РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

На Валожынскім хлебазаводзе практычна кожны месяц запускаюць у вытворчасць новыя віды прадукцыі, асартымент хлебабулачных вырабаў пастаянна абнаўляецца.

З 16 снежня на паліцах прадуктовых магазінаў сістэмы спажывецкай кааперацыі з’явіліся 50-грамовыя булачкі да булёну з часночнай пасыпкай, расфасаваныя па тры штукі. З навінак бягучага месяца – вагавая каўрыжка “Віцебская”, якую таксама ўжо аблюбавалі пакупнікі. У бліжэйшых планах – наладзіць выпуск рагалікаў пікантных са здробненай часночнай пасыпкай, яны будуць прадавацца ва ўпакоўцы. Хлебазавадчане ўжо маюць вопыт выпуску лаваша з цыбуляй, цяпер асартымент папоўніцца яшчэ лавашом і з часнаком. Вывучаючы спажывецкі попыт, варта зазначыць, што навінкі трэба больш рэкламаваць непасрэдна ў кропках продажу. Аднак салодкасці “Шумілінка” і “Баравічкі”, якія з’явіліся на паліцах не так даўно, магазіны заказваюць ва ўсё большых аб’ёмах.

У бягучым навучальным годзе за сродкі, выдаткаваныя з раённага бюджэту, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама набыў тры параканвекцыйныя печкі для прыгатавання ежы.

 Такім чынам абноўлена абсталяванне на харчаблоках гімназіі № 1 Валожына, Ракаўскай сярэдняй школы і Гародзькаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу сярэдняя школа-дзіцячы сад.

У мінулыя выхадныя адбыўся раённы этап 4-га Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Дзень добры, свет!”. Праходзіў ён на базе СШ № 2 райцэнтра.

 Большасць нумароў праграмы складалі песні, танцы, якія падрыхтавалі юныя артысты школ раёна. А вось дэкламатараў было ўсяго двое. Вучаніца Яршэвіцкай СШ Вікторыя Такушэвіч чытачала ўласны верш “Дзяўчына Беларусь”, а Мікалай Калясінскі з Пяршайскай СШ па-мастацку выканаў байку К. Крапівы “Воўк і гуманіст”. Усе прадстаўленыя нумары запісваліся на відэа і адпраўлены ў Мінск. Прадстаўнічае журы будзе праглядаць відэаролікі з усіх раёнаў для адбору лепшых на абласны этап.

У рамках рэалізацыі беларуска-польскага праекта ў галіне адукацыі, культуры і турызму “Ад Беларусі да Польшчы. Гісторыка-культурнымі, экалагічнымі, краязнаўчымі і турыстычнымі маршрутамі” 38 прадстаўнікоў нашай краіны з 1 па 4 снежня пабывалі ў суседняй Польшчы.

 У дэлегацыі была і метадыст па турысцка-краязнаўчай рабоце цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Валянціна Відзевіч. Мэта праекта: вывучэнне накірункаў дзейнасці па арганізацыі занятасці дзяцей і моладзі ў вольны ад вучобы час, а таксама ўстанаўленне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі нашай рэспублікі і Рэспублікі Польшча. Маршрут пралягаў праз два гарады краіны-суседкі – Люблін і Кракаў. Беларусы пабывалі ў ліцэях, тэхнікумах, азнаёміліся з работай групы эканамічных школ імя Ветэра, сустракаліся з кіраўніцтвам турыстычных баз польскага турысцка-краязнаўчага таварыства, маладзёжных баз Польшчы. Хочацца спадзявацца, што першы крок будзе не апошнім, і нашы школьнікі, навучэнцы ліцэя змогуць часцей бываць у суседняй краіне з азнаямленчымі вандроўкамі.

Па 6 студзеня наступнага года доўжыцца выстава-продаж “Калядны падарунак”, якая працуе ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”.

 Тут прадстаўлены самыя разнастайныя вырабы гурткоўцаў клубных устаноў раёна. Можна выбраць падарунак на любы густ: мыла і васковыя свечкі ручной работы, падзелкі з бісеру, газетных трубачак, сувенірныя адкрыткі, заколкі, роспіс па тканіне, кераміка і інш.

У чытальнай зале Валожынскай дзіцячай бібліятэкі размясцілася “Ёлачка жаданняў”. Тут збіраюць падарункі для выхаванцаў аддзялення сацыяльнага прытулку, дзе на сённяшні дзень знаходзяцца 5 хлопчыкаў рознага ўзросту.

 Яны мараць атрымаць машынкі і верталёт з пультавым кіраваннем, навушнікі. Але, безумоўна, будуць рады цукеркам і новым цацкам, любым падарункам. Трэба адзначыць, што летась чытачы бібліятэкі былі вельмі актыўнымі, шчодрымі, і падарункі для выхаванцаў атрымаліся добрыя.

13 снежня ў 23.36 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне пра пажар па вуліцы Партызанскай у вёсцы Сівіца.

 Калі аддзяленне ПАВП-16 з Івянца прыехала на месца здарэння, то аказалася, што гарыць драўляны хлеў. Агонь пашкодзіў 5 кв. м столевага перакрыцця, сцены, маёмасць, у пераважнай большасці кансерваваныя нарыхтоўкі на зіму. Як высветлілася, у 15 гадзін гаспадары запалілі ў хляве печку. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне норм і правіл устройства печкі.



Добавить комментарий