РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Працягваюцца Навагоднія і Калядныя дабрачынныя акцыі. Прадстаўнікі розных фондаў, устаноў, валанцёры робяць усё, каб дзеці не згубілі веры ў калядныя цуды. У нашым раёне дастаткова адрасоў, дзе дзеці ў гэтыя дні найбольш маюць патрэбу ва ўвазе. Гэта сацыяльны прытулак, дзіцячае аддзяленне райбальніцы, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат, Чэхаўшчынская дапаможная школа-інтэрнат, адзіны дзіцячы Дом сямейнага тыпу, аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў і інш.

    Напярэдадні святаў у сацыяльным прытулку дзяцей заставалася нямнога. Іх запрашалі на навагоднія прадстаўленні ў РЦК, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Кожны атрымаў не менш, чым па пяць салодкіх падарункаў, некаторыя за ўсё сваё жыццё не бачылі столькі цукерак і іншых ласункаў, цацак і канцтавараў. Маладыя валанцёры з Мінска прывезлі кожнаму імянныя падарункі, якія дзеці прасілі ў Дзеда Мароза. Самы старэйшы выхаванец марыў пра наручны гадзіннік, астатнія – пра машынкі з пультавым кіраваннем. У рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”, якую аб’явіла Рэспубліканская піянерская арганізацыя, прынялі ўдзел піянерскія дружыны нашага раёна. Былі сабраны значныя сумы: па 200 рублёў здалі гімназія і Ракаўская СШ, па 150 рублёў – СШ № 1 і Пяршайская СШ, 110 рублёў – Суднікаўская СШ і г. д. На гэтыя грошы закуплены 17 падарункаў для выхаванцаў прытулку і карэкцыйнага цэнтра. Многія піянерскія дружыны павіншавалі дзяцей-інвалідаў, якія пражываюць у іх мясцовасці.

  Перад новым годам дзіцячы сад № 3 “Пралеска” ў райцэнтры атрымаў шыкоўныя падарункі.

    Ад ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” ў дашкольнай установе з’явіўся новы халадзільнік-маразільнік “Атлант”, ад РУП “Валожынскі жылкамунгас” – прынтар, ксеракс і сканер (тры ў адным).

Ракаўскі сельвыканкам выдаткаваў больш за 10 тысяч рублёў на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячай дашкольнай установы аграгарадка. Мэбля, гульнявое абсталяванне і спартыўныя трэнажоры з’явяцца тут на працягу бягучага месяца.

9 студзеня пачнецца трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Зыходзячы з працэнтнага выканання работ на раённым этапе, у каманду нашага раёна ўвайшлі 15 вучняў з розных школ.

    Іспыты будуць праходзіць некалькі дзён на базе навучальных устаноў у розных гарадах Міншчыны. Школьнікі раёна прымуць удзел у алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры, англійскай мове, хіміі, гісторыі, фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы, геаграфіі.

У апошнія дні мінулага года значна абнавіўся машынны парк раённай бальніцы. Усяго ў ім налічваецца 8 машын “хуткай дапамогі”.  І вось цяпер з’явіліся тры новыя аўтамабілі “ГАЗ 32-21” класа “А”.

    З раённага бюджэту выдаткавана 103 тысячы 792 рублі на набыццё двух спецыялізаваных аўтамабіляў. Яшчэ адна “Газэль” набыта пры садзейнічанні Ракаўскага сельвыканкама, які выдзеліў 52 тысячы 956 рублёў. Машына прапісалася на падстанцыі Ракаўскай участковай бальніцы.

У Беларусі 118 адміністрацыйных раёнаў, і кожны з іх непаўторны перш за ўсё з прыроднага пункту гледжання. Але толькі ў трох з іх ёсць свая птушка-сімвал.

    У Слуцкім раёне гэта ўсходні салавей, у Міёрскім – шэры журавель. Нагадаем, што ў 2016 годзе, дзякуючы новаму праекту ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” птушка-сімвал з’явілася і ў нашага раёна. Ім стаў зімародак. Арганізацыя выпусціла маляўнічую брашуру-даведнік з пакрокавай інструкцыяй, як выбраць птушку-сімвал. У яе аснове ляжыць абагульнены вопыт нашага раёна. Ён прапаноўваецца як мадэльны ў агульнанацыянальным маштабе.

Напярэдадні новага года быў прэзентаваны маляўнічы каляндар на 2017 год, чые старонкі ўпрыгожылі малюнкі пераможцаў конкурсу ілюстрацый польскай паэзіі для дзяцей. Ён быў арганізаваны Пасольствам Польшчы ў Беларусі і Мінскім гарадскім аддзелам грамадскай арганізацыі “Польска Мацеж Школьна”.

    З 89 работ, дасланых на конкурс, былі адабраны 13. На вокладцы календара змешчаны малюнак  вучаніцы 9 класа валожынскай СШ № 1 Дзіяны Барбашынскай (ілюстрацыя да верша “Можа быць” Ст. Дабравольскага). Дадаткова адзначаны яшчэ 5 конкурсных работ. У іх ліку твор другакласніка гэтай жа школы Арсенія Жука (ілюстрацыя да верша “Кастрычнік” Апалінарыя Насальскага).  З юнымі мастакамі працуе выкладчыца Юлія Гісіч.



Добавить комментарий