Баксёр, слон, скрыпка, арлекін і нават лесаруб-дыктатар – гэта толькі частка арыгінальных назваў экзатычных насякомых, прадстаўленых на выставе ў Валожынскім краязнаўчым музеі.
Энтамалагічная калекцыя належыць віцебскаму прадпрымальніку. У Валожыне падзівіцца на заморскіх экзотаў можна будзе да 1 лютага.
Шырокая экспазіцыя дэманструе ўнікальных членістаногіх з усіх куткоў зямнога шара – ад Канады да Аўстраліі. Каробкі з калекцыйнымі казуркамі змешчаны на 51-м стэндзе, дзе можна азнаёміцца з карыснай інфармацыяй пра асаблівасці кожнага экзэмпляра. Напрыклад, даведацца, што жук насарог-галавач здольны праляцець больш за 50 км без прыпынку і перасунуць груз, які ў 850 разоў перавышае яго ўласную вагу. Прачытаць, што “дзённы сабачка”, які спявае ў распаленую спёку, – гэта цыкада з лясоў Усходніх ЗША. Адкрыць, што Залаты апельсін зусім не сакавіты фрукт, а самы буйны азіяцкі матылёк-бялянка.
Выстава папулярная ў школьнікаў. Бо менавіта тут ёсць магчымасць бліжэй разгледзець экзотаў, знаёмых з падручнікаў біялогіі: майстроў камуфляжу – палачнікаў, імператарскага скарпіёна, белакаленнага павука-птушкаеда і вялікі атрад цвердакрылых.
Шматлікія экспанаты – гіганты свету насякомых. Напрыклад, палачнік Німфа джунгляў з Малайзіі – велічынёй з далонь дарослага чалавека.
Самая эфектная частка збору – буйныя матылькі разнастайных колераў: ад жоўта-аранжавага да бірузовага. Матылёк-ліхтаршчыца з трапічных лясоў Мексікі здзівіць сваёй галавой, выцягнутай у доўгі конус, што нагадвае хобат слана. Прыцягне позірк Паўлінавочка Атлас – самы вялікі матылёк у свеце, якога ў Індыі разводзяць для атрымання шаўковай ніткі, а на Тайвані яго коканы служаць замест кашалькоў.
Алена ПАШКЕВІЧ,
фота аўтара