РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Напярэдадні Новага года ў Рэспубліканскім гарналыжным цэнтры “Сілічы” прайшло святочнае мерапрыемства, падчас якога ўшаноўвалі заслужаных людзей, ветэранаў аграпрамысловага комплексу, што ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Мінскай вобласці.

 Ад нашага раёна ў святкаванні прымалі ўдзел загадчык склада былога калгаса імя К. Маркса (КСУП “Пяршаі-2014”) Пётр Аляксандравіч Міхалевіч, тэхнік па штучным асемяненні ААТ “Багданаўскае” Яніна Уладзіміраўна Сліж, галоўны заатэхнік калгаса імя Гастэлы Таццяна Пятроўна Радына, загадчыца фермы “Камень” КУП “Сівіца” Валянціна Іосіфаўна Кушнер, аператар машыннага даення кароў былога калгаса “Зара” Галіна Сцяпанаўна Палонская, начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Валянціна Мікалаеўна Яблонская, галоўны ветэрынарны ўрач раёна Анатоль Сямёнавіч Краўчонак, трактарыст-машыніст былога калгаса імя Суворава Іван Дзмітрыевіч Зенька. З ветэранамі сельскай гаспадаркі сустрэўся губернатар Мінскай вобласці С. Б. Шапіра. Што тычыцца нашых дэлегатаў, то некаторыя і сёння працуюць у родных гаспадарках. Большасць змянілі назвы, але для гэтых людзей нічога не змянілася: праца па-ранейшаму застаецца на першым месцы. Святкаванне праходзіла ў форме “святочнага агеньчыка”, гучалі віншаванні, песні, жарты. Дадому вярталіся ў прыўзнятым настроі і з падарункамі.

У рамках агульнарэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Ёлка жаданняў” валанцёры раённага Таварыства Чырвонага Крыжа правялі акцыю па зборы ахвяраванняў на гарадскім рынку. Былі сфарміраваны 17 падарункаў для дзяцей сацыяльнага прытулку і выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

 Індывідуальныя прадпрымальнікі, што гандлююць на Валожынскім рынку, перадалі ў скарбонку 69 рублёў 80 капеек. Ахвяравалі таксама 54 адзінкі адзення. Сярод іх былі 17 новых пар абутку для дзяцей і падлеткаў. Сабрана таксама 50 адзінак ужыванага аддзення. Па ініцыятыве кіраўніка валанцёрскага атрада “Прымула” Дорскай СШ Таццяны Кулік-Панарад у магазіне вёскі Доры была ўстаноўлена скарбонка для ахвяраванняў. На атрыманыя грошы закупілі культ- і канцтавары для падарункаў. Па просьбе дырэкцыі СШ № 1 дапамога аказана таксама мнагадзетнай сям’і з вёскі Улазавічы.

Не застаўся ў баку ад рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” калектыў воінскай часці № 30695.

 Па ініцыятыве аддзялення па ідэалагічнай рабоце на сабраныя грошы набылі развіваючыя гульні з пультавым кіраваннем, настольныя гульні, развіваючыя маляўнічыя кніжкі для выхаванцаў сацыяльнага прытулку і, безумоўна, салодкія падарункі. Завітаць на святочны ранішнік, які праходзіў 29 снежня, выказалі жаданне тры старшыя лейтэнанты – Віктар Лутчанка, Аляксандр Смолка і Аляксандр Шалуха. Адзін з афіцэраў падарыў хопчыкам, як будучым абаронцам Айчыны, форменную шапку, шаўроны і пагоны.

У снежні ў Валожынскім прафесіянальным сельскагаспадарчым ліцэі прайшоў прававы турнір “Няведанне не вызваляе ад адказнасці”, які падрыхтавала педагог сацыяльны Марына Міхайлаўна Аліноўская.

 Яго мэта – прававая адукацыя, фарміраванне базісных ведаў аб дзяржаўным праве, правах чалавека, развіццё лагічнага мыслення і інш. У журы ўвайшлі педагогі, навучэнцы, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А. К. Карачун. У турніры прымалі ўдзел тры каманды, сфарміраваныя з навучэнцаў першага курса, — “Легіён”, “Казакі-разбойнікі” і “Дружная”. Рабяты рашалі практычныя заданні (разбіралі прапанаваную сітуацыю), дэманстравалі тэарэтычныя веды ў прымяненні артыкулаў Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў, выконвалі іншыя заданні. Перамогу святкавала каманда “Дружная” на чале з капітанам Валянцінай Ждановіч.

21 снежня ў 23.51 на тэлефон “101” паступіла паведамленне, што гарыць дом у вёсцы Узбалаць. Пажар заўважыў вадзіцель “МАЗа”, які падсыпаў дарогу.

 Калі на месца прыбыло падраздзяленне ПАВЧ-1 з Валожына, то ўбачылі, што гарыць не дом, а гараж, у якім знаходзіўся аўтамабіль “Жыгулі”. Яшчэ да прыезду выратавальнікаў сусед пабудзіў гаспадара дома і яго сына. Яны выбраліся на вуліцу. А паколькі пабудовы былі размешчаны блізка адна ад адной, і агонь мог перакінуцца ў любы момант, то сын вярнуўся ў дом за дакументамі. Калі зноў апынуўся ў двары, то ўбачыў, што бацька ляжыць на зямлі. Мужчыну 1948 года нараджэння стала дрэнна, але пульс яшчэ прашчупваўся. Праз некалькі хвілін прыбыла машына “хуткай дапамогі”, дзе вясковец і памёр. Не вытрымала сэрца…



Добавить комментарий