З ёлкай мацнее на цуда надзея…

Закон и порядок

З 19 снежня работнікамі лясгаса пачалася нарыхтоўка навагодніх елак. Сёлета лесарубы штодня высякаюць да 120 штук дрэўцаў. Лясгасаўцы плануюць, што рэалізавана іх будзе не менш чым 3,5 тысячы.

Першыя грузавікі ўжо даставілі запатрабаваны тавар на ёлачныя кірмашы ў Мінск, Валожын. Набыць лясную прыгажуню жыхары райцэнтра могуць на аўтастаянцы, што насупраць магазіна “Альянс”. У залежнасці ад вышыні ствала пакупнікам давядзецца раскашэліцца на суму ад 8 да 12 рублёў. Як гавораць прадаўцы, самыя “хадавыя” елкі тыя, што ад 1,1 метра і да 2-х. Каштуюць яны 10 рублёў. Гандлююць ялінкамі і сасонкамі таксама і ў лясніцтвах раёна. Так што хопіць усім жадаючым. Апошні дзень ёлачных кірмашоў – 31 снежня. Праўда, як расказваюць работнікі лясгаса, штогод знаходзяцца грамадзяне, якія тэлефануюць за пару гадзін да Новага года і слёзна просяць прадаць елачку…

 Акрамя прыватных асоб, навагоднія дрэўцы ахвотна набываюць установы адукацыі, прадпрыемствы і арганізацыі. Яны звычайна робяць заяўкі загадзя, бо самастойная высечка хвойных культур – справа забароненая і строга караецца. Ды і расходаў патрабуе немаленькіх. Як падлічылі спецыялісты, устаноўка такой елкі, як на плошчы Свабоды ў райцэнтры, абыходзіцца прыкладна ў 100 рублёў. Так што нездарма ў многіх гарадах усё часцей упрыгожваюць штучны варыянт.

 Кожны, хто хоча, каб у яго кватэры ці доме на Новы год стаяў яловы водар, павінен не толькі загадзя пра гэта паклапаціцца, але і зрабіць усё законна. Кіраўніцтва лясгаса напамінае, што самастойная высечка дрэў з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем і караецца штрафам у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий