Каб не сапсаваць свята

Закон и порядок

Новы год – самае любімае свята ў дзяцей і дарослых. Але часам і яно становіцца прычынай для непрыемных успамінаў.

Ужо за некалькі дзён да навагодніх урачыстасцей на вуліцах пачынаюць раздавацца гукі выбухаў. Гэта дзеля жартаў і смеху некаторыя падлеткі кідаюць пад ногі прахожых петарды і смяюцца з перапалоханых людзей. Толькі ці шмат тут прычын для смеху? Часам такія забавы заканчваюцца моцнымі апёкамі і нават калецтвамі. Віна за ўчыненае падае на нас, дарослых: мы не растлумачылі дзецям элементарныя правілы паводзін і бяспекі.

Пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў неабходна праяўляць павышаную пільнасць і ўвагу. Найперш трэба памятаць, што ўсе феерверкі і іншыя выбуховы забаўкі набываюцца толькі ў спецыялізаваных магазінах, пры наяўнасці сертыфіката на кожны від тавару. Перад тым, як падпаліць кнот, абавязкова прачытайце завадскую інструкцыю. Нельга захоўваць піратэхнічныя вырабы ў вялікай колькасці на балконе, у жылых памяшканнях, гаражах. Забараняецца запускаць піратэхніку ў непасрэднай блізкасці да жылля, на ўнутраных дваровых тэрыторыях.

Не лішнім будзе напомніць і пра бяспеку ў кватэрах і дамах. Калі прывезлі дадому лясную прыгажуню ці набылі штучную елку, найперш паклапаціцеся, каб яна была ўстойліва замацавана і размяшчалася воддаль ад ацяпляльных сістэм і электранагравальных прыбораў. Забараняецца запальваць на ёлцы свечкі, бенгальскія агеньчыкі і чапляць тыя цацкі, якія лёгка загараюцца. Электрычныя гірлянды павінны быць толькі завадскога вырабу, а перад тым, як іх начапіць, абавязкова праверце спраўнасць.

Штучныя елкі ў апошні час набылі вялікую папулярнасць. Памятайце, што імгненна могуць успыхнуць ад драбнейшай іскрынкі агню, а пры гарэнні сінтэтычныя матэрыялы выдзяляюць рэчыва, якое можа выклікаць смяротнае атручванне.

Пры любым узгаранні адразу тэлефануйце на нумары “101” ці “112”, эвакуіруйце людзей і прыступайце да ліквідацыі пажару падручнымі сродкамі.

Гэтыя правілы гарантуюць вам добры настрой, і свята не будзе сапсавана надзвычайнай сітуацыяй.

Райаддзел МНС



Добавить комментарий