Падарожжа ў тысячу мiль пачынаецца з… аднаго кроку

Молодежный курьер

Ужо амаль чатыры месяцы Янь ЛЮ вучыць валожынскіх школьнікаў кітайскай мове. Замежны факультатыў (пра яго наша газета пісала ў адным з кастрычніцкіх нумароў) арганізаваны на базе гімназіі № 1 райцэнтра.

Сёлета малады настаўнік скончыў у Паднябеснай Інстытут Хуэйхуа Хэбэйскага педагагічнага ўніверсітэта са спецыяльнасцю “Руская мова”. У Беларусь ён прыехаў па адукацыйнай валанцёрскай праграме Галоўнага ўпраўлення Інстытутаў Канфуцыя ў Пекіне. У нашым горадзе з гуманітарнай місіяй Янь прабудзе да канца вясны 2017 года.

У гутарцы са мной Янь тактоўна ўсміхаўся, уважліва слухаў і ахвотна адказваў на пытанні. Аднак яго ўнутраны свет так і застаўся для мяне таямнічым усходнім іерогліфам. Моўны бар’ер усё ж даваў аб сабе знаць. Таму частку падрыхтаваных пытанняў, якія прымусілі б суразмоўцу да развагі і філасофіі, мне прыйшлося адкласці. Аднак некаторыя рысы яго натуры ўсё ж бліснулі яркімі іскрынкамі кітайскага феерверку.

 – Янь, дзе Вы арганізавалі свой быт?

 – Мне далі два ўтульныя пакоі ў інтэрнаце сельгасліцэя. Ёсць гарачая вада, халадзільнік. Жыву на першым паверсе. Аднак агульная кухня – на пятым. Таму кітайскія стравы раблю на электрычнай пліце ў жылым пакоі. На працы абедаю ў школьнай сталовай. Беларуская ежа падабаецца.

 У выхадныя адпраўляюся за пакупкамі ў “Еўраопт”. Стараюся затаварыцца на тыдзень. Інгрэдыентаў для кітайскай кухні ў магазіне хапае.

 Выхадныя – суботу і нядзелю – праводжу ў Валожыне. Часам езджу да сяброў-кітайцаў. Яны працуюць у Маладзечне, Мінску, Оршы, Магілёве, Гомелі. У такіх паездках знаёмлюся з беларускімі гарадамі.

 – У гімназіі Вы працуеце з панядзелка па пятніцу. Заняткі наведваюць больш за сто дзяцей з трох школ Валожына. Ваша праца аплачваецца?

 – Кожны месяц атрымліваю сімвалічную зарплату. Грошы – не мэта валанцёра. Мая галоўная матывацыя – бліжэй пазнаёміцца з традыцыямі чужой для мяне краіны, удасканаліць сваю рускую мову, маючы зносіны з яе носьбітамі, прапагандаваць кітайскую культуру, наладзіць масты сяброўства.

 – Янь, ацаніце, які Вы сын у адносінах да сваіх бацькоў?

 – Маю да іх глыбокае пачуццё павагі. Яны навучылі мяне заўсёды глядзець на рэчы са светлага боку, а калі такіх няма – націраць цёмныя, пакуль не заблішчаць. Па нашай старажытнай традыцыі сын абавязаны ўтрымліваць бацькоў матэрыяльна, калі яны састарэюць. Як правіла, калі сын жэніцца, то сваіх бацьку і маці ён забірае ў свой дом. У дачкі ж няма такога абавязку. Мой бацька працаваў на аўтазаводзе, мама – на фабрыцы па вытворчасці адзення. Тату 52 гады, маме – 50. У мяне ёсць старэйшая сястра. Яна працуе ў гандлёвай кампаніі. У вольны час, калі застаюся ў адзіноце, сумую па родных. Звязваюся з бацькамі па WeChat.

 – Ваш урад з-за павелічэння колькасці жыхароў доўгі час праводзіў дэмаграфічную палітыку “Адна сям’я – адно дзіця”. І толькі напачатку 2016 года Закон дазволіў кітайскай сям’і мець дваіх дзяцей. На ваш погляд, колькі чалавек павінна быць у ідэальнай сям’і?

 – Думаю, чым больш, тым лепш. Нават, калі гэта клапотна. Бо дом, дзе смяюцца, багацейшы за палац, дзе сумуюць. Прынамсі, я хачу вялікую сям’ю. Новае пакаленне ў нас у асноўным жэніцца ў 28 гадоў. Я планую ў 30.

 Доўгі час у маёй краіне аддавалася перавага нараджэнню хлопчыкаў. Гэта звязана з патрыярхальнымі асновамі канфуцыянства. Хлопчыкам давалі пазітыўныя імёны, напрыклад, Лэ – “радасць”, Фу – “багацце”. Дзяўчынкам жа былі не вельмі рады. Іх маглі назваць, напрыклад, До-цо – “вялікая памылка”. Зараз усё змянілася. Дзяўчынка – таксама жаданае дзіця, таму што ў нас пачало не хапаць нявест.

 – Ваш родны горад правінцыяльны, як Валожын, альбо гэта шумны мегаполіс?

 – Я жыву блізка ад расійскага Уладзівастока. У горадзе Чанчунь, на паўночным усходзе Кітая. Горад забудаваны небаскробамі. Насельніцтва – каля 3 мільёнаў чалавек. Гэта буйны цэнтр па вытворчасці аўтамабіляў. У нас шмат заводаў. Развіваецца электронная і медыцынская прамысловасці. Шмат музеяў, паркаў, ёсць кінастудыя, універсітэты. Дарэчы, Мінск – горад-пабрацім Чанчуня.

 – Янь, калі прыехалі ў Беларусь, што Вас здзівіла больш за ўсё?

