Заатэхнiк з душой марака

Культура

Зазірнуўшы ў яго ўсмешлівыя вочы, ніколі не паверыш, што мужчына перасягнуў васьмідзесяцігадовы рубеж. Мікалай Паўлавіч ГРЫБОЎСКІ жыве ў вёсцы Узбалаць. Тут яго карані, тут у вялікай сялянскай сям’і правёў дзіцячыя гады. І хоць рабіў спробу знайсці шчасце ў далёкіх краях, родная зямля вярнула яго і больш нікуды не адпусціла…

 …Раней многіх беларускіх падлеткаў бралі на вучобу ў Ленінградскае ФЗН (школа фабрычна-заводскага навучання). Для вясковага хлапчука паездка спачатку ў Мінск, затым у Маскву, а пасля ў Ленінград стала сапраўднай прыгодай.

 Вучыцца было цікава, але цяжка, цягнула дадому, да маці… Ён вытрымаў дзякуючы падтрымцы з боку астатніх навучэнцаў – рускіх, беларусаў, украінцаў, удмуртаў, чувашоў…

 Пасля вучобы хлопец працаваў зваршчыкам у доках, дзе будавалі баржы. Затым скончыў школу, у якой рыхтавалі рулявых, пісараў і інтэндантаў. Нарэшце збылася даўняя мара стаць мараком – ён прымераў сапраўдную матроскую бесказырку. Атрымаўшы кваліфікацыю рулявога і званне старшага сяржанта, цэлы год навучаў маладых курсантаў.

 Далей былі Кранштат, Паўночны флот і служба на эсмінцы “Лідар”, а затым паруснік “Сядоў” і Чорнае мора… Аб тым, як “хадзіў” па розных марах, як лазіў па рэях, нёс вахту, ён можа расказваць бясконца. Галоўнае тое, што мора, аб якім марыў, не расчаравала юнака. Планы на сваю будучыню меў грандыёзныя, тым больш што атрымаў прапанову стаць памочнікам камандзіра буксіра. Была магчымасць назаўсёды застацца ў горадзе на Няве, але… З радзімы прыходзілі пісьмы, у якіх маці звала дадому, і ён вярнуўся. Думаў, што ненадоўга, а аказалася назаўсёды…

 Малады чалавек з ваеннай выпраўкай і партбілетам прыйшоўся даспадобы кіраўніку калгаса – з працаўладкаваннем праблемы не ўзнікла. Безумоўна, кругагляд, інтарэсы яго і вясковых юнакоў значна адрозніваліся. Таму кампанію сабе знайшоў у дружным коле мясцовых педагогаў. Пазней з радасцю прыняў прапанову дырэктара навучальнай установы стаць настаўнікам працы. У школе ён сустрэў будучую жонку Веру Ануфрыеўну. У маладой жанчыны на той час было двое дзяцей – хлопчык і дзяўчынка, для якіх Мікалай Паўлавіч стаў сапраўдным бацькам. Нарадзілася ў сям’і і яшчэ адна дачка. А лёс зноў зрабіў круты паварот – мужчыну прапанавалі працаваць у сельскай гаспадарцы. Калгасу патрэбны былі спецыялісты жывёлагадоўчай галіны. Таму хутка адну за адной ён скончыў дзве навучальныя ўстановы, набыўшы спецыяльнасці ветэрынара і заатэхніка. Пасля чаго займаў адказныя пасады галоўнага заатэхніка, парторга, быў ветурачом у райветстанцыі, а бліжэй да выхаду на заслужаны адпачынак стаў тэхнікам-асемянатарам, зноў вярнуўшыся ў родную гаспадарку.

У яго асабістым архіве дыпломы, пасведчанні, фотаздымкі, сувеніры, малюнкі… Ён быў знаёмы з мноствам цікавых асоб, што ўносілі ўклад у станаўленне раёна, Міншчыны, краіны.

 Мікалай Паўлавіч добра ведае гісторыю, у тым ліку малой радзімы. Ён як добры экскурсавод можа паказаць будынкі, што захаваліся ў Узбалаці з далёкіх часоў, падрабязна расказаць пра ўсе падзеі, звязаныя з імі.

 Ужо амаль паўтара года, як пайшла з жыцця верная спадарожніца – жонка. Але побач – сын, старэйшая дачка, іх дзеці, унукі. Бацька і дзядуля не пакрыўджаны ўвагай. Малодшая дачка з сям’ёй – у ЗША. Яны не раз клікалі бацьку і дзядулю пераехаць жыць за акіян. Але ж ён нават думкі не дапускае, каб назаўсёды пакінуць усё роднае, што цешыць і дорыць радасць, – уласны дом, твары суседзяў, сваякоў, магчымасць чуць родную гаворку, наведваць знаёмыя з дзяцінства мясціны… “Я падзяліў лёс радзімы тады, калі быў маладым, тым больш зараз позна шукаць шчасце на чужыне!” – упэўнены пажылы чалавек. Што тычыцца занятку… Маючы такія рукі і фантазію, як у Мікалая Паўлавіча, заўсёды знойдзеш прымяненне энергіі. Калісьці ён добра маляваў, зараз усё больш майструе.

 На пытанне, чым поўніцца яго жыццё зараз, былы калгасны спецыяліст, якога на Валожыншчыне ведаюць як прыклад інтэлігентнасці і мудрасці, адказвае не задумваючыся: “Я люблю людзей, добрую гутарку, але нядрэнна адчуваю сябе і ў моманты адзіноты. Жыву, дыхаю, цаню тое, што маю, нікому не зайздрошчу і помню ўсё добрае, што падарыла мне жыццё”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий