РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

У выхаванцаў Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната шмат сяброў, шэфаў, якія не забываюцца пра хворых хлопчыкаў і дзяўчынак. Аднак асабліва многа гасцей у гэтай установе ў навагоднія і калядныя дні.

 28 снежня ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” тут прайшло чарговае святочнае мерапрыемства з удзелам старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў І. А. Гардзейчыка і старшыні Мінскай абласной ветэранскай арганізацыі Г. С. Рылькова. Разам з імі завіталі і работнікі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама. Госці пазнаёміліся з сацыяльнай установай, уручылі выхаванцам салодкія падарункі.

Ідуць зімовыя канікулы. На бягучым тыдні штодзень ад СШ № 1 па розных маршрутах адыходзяць аўтобусы з вучнямі розных класаў.

 26 і 29 снежня 77 чалавек пабывалі на прадстаўленні “Тайна чароўнага ларца” ў Дзяржаўным цырку. 27 снежня дзве групы ў 70 чалавек упершыню наведалі конна-спартыўны комплекс “Палачаны”. Дзеці мелі магчымасць не толькі паглядзець, як утрымліваюцца коні, але і пакатацца на іх. 28 снежня 49 чалавек пабывалі на галоўнай ёлцы краіны ў Палацы Рэспублікі. А ўчора 30 школьнікаў ездзілі ў парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”. Для юных наведвальнікаў ладзілася прадстаўленне, у якім выкарыстоўваліся легенды, байкі нашага народа, міфічныя героі. Быў задзейнічаны тэатр “Батлейка”.

 У Валожыне прайшоў круглы стол захавальнікаў Налібоцкай пушчы. Ён быў арганізаваны ў рамках праекта “Распрацоўка інтэграваных падыходаў да кіравання водна-балотнымі ўгоддзямі з мэтай атрымання шматбаковых экалагічных выгод”, які выконваецца ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пры фінансавай падтрымцы ПРААН.

 На мерапрыемства сабраліся людзі, якія свядома вырашылі ахвяраваць частку свайго часу маніторынгу пагроз біяразнастайнасці Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”, што мае таксама міжнародны статус тэрыторыі, важнай для птушак. Былі абмеркаваны найбольш актуальныя для пушчы і прылеглых да яе тэрыторый экалагічныя пагрозы, расказана, як на іх рэагаваць і куды паведамляць, як арганізаваць улік самых важных для пушчы відаў птушак, дзякуючы якім яна і атрымала міжнароднае прызнанне. Гэта такія птушкі, як зімародак, чорны бусел, шэры журавель, малы падворлік. Пакуль што захавальнікаў пушчы 15 чалавек. Кожны жадаючы можа далучыцца да такой высакароднай справы. Для гэтага варта звязацца з арганізатарамі праекта. Ужо гатовы маляўнічыя стэнды па дадзенай тэме. На іх змешчаны фота названых птушак, даюцца тлумачэнні, што такое асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі. Неўзабаве яны будуць устаноўлены ў самых наведваемых месцах Налібоцкай пушчы і не толькі.

Сёння большасць нашых чытачоў жыве думкамі пра Навагоднюю ноч. Самыя актыўныя яшчэ ў пачатку лістапада забраніравалі сабе месцы ў рэстаране “Іслач” райцэнтра.

 За святочнымі сталамі размесцяць 112 чалавек. Будзе гучаць жывая музыка. Для кожнага кліента адміністрацыя рэстарана падрыхтавала нечаканы сюрпрыз. Тут адышлі ад мінулагодніх традыцый частаваць усіх аднолькавымі стравамі. Навагодняя ноч у рэстаране абыдзецца ў суму ад 40 рублёў і вышэй на чалавека. Будуць прапанаваны дзве новыя салаты – “Карыда” і “Ізумрудны россып”, якія затым прапішуцца ў меню на цэлы год. Пачынаючы з 27 снежня, штовечар праводзяцца карпаратывы, даводзіцца абслугоўваць па сто і больш чалавек.

Канкурэнцыю “Іслачы” апошнім часам складае рэстаран “Карона”. Праўда, тут папярэдне запісаліся на святкаванне Навагодняй ночы 56 чалавек. Магчыма, у апошні момант наведвальнікаў пабольшае.

 У “Кароне” весці навагоднюю праграму будзе прафесіянальны вядучы разам з музыкантам. За гэта з кліентаў возьмуць па 10 рублёў. Святочнае меню каштуе 35 рублёў. У ім – шмат новых страў. Мяркуюць, што госці ацэняць новыя салаты “Сочны”, “Дамскі” і салату-кактэйль з вяндлінай і сырам. З навінак на сталах будуць рыбны рулет з гарбушы, заліўное з рыбы, рыба смажаная ў кунжуце, кручэнікі “Панскія”, ножкі свіныя “Калядныя” з чарнаслівам. На дэсерт пададуць слаёныя мяшочкі з фруктамі. Карпаратывы ў “Кароне” пачаліся з 23 снежня і завершацца сёння. Кожны вечар прымалі прыкладна да ста чалавек.



Добавить комментарий