22-23 снежня ў Мінску ў рамках спартакіяды ДЮСШ прайшло першынство Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2000-2001 і 2002-2003 гадоў нараджэння. Для нашай каманды гэта былі вельмі адказныя старты, якія падводзілі вынік усяго года.
І трэба сказаць, што выхаванцы івянецкіх трэнераў А. Чарняўскага і А. Паталей не падвялі. Аляксандр Сяўрук двойчы святкаваў перамогу. Юнак заняў першае месца на дыстанцыях 1500 і 800 метраў. Яго сябар па камандзе Арцём Чупрыс паказаў другі вынік на дыстанцыі 1500 метраў.
Трэці вынік на дыстанцыі 1500 метраў з перашкодамі паказалі Крысціна Ламака і Вераніка Карачун. Двойчы на п’едэстал гонару падымалася Ксенія Каласоўская. Дзяўчына фінішыравала другой на дыстанцыі 1500 метраў з перашкодамі і была трэцяй на дыстанцыі 300 метраў. А другі вынік на гэтай дыстанцыі – на рахунку Надзеі Каландаравай.
***
23 снежня ў Жодзіне праходзіў адкрыты абласны калядны турнір па самба.
Выхаванец аддзялення дзюдо ДЮСШ Кірыл Рынкевіч у вагавой катэгорыі да 35 кілаграмаў стаў бронзавым прызёрам.
***
23-24 снежня на базе гімназіі № 1 нашага горада праходзіў Калядны турнір па баскетболе сярод юнакоў 2002 года нараджэння. У ім прынялі ўдзел пяць каманд з Валожына, Маладзечна, Ліды, Смаргоні і Вілейкі. Гульні праходзілі па кругавой сістэме.
Першае месца – на рахунку каманды Валожына, якая атрымала чатыры перамогі над сапернікамі. Другое месца заваявалі баскетбалісты са Смаргоні, трэцяе – з Ліды. Пераможцам і прызёрам уручаны медалі і граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
***
Напярэдадні новага года 65-гадовы юбілей адсвяткаваў ветэран спорту, жыхар райцэнтра, Валерый Гаспарэвіч.
З гэтай нагоды ветэраны спорту правялі турнір па міні-футболе ў зале ДЮСШ. З лікам 5:5 перамагла дружба.
Ад Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў фізічнай культуры і спорту юбіляру ўручылі грашовую прэмію, ад раённай арганізацыі старшыня М. Рабцаў падарыў яму сімвалічны сувенір – капілку.
Наталля ШТЭЙНЕР