 – Я першы раз за мяжой. Вельмі спадабаўся Мінск, яго чыстыя вуліцы. Уразіла архітэктура. “Асарці” дамоў: аднапавярховыя і высоткі, драўляныя і бетонныя, цагляныя і шкляныя. Розныя стылі. Валожын насцярожыў сваёй мернасцю, цішынёй. Часта ідзеш па гарадской вуліцы і можаш не сустрэць ніводнага чалавека!

 У Беларусі прыгожыя пейзажы. І людзі тут прыгожыя. І вельмі добрыя.

 – Кім Вы сябе бачыце праз дзесяць гадоў?

 – Кар’ера – рэч для мяне не вельмі важная. Аднак жадаю развівацца. Таму, хто нікуды не плыве, не бывае спадарожнага ветру. Мару папрацаваць перакладчыкам з кітайскай мовы на рускую і наадварот. Хацеў бы жыць у Пекіне.

 Праз дзесяць гадоў мне пойдзе 35-ы год. Не ведаю, ці стану да таго часу самадастатковым, мудрым… На маёй радзіме кажуць: вопыт – гэта расчоска, якую мы атрымліваем пасля таго, як аблыселі…

 – Чаму выбралі прафесію настаўніка?

 – Настаўнік у Кітаі – надзвычай паважаны чалавек. Ён павінен выхаваць у маленькага чалавека любоў да жыцця, імкненне да ведаў. Мне падабаецца сябраваць з дзецьмі. Калі б нават была магчымасць павярнуць час назад, я ўсё роўна стаў бы настаўнікам.

 – Да прыезду ў нашу краіну Вы што-небудзь ведалі пра яе, акрамя інфармацыі з інтэрнэту?

 – Так. Мая кітайская выкладчыца часта і шмат распавядала нам пра Беларусь. Яна вучылася 4 гады ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Беларусь яна любіць усім сэрцам, як свой родны горад. Казала, што заўсёды сябе адчувала тут, як дома.

 – Янь, расказваючы пра школьны факультатыў у валожынскай гімназіі, Вы заўважылі: замежніку дастаткова вывучыць толькі 3 тысячы з больш чым 80 тысяч іерогліфаў, і ён зможа свабодна чытаць па-кітайску. А вось ці лёгка даецца кітайцу руская мова?

 – Руская мова – складаная. Англійская лягчэйшая. Каб бліжэй пазнаёміцца з рускай культурай, менталітэтам, ва ўніверсітэце мы вывучалі “Вайну і мір”, “Ганну Карэніну” Талстога. Чытаў Дастаеўскага, Буніна, але, вядома, у кітайскіх перакладах. Глядзеў фільмы рэжысёра Эльдара Разанава, сучасныя расійскія стужкі “Ёлкі”, “Метро”. На слых я добра разумею па-руску, але размаўляю яшчэ не ідэальна.

 – Хутка беларусы будуць адзначаць Новы год. Якія святы любяць у Кітаі?

 – У нас Новы год называюць Свята вясны. Дата яго святкавання заўсёды мяняецца. Яна залежыць ад фазы Месяца. Сёлета кітайскі Новы год прыпадзе на 28 студзеня. У Кітаі гэта будзе ўжо 4715 год, а не 2017-ы. Яшчэ вельмі люблю Свята Месяца, якое супадае з уборкай ураджаю. Мы дорым адзін аднаму круглыя, як месяц, пернікі, а ўвечары любуемся яркай поўняй.

 – Што ў жыцці не мае цаны?

 – Сям’я.

 – Якія якасці Вы цэніце ў людзях?

 – Сардэчнасць. Добры чалавек – гэта вельмі важна для мяне. Другое – вясёлы, каб было лёгка мець зносіны. Трэцяе – аптыміст, любоў да жыцця, нягледзячы ні на што.

 – Ці сочыце за сваім здароўем?

 – Калі вучыўся ва ўніверсітэце, штораніцы адпраўляўся на прабежку. У Валожыне, на жаль, не бегаю, таму што не вельмі добра знаёмы з горадам. Адмоўна адношуся да курэння.

 Вельмі люблю гуляць у футбол. У Кітаі з сябрамі часта ладзілі турніры. Гэта адно з маіх захапленняў. Балею за іспанскую каманду “Барселона”. Нападаючы Месі – мой кумір.

 – Акрамя футбола, чым яшчэ захапляецеся?

 – Мастацкімі выразкамі з паперы. Гэта традыцыйнае кітайскае мастацтва. Ажурнымі выразкамі мы ўпрыгожваем жыллё на святы, дорым іх на вяселлі, сябрам. Умею іграць на кітайскім традыцыйным інструменце, падобным на дудачку.

 – Якому адпачынку аддасце перавагу: адзін у цішы ці ў людным месцы з шумнай кампаніяй?

 – Люблю дома пасядзець за кнігай. Але калі сябры патэлефануюць, запросяць пагуляць, я не адмоўлюся пайсці.

 – Вы б хацелі жыць вечна?

 – Вядома! Вельмі люблю жыццё! Умею радавацца кожнаму дню. Мне падабаецца падарожнічаць. Ва ўніверсітэце атрымаў сертыфікат міжнароднага гіда. Хачу знаёміцца з культурамі іншых краін, традыцыямі.

 – Па характары Вы настойлівы чалавек?

 – Сціплы. Напралом ніколі не іду. Каб ссунуць гару, трэба перацягваць з месца на месца дробныя каменьчыкі. Калі ж перада мной праблема, я імкнуся яе абысці, як вада абцякае камень.

 – Што Вам узнімае настрой?

 – Праца з дзецьмі, канечне. Самы шчаслівы час я праводжу на факультатыўных занятках з дзецьмі па вывучэнні кітайскай мовы.

Гутарыла

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий