РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Многія члены калектыву нашага лясгаса некалькі апошніх месяцаў працуюць вахтавым метадам на тэрыторыі Смалявіцкага лясгаса, дапамагаючы сваім калегам у ліквідацыі паследкаў летняга ўрагану.

Было даведзена заданне нарыхтаваць 52 тысячы кубічных метраў драўніны. Лесанарыхтоўшчыкі перакрылі яго прыкладна на тысячу кубаметраў. Работы будуць працягвацца і ў новым годзе. Дарэчы, у Смалявіцкім лясгасе працуюць прадстаўнікі ўсіх лясгасаў Міншчыны і некаторых раёнаў іншых абласцей. Аналагічная дапамога аказваецца і лесаводам Чэрвеньскага раёна.

У апошні месяц года ў Валожынскі лясгас паступіла новая тэхніка, набытая ў крэдыт.

Комплекс харвестар і фарвардэр шведскай вытворчасці каштуюць 1 мільён 389 тамтэйшых крон. Для навучання аператараў рабоце на новай высокапрадукцыйнай тэхніцы ў пачатку наступнага года ў лясгас прыбудуць прадстаўнікі фірмы-вытворцы.

У Валожынскім прафесіянальным сельскагаспадарчым ліцэі прайшоў агульналіцэйскі бацькоўскі сход на тэму “Захаваем цяпло роднага дома”.

Падобныя сходы тут традыцыйна ладзяць два разы за навучальны год. На гэтым прысутнічалі бацькі каля 50 навучэнцаў. Перад прысутнымі выступіла ўрач-педыятр раённай бальніцы Наталля Ажарэльева, якая расказала пра здаровы лад жыцця, неабходнасць прышчэпак, правільнае харчаванне. Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Яраслававіч Касоўскі засяродзіў увагу дарослых на правілах пажарнай бяспекі, бяспецы паводзін у месцах масавага адпачынку, выкарыстанні піратэхнічных сродкаў, правілах паводзін на лёдзе, асабліва падчас падлёднай рыбнай лоўлі. Былі паказаны два навучальныя фільмы. Чырвонай ніткай у выступленні педагога-псіхолага ліцэя Наталлі Іванаўны Белановіч прагучала адказнасць бацькоў за выхаванне непаўналетніх дзяцей. А намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Сцяпанаўна Жытарук спынілася на адказнасці бацькоў за арганізацыю вольнага часу сваіх дзяцей.

У аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама паведамілі, што толькі 6 адзінока пражываючых жыхароў райцэнтра атрымалі права на налічэнне безнаяўных субсідый на аплату жыллёва-камунальных паслуг на кастрычнік-снежань бягучага года.

Гэтыя людзі не звярталіся з заявамі аб налічэнні субсідый, іх выявіў непасрэдна камп’ютар. Сума атрымалася зусім нязначнай, калі не сказаць мізэрнай. За два месяцы на шасцярых людзей выплачаны 53 рублі 44 капейкі.

Пачаліся школьныя зімовыя канікулы. З 26 снежня ў 11 установах адукацыі раёна – сярэдніх школах № 1 і № 2 райцэнтра, Івянецкай, Гародзькаўскай, Сакаўшчынскай, Пяршайскай, Дорскай, Ракаўскай, Пугачоўскай, Яршэвіцкай сярэдніх і Сівіцкай базавай школах – працуюць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем.

За шэсць дзён снежня аздараўленне пройдуць 225 школьнікаў малодшых класаў. Агульная сума, выдаткаваная на гэтыя мэты, склала 4 тысячы 833 рублі, 3 рублі 58 капеек у дзень на адно дзіця.

Новым кіраўніком народнага хору ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” раённага Цэнтра культуры прызначана Галіна Іванаўна Філяноўская.

Галіна Іванаўна сама ветэран працы, былы работнік культуры, якая ніколі не парывала сувязяў з мастацкай самадзейнасцю. Мае сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”. У снежні хор аднавіў свае рэпетыцыі работай над новымі творамі. У калектыў разам са старымі выканаўцамі прыйшлі і новыя людзі.

21 снежня ў галерэі Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў упершыню адкрылася выстава работ выхаванцаў аддзялення выяўленчага мастацтва, якое працуе ўсяго другі год. У пераважнай большасці гэта работы, прысвечаныя навагодняй і каляднай тэматыцы, якія адлюстроўваюць прыгажосць зімовых краявідаў.

 А на наступны дзень тут прайшоў музычны спектакль “Снежны баль”, у сюжэт якога былі ўдала ўплецены выступленні лепшых вучняў. У канцэртнай праграме бралі ўдзел каля 60 чалавек. На своеасаблівую перадсвяточную справаздачу былі запрошаны бацькі выхаванцаў, іх родныя, сябры і ўсе жыхары аграгарадка.

 



Добавить комментарий