За вопытам да слаўгарадскiх сыравараў

Общество

На мінулым тыдні наваствораны спажывецкі кааператыў “Валожынскія гасцінцы” ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Пашырэнне эканамічных магчымасцей у сельскай Беларусі”, падтрыманай Еўрапейскім Саюзам і Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці, ладзіў паездку на Магілёўшчыну. Там у Слаўгарадскім раёне пры падтрымцы мясцовай улады наладжана і шырока прапагандуецца дамашняе сыраварэнне.

 Менавіта дамашнія сыры сталі своеасаблівым брэндам гэтай мясцовасці. Створана група “Слаўгарадскія сыравары”, у райцэнтры адкрыты грамадскі цэнтр дамашняга сыраварэння і “Сырная лаўка”, памяшканне для якой прадаставіла мясцовае спажывецкае таварыства. Па серадах на рынку ў “Сырнай лаўцы” жыхары набываюць сыры дамашняга прыгатавання, якія адрозніваюцца па смакавых якасцях і знешнім выглядзе. Акрамя гэтага ў Слаўгарадзе праводзіцца фестываль “Гаспадарчы сыр”.

 Ініцыятарам і арганізатарам такой азнаямленчай вандроўкі стаў старшыня кааператыва і гаспадар аграсядзібы “Марцінава Гусь” Алесь Белы. У двухдзённую паездку запрашаліся жыхары раёна, і не толькі ўладальнікі аграсядзіб, якія вараць сыры ў дамашніх умовах альбо жадаюць гэтым займацца. Першапраходцаў набралася няшмат – 9 чалавек: Уладзімір Бацян з аграсядзібы “Бацян” у вёсцы Долкневічы, Ганна Цітова з фермерскай гаспадаркі “Люцына”, Антон Варэнік, які працуе ў аграсядзібе “Коні-поні” і там робіць сыры для гасцей, а таксама жыхары вёсак Сакаўшчына, Багданаў, Пугачы, што трымаюць падсобную гаспадарку.4-27-12

 Валожынцы наведалі аграсядзібы “Міхайлава” і “Эксклюзіў”, пашчасціла ім пабываць і ў “Сырнай лаўцы”, на свае вочы пабачыць асартымент прапануемых сыроў. Каардынатар праекта па развіцці сыраварэння Л. Ерафеева дапамагла правесці сустрэчу за “круглым сталом”, на якой ад гаспадароў прысутнічалі пяць сыравараў. З гаспадаркамі двух з іх госці затым пазнаёміліся бліжэй. Быў арганізаваны майстар-клас па вырабе мяккага сыру.

 На запрашэнне Алеся Белага ў сацыяльных сетках адгукнулася Юлія Вінакурава з пермакультурнай аграсядзібы “Памяна” ў Смаргонскім раёне. Яна таксама была ў складзе дэлегацыі. Ёсць верагоднасць, што ў наступным годзе жанчына правядзе майстар-клас па сыраварэнні ў нашым раёне для тых, хто жадае навучыцца гэтай даволі прыбытковай справе.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий