“Смачныя кропкi” на карце

Общество

У Беларусі склалі гастранамічную карту ўласных унікальных прадуктаў. Стравы з мяса пушчанскага налібоцкага аленя ўвайшлі ў трыццатку аўтэнтычных апетытных “візітак”.

Гастранамічная экспедыцыя аб’ездзіла кожную вобласць краіны, вывучыла жыццё буйных і малых гаспадарак. Вынік падарожжа даўжынёй у 4000 кіламетраў – кулінарны даведнік па краіне.

Ці многія ведаюць, што ў Беларусі займаюцца вытворчасцю мармуровай гавядзіны пад Туравам, вырабляюць сапраўдны крафтавы сыр у Слаўгарадзе, а ў Віцебскай вобласці ёсць адзіная ў краіне ферма, дзе вырошчваюць вугроў? Што “лімузін” – гэта парода элітных бычкоў, а “маніфест” – гатунак бульбы? А як наконт самай вялікай у краіне плантацыі хрэну, якая ў 2 разы большая за Мінскі батанічны сад?

 Шклоўскія агуркі, якімі частавалі яшчэ імператрыцу Кацярыну II, сёння вядомыя ў Беларусі і за яе межамі за свежасць і непераўзыдзены хруст. У гонар знакамітай шклоўскай агародніны заснавалі “Дзень агурка” (8 жніўня) і паставілі помнік.

 Пушчанскі пяршак. Белавежская пушча – адно з чатырох месцаў у Беларусі, дзе легальна гоняць самагонку. Фірменны пушчанскі пяршак гатавалі мясцовыя майстры спакон веку і пастаўлялі ў іншыя рэгіёны – ад Еўропы да Крамля.

 Сюды прыязджалі паляваць кіеўскія князі, польскія каралі, рускія цары, а ў часы СССР – міністры саюзных рэспублік. Сёння Белавежская пушча – адно з нешматлікіх месцаў у свеце, дзе можна, як трыста гадоў назад, паспрабаваць мяса зубра.

3-12-30

 Вешанкі з вёскі Мінойты. У Лідскім раёне амаль традыцыя: аб’екты былога ваеннага мястэчка асвойваюць у мірных мэтах – аддаюць прадпрымальнікам і ператвараюць у фермы. У гаспадарцы “Экагрыбы” вешанкі вырошчваюць у ангарах, дзе раней захоўвалася зброя. Ураджай збіраюць кожны дзень – у месяц выходзіць да 10 тон грыбоў.

 Вінаградны смоўж з вёскі Ціневічы. Вырашчаны далікатэс збіраюць, замарожваюць і пастаўляюць на айчынны рынак.

 Кумыс з вёскі Грамніцы. Унікальная малочная каняферма, дзе вырабляюць кабылінае малако і кумыс. Усе коні тут пародзістыя: у кожнага пашпарт, “племянное пасведчанне”, дзе паказаны “конскія” продкі да 5 пакалення.

Гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе можна ўбачыць вялікі табун (360 коней) у натуральных умовах. Мясцовыя коні не ідуць на зарэз, іх выкарыстоўваюць толькі для малочнай вытворчасці.

 Палескія журавіны. У вёсцы Селішча – самая вялікая ў Еўропе штучная плантацыя па зборы журавін. Ягады адсюль прадаюцца ў Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі і Польшчы. З 1985 года брыгады па 4-5 чалавек збіраюць за дзень па 10 тон журавін. Градкі заліваюць вадой, па іх праходзіць трактар з прычапной прыладай, што збівае ягады з кустоў. Затым ягады збіраюць з вады велізарнай сеткай, якая нагадвае невад.

 Вугор з вёскі Мурашкі. Першая і адзіная ў Беларусі рыбаводчая фермерская гаспадарка “Актам Фіш”, дзе не пабаяліся займацца гадоўляй вугра. На рыбнай ферме зараз жывуць каля 1300 вугроў.

 Візітная картка Налібоцкай пушчы – высакародны алень. Яго завезлі сюды яшчэ напачатку мінулага стагоддзя. Сёння папуляцыя аленяў у Налібоках адна з найбуйнейшых у краіне.

 У вёсцы Белакорац егер і спадчынны захавальнік лесу Васіль Уладзіміравіч Шакун распавядзе самыя неверагодныя гісторыі пра пушчу, яе насельнікаў і часы, калі ў Налібокі прыязджалі каралі. Калі застацца тут на ноч, можна ўбачыць лася, казулю, аленя, кабана, рысь жыўцом – у гэты час яны выходзяць з лесу і гуляюць па тэрыторыі сядзібы “Налібоцкія Васількі”. Спадабаецеся Шакуну – арганізуе для вас ралі па сваіх уладаннях і пачастуе рэдкімі стравамі з дзічыны накшталт шурпы з марала. Праз Васіля Уладзіміравіча можна знайсці паляўнічых, у якіх ёсць сезоннае мяса. І паспрабаваць прыгатаваць страву самому.

 Усе “смачныя кропкі” Беларусі сабраны ў гастрагайдзе на сайце www.34travel.by. Ініцыятарам маштабнага кулінарнага даследавання куткоў краіны выступіла фірма “Баржомі”.

Да друку падрыхтавала Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий