Прафесiя з флёрам рамантыкi…

Молодежный курьер

У асяроддзі масавага гледача прафесія кінамеханіка ахутана флёрам рамантыкі і загадкавасці. Кожны заўсёднік кінатэатраў хаця б раз ды і зірнуў з цікаўнасцю на маленькае акенца ў глухой сцяне пад столлю, з якога струменіць на экран мяккае святло.

 Памяшканне з яркім акенцам – кінаапаратная – сэрца кінатэатра. Староннім сюды ўваход забаронены. Тут знаходзіцца тое важнае абсталяванне, без якога дэманстрацыя фільмаў немагчыма.

 Яўгеній ЛІПАЙ – не толькі галоўны і адзіны кінамеханік у валожынскім кінатэатры “Юнацтва”, але і ва ўсім раёне. Спецыялісту ўсяго 21 год. Але ён ужо мае 7-ы – самы высокі – разрад кінамеханіка.

 Такую кваліфікацыю Яўгеній атрымаў дзякуючы выключным тэхнічным ведам. Ён асвоіў работу лічбавага кінасервера амерыканскай вытворчасці, вывучыў японскую відэапраекцыйную сістэму, прыстаўку-3D і іншае сучаснае абсталяванне, якім не так даўно аснасцілі “Юнацтва”.

 У тыдзень Яўгеній дэманструе ў сярэднім 15 фільмаў. У мінулым месяцы правёў 76 кінасеансаў. Колькасць фільмаў, паказаных гледачу за 2016 год, – 1037.

 Да з’яўлення ў кінатэатры новага высокатэхналагічнага абсталявання малады спецыяліст паспеў папрацаваць з кінапраектарам, які перадае малюнак і гук, запісаныя на кінастужцы.

 Спецыяльнасцю кінамеханіка Яўгеній авалодаў на курсах пры КУП “Мінаблкінавідэапракат”. Нягледзячы на такі юны ўзрост, прафесійны багаж у хлопца даволі значны. У Валожынскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі ён вывучыўся на электрыка, слесара і вадзіцеля. У Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М. С. Высоцкага асвоіў профіль арганізацыі перавозак і кіравання на аўтамабільным і гарадскім транспарце.

 Такія досвед і навыкі тлумачаць, чаму ў валожынскім кінатэатры без Яўгенія як без рук. Ён можа і вадзіцеля падмяніць, і стаць за пульт дыджэя падчас дыскатэк і свят, якія арганізоўваюцца ў “Юнацтве”. Дарэчы, апошні занятак не выпадковы. Музыка, у прыватнасці, ігра на электрагітары, – хобі юнака. Я. Ліпай некаторы час працаваў аператарам камп’ютарнага клуба пры кінатэатры. Наогул, любую тэхніку, будуць гэта аўтамабілі альбо ўльтрасучасныя лэптопы, Яўгеній ведае як свае пяць пальцаў. Ён выдатна разбіраецца ў рамонце стацыянарных камп’ютараў, наўтбукаў і мабільных тэлефонаў.

 Але не толькі складаныя механізмы і апаратура захапляюць яго. Яўгеній – заўзяты прыхільнік фаўны. Клопатам і ўвагай атуляе любімых хатніх гадаванцаў – сімпатычнага спаніэля і дзвюх шатландскіх аблавухіх кошак.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий