Жывуць у IНЫ АМАДЗIНЫ

Общество

Пашанцавала ўладальнікам прыватных падворкаў. У многіх з іх сімвал 2017 года жыве прама ў куратніку. А як жа быць жыхарам гарадскіх кватэр?

 Пеўня, год якога надыходзіць па ўсходнім календары, у пакоі не паселіш. Аднак можна завесці амадзіну. Гэта птушка хоць і мініяцюрная – велічынёй ледзь большая за пачак запалак, але з сабратам, што кукарэкае, у яе шмат агульнага. Прачынаецца самай першай, галасістая, з яркім апярэннем і, як куры, кампанейская – мае патрэбу ў калектыве, стварае вялікія шумныя сем’і.

 Парачка экзатычных зебравых амадзін пасялілася на кухні Іны Віктараўны ТОКАР гэтым летам. Дзеці адразу ж прыдумалі ім лёгкія мянушкі – Чык і Чыка. Новы дом і яго жыхары прыйшліся экзотам па душы. Птушкі не прымусілі сябе чакаць, пачалі несціся ў прыкупленым для іх гняздзе. У крылатай сям’і нават вылупілася птушаня. Аднак самастойна захаваць патомства птахі не могуць. Вельмі ўжо залежныя яны ад прамых сонечных прамянёў. На іх гістарычнай радзіме – Аўстраліі і Малых Зондскіх астравах – цёпла круглы год.

Іна Віктараўна імкнецца, каб амадзінам жылося максімальна прывольна. Пеўчыя сябры лётаюць па кухні, часта купаюцца. Любяць сядзець на верхніх шафках і назіраць за дзеяннямі гаспадыні. Хоць і атрымліваюць шмат вітамінаў (акрамя магазіннага корму, ядуць кабачкі, яблыкі, грушы), але, угледзеўшы на стале смачны для іх кавалачак, стараюцца яго ўкрасці. Належаць амадзіны да сямейства ўюрковых ткачыкаў атрада вераб’інападобных. Хадзіць гэтыя птушкі не могуць, толькі скачуць.

 Хатніх гадаванцаў у сям’і Токар з Валожына ўспрымаюць як братоў меншых. Нават імёны ім даюць “чалавечыя”. У свой час тут жыла чырванавухая чарапаха Ігар. Зараз ля ног трэцца блакітнавокая кошка Моніка. Дачка падабрала яе на вуліцы. Маці пратэставаць не стала. Іна Віктараўна не супраць і сабаку завесці. Аднак шчыльны графік працы – яна намеснік начальніка ўчастка абмену і апрацоўкі пошты раённага вузла сувязі – не дазволіць належным чынам даглядаць чатырохногага сябра.

 Заўважу, пакупка амадзін – не капрыз дзяцей, а ініцыятыва Іны Віктараўны. Кошт адной птушачкі быў каля 250 тысяч недэнамінаваных рублёў. Парачка чырванадзюбых спевакоў разам з клеткай абышлася ў 800 тысяч адпаведна. Вёрткіх амадзін убачыла ў зоамагазіне – лепшага падарунку на Дзень нараджэнне 11-гадовай дачцэ не прыдумаеш! Спевы гэтых птушак вельмі нагадваюць гукі, што выдаюць дзіцячыя гумовыя цацкі-пішчалкі. Не толькі дзецям радасць. І самой Іне Віктараўне такое шчабятанне грэе душу, пераносіць думкамі ў бесклапотнае дзяцінства.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий