Нераўнадушная дыпламатыя

Общество

Зрабіць жыццё валожынскіх дзяцей з асаблівасцямі развіцця больш камфортным – гэту ініцыятыву актыўна падтрымала Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Мінску.

 Дзякуючы значнай фінансавай падтрымцы чэшскіх дыпламатаў у Валожынскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі зараз радуюцца адрамантаваным памяшканням.

 Спонсарская грашовая дапамога, выдзеленая на распрацаваны цэнтрам праект па ўмацаванні яго матэрыяльна-тэхнічнай базы, склала 160 млн недэнамінаваных рублёў.

 Свежыя фарбы і аддзелка аздобілі калідор. Тут з’явіліся пандусы і поручні – крок у стварэнні безбар’ернага асяроддзя для дзяцей на калясках. Адрамантавана санітарнае памяшканне, дзе заменена сантэхніка, усталяваны спецыяльныя парэнчы для дзяцей з абмежаванай рухавасцю. Рамонтныя работы выконвала Валожынскае РБУ. Абнавіўся класны пакой – старыя вокны замянілі на шклопакеты.

 «Зварот у чэшскае пасольства як да патэнцыяльнага дабрачынца не быў спантанным, – расказвае дырэктар цэнтра Ірына Іванаўна Кірыловіч. – Наладзіць кантакт з замежнымі дыпламатамі нам дапамаглі валанцёры з Мінска. Сталічныя філантропы ўжо трэці год падтрымліваюць наш цэнтр: закупляюць канцылярскія тавары, дыдактычныя дапаможнікі і іншыя карысныя рэчы для дзетак. Зараз у нас 7 выхаванцаў. Валанцёры загадзя паклапаціліся пра навагоднія падарункі для іх: сабралі наборы касметычных сродкаў».

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий