РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

 Бягучы навучальны год яшчэ на паўшляху, а ў многіх установах адукацыі ўжо дбаюць пра чарговы набор. Прадстаўнікі Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя з мэтай прафесіянальнай арыентацыі школьнікаў наведалі 5 школ суседняга Стаўбцоўскага раёна.

Намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-выхаваўчай рабоце І. С. Жытарук, майстар вытворчага навучання М. А. Камінскі, выкладчыца Н. І. Белановіч расказвалі пра матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, якія рабочыя прафесіі тут можна атрымаць, пра ўмовы пражывання, арганізацыю быту і адпачынку. За дзень яны сустрэліся больш чым з 60 вучнямі. А ў Адалезскім навучальна-педагагічным комплексе СШ-дзіцячы сад ім была прадастаўлена магчымасць выступіць на бацькоўскім сходзе.

У райспажыўтаварыстве аб’яўлены конкурс на лепшае святочнае афармленне і арганізацыю перадсвяточнага і святочнага гандлю ў магазінах і аб’ектах грамадскага харчавання раёна.

Для падвядзення вынікаў конкурсу створана камісія. Прадугледжаны тры прэміі ў памеры 40, 30 і 20 рублёў і 10 заахвочвальных. Вынікі будуць падведзены да 25 снежня.

У Мінску адбылася выніковая канферэнцыя па праекце “Непаўналетнія і адзінокія маладыя маці”, які рэалізоўваўся на тэрыторыі трох раёнаў Міншчыны – нашага, Мінскага і Пухавіцкага.

Наш раён прадстаўлялі каардынатар праекта псіхолаг СПЦ Таццяна Доўнар-Слізская, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святлана Мучынская, раённы ўрач-педыятр Ірына Юхноўская, адна з маці Яна Дубіновіч, прадстаўнік кампаніі “Мэры Кэй” Наталля Нямкевіч, якая на працягу праекта сачыла за знешнім выглядам маладых жанчын, праводзіла майстар-класы. Прадстаўнікі нашага раёна прэзентавалі вопыт работы і атрымалі высокую адзнаку арганізатараў праекта.

У гімназіі № 1 г. Валожына прайшло мерапрыемства з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Упершыню ладзіўся баркэмп (нефармальная канферэнцыя). Адрозненне такой формы ад іншых – няма загаддзя абвешчаных дакладаў, удзельнікі самі складалі праграму. Атрымалася яна надзвычай разнастайнай, разнажанравай і цікавай. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі баркэмпа сталі вучні 4, 6, 8 і 10 класаў.

Адбыліся прэзентацыі на розныя тэмы – “Бацькі М. Багдановіча”, “Жыццё М. Багдановіча ў Гродне”, “Жыццё М. Багдановіча ў Ніжнім Ноўгарадзе”, “Фальварак Ракуцёўшчына”, “Каханне паэта да Ганны Кукуевай” і іншыя. Была інсцэніравана сцэна сустрэчы Максіма і Ганны, гучалі вершы паэта, песні на яго вершы “Вераніка” і “Па-над белым пухам…” Аздобілі свята малюнкі, натхнёныя лірычнымі творамі паэта. У жывым выкананні прагучала музыка на верш “Слуцкія ткачыхі”. Дзякуючы вучаніцам 10 класа, якія падрыхтавалі прэзентацыю “Геаграфія жыццёвага і творчага лёсу”, удзельнікі змаглі віртуальна пабываць у музеях Гродна і ў фальварку Ракуцёўшчына. Гімназісты чыталі вершы паэта і на нямецкай мове ў аўтарскім перакладзе.

З 17 снежня ў Мінскім дзяржаўным цырку пачалося навагодняе прадстаўленне “Тайна чароўнага ларца”. А ўжо 18 снежня на ім пабывалі 50 членаў прафсаюза РУП “Валожынскі жылкамунгас”.

Аднак жадаючых аказалася значна больш, таму набыты білеты яшчэ і на прадстаўленне 25 снежня. Палову выдаткаў на білеты аплаціла прафсаюзная арганізацыя.

7 снежня ў Мінску прайшло першынство вобласці па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 2000-2002 гадоў нараджэння.

Асноўныя ачкі ў скарбонку каманды дзюдаістаў нашай ДЮСШ прынёс былы выхаванец, а цяпер вучань Мінскай абласной школы алімпійскага рэзерву Данііл Жданюк, які заняў першае месца ў вагавой катэгорыі +91 кілаграм. У вагавой катогорыі 60 кілаграмаў трэці вынік паказаў выхаванец школы Фёдар Міхеткін. Трэцяе прызавое месца ў вагавой катэгорыі 57 кілаграмаў на рахунку Анастасіі Зайкоўскай.

11-13 снежня ў Магілёве адбылося каманднае першынство Рэспублікі Беларусь па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 2004-2005 і 2006 гадоў нараджэння і маладзейшых.

Юныя ракаўчанкі, выхаванкі нашай ДЮСШ Надзея Кавалёва і Дзіяна Ліхтаровіч занялі другое месца.



Добавить комментарий