Першы хлопец на вёсцы

Общество

Адзін са старажытнарымскіх імператараў прыйшоў да вываду, што лепш быць першым у вёсцы, чым другім у Рыме. Цікава, а ці пагодзіцца з мудрацом ураджэнец Віцебска Максім Царанок, які ўжо год як “першы хлопец на вёсцы”?
У СВК “Манькаўшчына” малады спецыяліст з дыпломам ветурача Максім Царанок прыехаў па размеркаванню і адразу ж адчуў павышаную ўвагу да сваёй персоны з боку грамадскасці. Пачуцці, якія хлопец будзіў у мясцовых людзей, яўна былі з разраду жаласлівых. Максіма гэта забаўляла і здзіўляла. Ён не разумеў ды і зараз не разумее: вяскоўцы без асаблівага страху выпраўляюць сваіх сыноў і дачок у горад, дзе небяспекі куды больш, а вось за гараджаніна ў сельскай мясцовасці чамусьці вельмі хвалююцца. І хлопец пачаў мэтанакіравана даказваць, што быць гараджанінам (лічы “ні на што не здатным”) – не пажыццёвы прыгавор.
Жыхары Манькаўшчыны гадалі, наколькі часу хопіць у маладога ветурача аптымістычнага запалу. А той пакрысе абжываўся, знаёміўся з новымі людзьмі і старанна ўнікаў ва ўсе тонкасці прафесіі. Вяскоўцы і не заўважылі, як Максім стаў для іх не толькі “сваім” чалавекам, але і вельмі запатрабаваным спецыялістам. Да дваццацішасцігадовага гарадскога юнака зараз не грэбуюць звяртацца за парадамі сталыя людзі. Ён спрытна выконвае разнастайныя ветэрынарныя працэдуры, выязджае на экстранныя выклікі ў любую гадзіну дня і ночы. Магчыма, такую трывалую загартоўку Максім атрымаў дзякуючы сяброўству са спортам – шмат гадоў займаўся цяжкай атлетыкай. Зараз усе захапленні адсунуты на задні план – катастрафічна не хапае вольнага часу, нават да бацькоў у Віцебск выбіраецца не часцей чым раз у тры месяцы. “Затое кожная паездка становіцца сапраўдным святам! Здаецца, што нават мой любімы “Фольксваген-Гольф” нецярпліва “б’е капытом” і рвецца як мага хутчэй пашабуршэць калёсамі, – дзеліцца сваімі пачуццямі хлопец. – Але калі вяртаюся ў Манькаўшчыну, то адчуваю хваляванне, бы перад спатканнем з каханай дзяўчынай. Гэта мясціна стала роднай. Люблю і свой пакой у інтэрнаце для маладых спецыялістаў, умовы там нічуць не горшыя за гарадскія. Вось што папрасіў бы палепшыць у гаспадарцы, дык гэта матэрыяльную базу зоаветэрынарнай службы. У першую чаргу патрэбен аўтамабіль. Бывае, што выклікаюць у аддаленую вёску на складаны ацёл, трэба паспяшацца, а як дабрацца? Думаю, няма патрэбы тлумачыць, што добры гаспадар адчувае боль скацінкі, як свой уласны. Так што ў нейкай ступні ветэрынар лечыць не толькі жывёлу…”
Аб тым, якія якасці пераважаюць у характары чалавека, можна меркаваць па пародзе яго сабакі. Моцныя натуры, схільныя весці за сабой людзей, не завядуць у сябе балонку ці шпіца. У Максіма жыве нямецкая аўчарка з зусім медыцынскай мянушкай – Віта (лац. “жыццё”), ласкава – Вітамінка. Яна выдатна выдрэсіраваная, слухаецца толькі гаспадара і цярпліва чакае яго з работы. Такога сабаку можа дазволіць сабе трымаць чалавек упэўнены ў сабе і з даволі высокімі амбіцыямі. Амбіцыйнасць у маладым узросце – справа хутчэй станоўчая, чым шкодная. Максім не збіраецца супыняцца на дасягнутым і марыць прадоўжыць адукацыю, павысіць свой сацыяльны статус. Магчыма, праз некаторы час мы пачуем пра яго як пра вучонага ці таленавітага кіраўніка і будзем ганарыцца, што першыя крокі на шляху выдатнай кар’еры Максім зрабіў у нашым раёне.
Першае месца працы… У адных – паспяховае, у іншых – не вельмі. Але для кожнага чалавека яно назаўсёды застаецца ў сэрцы, як другая радзіма. І праз усё жыццё яно будзе нагадваць пра сябе ў снах, будзіць цікавасць: “Што там адбываецца, як ідуць справы ў маіх добрых знаёмых…”
Так што ты, Максім Царанок, ужо напалову наш, валожынскі, бо моцна павязаны з гэтай зямлёй нябачнымі ніцямі першых радасцей, першых поспехаў і першых перамог.

Алена ЗБІРЭНКА.
Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий