Удалы дэбют

Спорт

Члены Івянецкага спартыўнага клуба ветэранаў напярэдадні Новага года ўпершыню ўдзельнічалі ў валейбольным турніры, які традыцыйна праходзіць на Стаўбцоўшчыне. Дадому каманда вярнулася з перамогай.

 Турнір адбыўся на базе аздараўленчага лагера “Чайка”. Тут, на беразе Нёмана, аматары спорту мелі магчымасць не толькі памерацца сіламі, але і цікава адпачыць. Усяго ж сапернікамі пажадалі выступіць чатыры каманды: са Стоўбцаў, з Дзераўнога, ад філіяла Мінскага маторнага завода і з Івянца.

 Самымі выніковымі з івянчан аказаліся Леанард Асіпацкі, Яўген Бурак, Віктар Галубовіч, Віталь Сарокін, Аляксандр Мартынчык і Генадзь Жалток. У прыватным жыцці гэтыя людзі з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі і інжынерамі, настаўнічаюць і ўзначальваюць прыватныя прадпрыемствы. У каманду іх аб’яднала любоў да спорту і здаровага ладу жыцця.

 Пасля трыумфальнага дэбюту члены каманды выступілі з ініцыятывай правесці такі ж турнір у Івянцы, прымеркаваўшы яго да Дня абаронцаў Айчыны. Запрашэнне на яго атрымаюць яшчэ і спартсмены-аматары з Валожына і Ракава.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий