Тут кожны шчасцем заiскрыўся

Общество

Разам са школьнікамі актыўны ўдзел у свяце прынялі адказныя службовыя асобы: старшыня райвыканкама М. А. Астрэйка, намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Н. А. Чарнышова, старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі. Пра вясёлую атмасферу паклапаціліся работнікі культуры, а таксама педагогі і выхавацелі ўстаноў адукацыі.

 Слоў пахвалы заслугоўваюць арганізатары навагодняга мерапрыемства. Як расказала галоўны рэжысёр і сцэнарыст казачнай пастаноўкі Алена Санюковіч, да прэм’ернага паказу работнікі раённага Цэнтра культуры пачалі рыхтавацца ўжо з кастрычніка. За гэты час сюжэт відовішча “перакройваўся”, дапаўняўся, паралельна развучваліся ролі і вялася праца над вобразамі. Адказнасць за вобразы, касцюмы ўсклалі на работніцу РЦК Таццяну Віршыч. Агульны вынік заслугоўвае самай высокай адзнакі. Выдатна “ўпісаліся” ў спектакль і юныя артысты з узорнага харэаграфічнага ансамбля “Раніца”, студыі эстраднай песні “Праменьчыкі”.

 Галоўнымі гледачамі сталі вучні, якія на працягу паўгоддзя вызначаліся стараннай вучобай, мелі спартыўныя дасягненні, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці або з’яўляюцца актывістамі. Не абмінулі навагоднія сюрпрызы і дзетак з прыёмных і апякунскіх сем’яў, а таксама тых, хто па сваім сацыяльным становішчы мае патрэбу ва ўвазе з боку дзяржавы.

 Першымі на раённую ёлку разам са сваім дырэктарам Т. І. Чабай прыехалі 11 школьнікаў з Гародзькаў. Казка пачыналася ўжо на парозе Цэнтра культуры. Хлопчыкаў і дзяўчынак віталі знаёмыя кожнаму героі: Дзяды Марозы, Снягуркі, а таксама вясёлыя клоўны. Дзетвара распраналася і ў захапленні разглядала ўпрыгожаныя ў зімовым стылі фае, залу, дзе ўсё гаварыла аб іх любімым свяце.

 Сумаваць і чакаць, пакуль над сцэнай падымецца заслона, нікому не давялося. Конкурсы, рухавыя гульні змяняліся адны за другімі. Трэцякласнік з Суднікаўскай школы Косця Забела, якому дасталося не самае зручнае месца, з усіх сіл выцягваў шыю, каб толькі не прапусціць ніводнай каманды клоўнаў. Косця паказаўся нам самым актыўным удзельнікам шоу і самым адданым гледачом. І падарункі, і праграма яму вельмі спадабаліся. Свой артыстызм растлумачыў проста: “Настаўніца Святлана Зянонаўна Зуй навучыла нас розным навагоднім гульням, песням і танцам”.

 …Сучасных дзяцей цяжка чым-небудзь здзівіць. Арганізатары свята з гэтай задачай справіліся выдатна. Усяго ж для маленькіх жыхароў раёна работнікі культуры правядуць 10 ёлачных ранішнікаў.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий