Падарылi святочны настрой

Официально

Для Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў стала добрай традыцыяй напярэдадні Новага года ў раённым цэнтры культуры ладзіць своеасаблівую справаздачу перад бацькамі і жыхарамі райцэнтра.

Пражыта амаль палова навучальнага года, і гэты святочны канцэрт паказаў, што ўдалося зрабіць за адносна невялікі прамежак часу. Больш за 300 вучняў займаюцца ў школе мастацтваў у бягучым годзе. У канцэртнай праграме свае поспехі дэманстравалі і першакласнікі, і выпускнікі, і самі выкладчыкі. Педагагічны калектыў не спачывае на лаўрах, шукае новыя формы работы, шліфуе майстэрства сваіх выхаванцаў.

За чатыры месяцы новую праграму падрыхтаваў узорны духавы аркестр. На суд гледачоў музыканты вынеслі тры разнажанравыя і рознахарактарныя творы – “Сакрэт”, “Папуры” і “Блюз”. І трэба адзначыць, што нязменны кіраўнік аркестра Уладзімір Мікалаевіч Грук не перастае здзіўляць сваёй няўрымслівасцю, маладой апантанасцю, працалюбствам, якім заражае не толькі вучняў, але і калег-выкладчыкаў, што ўваходзяць у склад аркестра. Чаго каштавала ігра не толькі на інструментах, але і непасрэдна з самімі інструментамі, якая таксама патрабавала адрэпеціраванай зладжанасці і сінхроннасці! Брава, маэстра!

У новым навучальным годзе ў школе адкрыта яшчэ адно аддзяленне – харэаграфіі. На сцэне выступалі малодшая і старэйшая групы выхаванцаў выкладчыцы маладога спецыяліста Алены Стасяловіч з танцамі ў сучасных рытмах “Бугі-вугі” і “Саксафон”. Танцавальныя нумары значна расквецілі і разнастаілі і без таго святочную праграму.

7-27-12

Песню “Ражджаство” выканала старэйшая група хору, а малодшая – “Новы год”. Некалькі гадоў запар хорам кіруе выкладчыца Дзіяна Семянайтэ, і да кожнай справаздачы рыхтуюцца новыя песні. Ансамбль народных інструментаў выканаў твор “Рэпетыцыя аркестра”, а трыа ў складзе выкладчыкаў Алены Далбаносавай, Ірыны Гаспарэвіч і вучаніцы Алесі Жалтко – “Эсмеральду” з вядомага мюзікла. Не толькі школьную, але і любую канцэртную праграму можа ўпрыгожыць віртуозная ігра выкладчыкаў Аксаны Зянько (акардэон) і Алега Каранеўскага (баян). Пра тое, што іх нумар “Карнавал” уразіў гледачоў, сведчылі доўга несціхаючыя апладысменты. Высокае выканальніцкае майстэрства выкладчыкаў паказала вучням, да чаго ім трэба імкнуцца… Няўдзячная гэта справа, апісваць словамі музычныя нумары, немагчыма пералічыць усіх выканаўцаў. Варта сказаць, што кожны ўнёс свой уклад у агульную святочную дзею. Добра вялі праграму вядучыя Насця Барадака і Валерыя Акушэвіч.

Завяршальным акордам святочнага канцэрта стала музычная казка “Новы год у Мухі-Цакатухі”, сцэнарый якой напісала выкладчыца Ірэна Кетрыс. Галоўныя ролі выконвалі: Муха-Цакатуха – Ганна Сухадолец, Павук – Яўгеній Шаўлюк, Камар – Іван Каленка. Сучасны сюжэт, акцёрскія даныя юных артыстаў у спалучэнні з яркімі касцюмамі заслугоўваюць высокай адзнакі.

У фае была аформлена выстава малюнкаў каляднай тэматыкі выхаванцаў выкладчыцы Вольгі Прыёмкі.

Наталля ШТЭЙНЕР

Фота прадастаўлена ДШМ



Добавить комментарий