упрыватнасці, на канцэрце ў Валожыне яна цудоўна акампаніравала на колавай ліры. І ўсё ж, відаць, з усіх творчых заняткаў ёй найдаражэйшы і найважнейшы той, што звязаны з родным “Гасцінцам”.

Трапяткую любоў да багатай  беларускай спадчыны Л. С. Пятроўская перадае сваім чатыром таленавітым дзецям, зберагаючы традыцыі бацькоў Лямбовічаў з вёскі Пілюжына Івянецкага  сельсавета. Гэтай сям’і нават прысвечаны тэматычны блок у раённай дакументальна-хранікальнай кнізе “Памяць”. Станіслаў Міхайлавіч Лямбовіч, бацька Лізаветы Пятроўскай,  у маладосці таксама захапляўся музыкай, іграў на многіх народных інструментах. А дзед Міхаіл, не маючы спецыяльнай адукацыі, спраўна рамантаваў арганы ў касцёлах, майстраваў гармонікі. Магчыма, там, у далёкім дзяцінстве, і зарадзілася ў душы Лізаветы і яе сёстраў зерне любові да роднай матчынай песні, і дало праз дзесяцігоддзі такія дружныя ўсходы.

Калектыў  “Гасцінец” шмат гастралюе па свеце, ён прымаў актыўны ўдзел у рознага роду конкурсах і фестывалях,  атрымліваў запрашэнні на многія знамянальныя святы. І тым не менш ракаўскія артысты па-ранейшаму хвалююцца перад гледачамі, бо спяваюць сэрцам, бо дораць людзям залацінкі бессмяротнай народнай спадчыны, выхоўваючы ў іх любоў і павагу да родных вытокаў. Адраджаць даўніну вельмі няпроста. Тут мала толькі жадання. Тут патрэбны адпаведныя тэарэтычныя веды, вакальныя і музычныя здольнасці, пастаянная праца душы, настроенай на камертоне памяці адвечных песенных скарбаў зямлі беларускай.

Ракаўскі калектыў ужо шмат гадоў захоплена крочыць па нязведаных шляхах-гасцінцах нашых продкаў і вяртае сучаснікам з далёкага былога песні, абрады, нібы дорыць ім бясцэнныя духоўныя гасцінцы беларускай зямлі. Няхай такая нялёгкая і нястомная праца “Гасцінца” гарыць для іншых фальклорных калектываў яркай каляднай зоркай і вядзе пакаленні да адвечных вытокаў…

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *