У фармаце адкрытага дыялогу

Официально

Сустрэча маладых спецыялістаў і прадстаўнікоў вертыкалі ўлады Валожыншчыны прайшла ў мінулы чацвер у раённым Цэнтры культуры.

Ладзілася яна ў медыйным фармаце “адкрытага дыялогу” – праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў выглядзе шырокай дыскусійнай пляцоўкі, які дае магчымасць моладзі ўзнімаць вострыя праблемы і задаваць найбольш хвалюючыя пытанні прадстаўнікам органаў улады.

 Арганізатары – райкам ГА “БРСМ”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённае аб’яднанне прафсаюзаў – пастараліся, каб абодва бакі вынеслі з мерапрыемства максімум карыснай інфармацыі, якая ў перспектыве дапаможа новаму папаўненню працоўных калектываў трывала асталявацца на нашай зямлі і зрабіць тут пэўную кар’еру, а іх старэйшым калегам – выпрацаваць стратэгію найбольш эфектыўнай дапамогі ў гэтым. Па запрашэнні вядучай “адкрытага дыялогу”, першага сакратара райкама БРСМ Н. Нямкевіч на сцэну падняліся старшыня райвыканкама М. А. Астрэйка і яго намеснікі, старшыня райсавета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорская, пяць начальнікаў аддзелаў райвыканкама, галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы Я. А. Мянцюк, а таксама дырэктар Валожынскага філіяла “Беларусбанка” І. А. Пукала, старшыня раённага каардынацыйнага савета па справах моладзі П. Дрожжа і іншыя.

 Сёлета слаўная працоўная сям’я Валожыншчыны папоўнілася на 133 чалавекі. Кожнаму з іх – асабліва тым, хто прыехаў сюды з іншых рэгіёнаў краіны, – неабходны і дапамога, і карысная парада на першых прафесіянальных кроках. І першым наказ на будучае зрабіў кіраўнік раённай вертыкалі ўлады Мікалай Анатольевіч Астрэйка. Прыгадваючы пачатак сваёй дзейнасці, старшыня райвыканкама падзяліўся сакрэтамі поспеху і параіў маладым спецыялістам не спяшыць, а адточваць прафмайстэрства, станавіцца сапраўды запатрабаванымі і высокакваліфікаванымі работнікамі. Усё астатняе прыйдзе з часам і вопытам.

 На ніве сельскай гаспадаркі сёлета пачалі працаваць 22 маладыя спецыялісты. Начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Мікалаевіч Шыфрын акрэсліў найбольш важныя пытанні арганізацыі працы і быту ў гэтай галіне. Ён заўважыў, што ад сумеснай працы залежыць харчовая бяспека краіны, а таму чым хутчэй маладыя спецыялісты авалодаюць азамі прафесіі, тым больш эфектыўнай атрымаецца аддача. Неабходным вопытам гатовы падзяліцца старэйшыя калегі, таму не трэба саромецца запытацца ў іх па розных сітуацыях. У сваю чаргу ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання імкнецца стварыць максімум камфортных умоў для тых, хто толькі пачынае шлях у прафесію. Безумоўна, на першы план выступае пытанне забеспячэння жыллём. Першы намеснік старшыні райвыканкама запэўніў: для кожнага нежанатага (незамужняга) маладога спецыяліста знойдзецца інтэрнат, сямейным парам выдзеляць дамы.

 Дапоўніў адказ старшыня райсавета дэпутатаў С. Ф. Глінскі. Для рашэння любых пытанняў патрэбна звяртацца ў тым ліку і да старшынь сельскіх і пасялковага выканаўчых камітэтаў. Кіраўнік дэпутацкага корпусу станоўча акрэсліў перспектывы працы ў сельскай мясцовасці і малых гарадах накшталт нашага райцэнтра.

 У сферы адукацыі і медыцыны традыцыйна прыходзяць шмат прадстаўнікоў новага працоўнага пакалення. Сёлета педагагічная сям’я раёна папоўнілася на 31 настаўніка, а здароўе пацыентаў папраўляюць 7 урачоў і 18 медсясцёр. Да начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Чарнышовай і галоўнага ўрача Валожыншчыны Я. А. Менцюка паступілі пытанні наконт сакрэту прыцягнення перспектыўных спецыялістаў і магчымасцей, якія адкрываюцца перад імі. Адказы абодвух кіраўнікоў сышліся на эфектыўных мерах матэрыяльнага і маральнага стымулявання маладога папаўнення, стварэння для іх камфортных умоў жыцця і працы, а таксама прадастаўлення рэальнай магчымасці кар’ернага росту.

 Парадаваўся за 13 новых яркіх і самабытных работнікаў сферы культуры, а таксама распавёў пра шырокі спектр магчымасцей добра працаваць і адпачываць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч. Яго разгорнуты адказ працягнуў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі А. Я. Аліеў: ён расказаў прысутным пра розныя варыянты будаўніцтва ўласнага жылля. Пра асаблівасці крэдытнай палітыкі для падтрымкі маладых спецыялістаў нагадала дырэктар філіяла “Беларусбанка” ў г. Валожыне І. А. Пукала, а ўраджэнец суседняга Маладзечна ўрач-рэнтгенолаг ЦРБ П. Дрожжа, які прывёз у Валожын і сваю жонку, падзяліўся гісторыяй, як наш райцэнтр стаў для яго сям’і другой радзімай.

 У час адкрытага дыялогу з залы задавалі розныя пытанні. У прыватнасці, маладыя людзі цікавіліся перспектывамі будаўніцтва ў горадзе новага парку і павелічэння колькасці дзіцячых пляцовак, магчымасцямі арганізацыі дадатковых выязных спартыўных мерапрыемстваў, карыснага і цікавага правядзення вольнага часу для работнікаў сельскай мясцовасці, нюансамі транспартных зносін паміж некаторымі населенымі пунктамі і інш. Атрыманы канкрэтныя адказы.

 Адным з самых урачыстых этапаў мерапрыемства стала ўзнагароджанне лепшых маладых работнікаў па выніках 2016 года. Цырымонію ўручэння спецыяльных Дыпломаў правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта. У ліку лепшых па прафесіі аказаліся 13 чалавек. Адзначылі тры лепшыя маладыя сям’і-2016. Лепшай арганізацыяй, якая прымала студэнцкія атрады, названа ААТ “Агра-Дубінское”, а лепшымі арганізацыямі па рабоце з моладдзю прызнаны аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама цэнтральная раённая бальніца.

 Завяршылася мерапрыемства выдатным святочным канцэртам, падрыхтаваным салістамі РЦК і самадзейнымі артыстамі Валожыншчыны.

2-20-2016

На сустрэчы з маладымі спецыялістамі старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА ўзнагародзіў лепшых па прафесіі па выніках 2016 года. Сярод іх – кіраўнік узорнай студыі эстраднай песні «Праменьчыкі» РЦК Аксана КВАЧ. Дыплом ёй прысуджаны за актыўны ўдзел у творчых маладзёжных мерапрыемствах, а таксама за шматлікія выступленні на раённых і абласных вакальных конкурсах.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий