РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі

Общество

Завяршаецца дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, што пачалася напярэдадні новага года. Разнастайныя падарункі атрымалі не толькі дзеці, якія знаходзяцца ў дзяржаўных установах рознага профілю, выхоўваюцца ў апякунскіх сем’ях, але і асобныя сем’і па ўсёй рэспубліцы, якія маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы.

    Нечаканыя госці завіталі і ў мнагадзетную сям’ю Ірыны Леанідаўны Камаровай, што пражывае ў аграгарадку Доры. Начальнік Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Валерый Мікалаевіч Верамейчык разам са сваімі падначаленымі прывезлі жанчыне, якая адна выхоўвае пяцёра дзяцей, жыццёва неабходную рэч – пральную машыну-аўтамат.  Кожнаму з дзетак мінскія госці ўручылі вялізныя пакункі з цукеркамі, а яшчэ напоўнілі халадзільнік разнастайнымі прадуктамі, многія з якіх тыя пакаштавалі ўпершыню.

Валожынская дзіцячая бібліятэка ў мінулым годзе налічвала 2718 чытачоў, якія бралі кнігі на абанеменце і наведвалі чытальную залу. За год яны прачыталі амаль 35 тысяч кніг, часопісаў і газет.

    У параўнанні з папярэднім годам наведвальнікаў бібліятэкі пабольшала. І таму,  што дзеці па-ранейшаму любяць чытаць, і за кошт таго, што быў адкрыты пункт выдачы кніг у дзіцячым садку № 3 райцэнтра. Работа з дашкольнікамі працягнецца і сёлета, аналагічныя пункты работнікі бібліятэкі мяркуюць аформіць і ў іншых дашкольных установах горада. А фармуляр за № 1 сёлета дастаўся вучаніцы 4 класа гімназіі, актыўнаму члену літаратурнага клуба “Кругагляд” Машы Жамоздзік. Летась дзяўчынка прачытала больш за 200 кніг. Увогуле, у першы рабочы дзень года ўстанову наведалі больш за 30 чытачоў. Кожнаму з іх былі ўручаны маляўнічыя наклейкі. Адбылося таксама арганізацыйнае пасяджэнне літаратурнага клуба. Хлопчыкі і дзяўчынкі абмяркоўвалі планы на год, для іх была падрыхтавана навагодняя віктарына, накрыты салодкі стол. Увогуле, у дні канікулаў праведзена шмат цікавых мерапрыемстваў. Бібліятэкары знаёмілі юных наведвальнікаў з навагоднімі і каляднымі традыцыямі розных краін свету, расказвалі, адкуль пайшоў рытуал упрыгожвання ёлкі, гісторыю з’яўлення навагодніх персанажаў. Падчас традыцыйнай акцыі “Дапаможам птушкам зімой” пазнаёмілі чытачоў з птушкай 2017 года – чубатым жаўруком, паказалі фільм пра птушак, якія застаюцца на зімоўку ў Беларусі. Яшчэ адно мерапрыемства прысвячалася бяспечным Новаму году і канікулам.

4 студзеня ў Рэспубліканскім нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў ХХ Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”.

    У складзе дэлегацыі ад нашага раёна было 10 школьнікаў, актыўных удзельнікаў аб’яднанняў па інтарэсах і гурткоў у школах і Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Дыплом I ступені быў уручаны вучаніцы гімназіі Мілане Рэўт (педагог Н. М. Яблонская). Дыплома III ступені ўдастоена работа члена аб’яднання па інтарэсах “Чароўныя ўзоры” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Веранікі Віршыч (кіраўнік Т. І. Лужынская).  Падлеткі мелі магчымасць пазнаёміцца з работамі таленавітых дзяцей з усіх куткоў рэспублікі, прадстаўленымі на выставе. У той дзень яны наведалі таксама спектакль тэатра Беларускай арміі “Снежная каралева”.

У  2016 годзе 35 урачоў і 50 сярэдніх медыцынскіх работнікаў прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі. Яшчэ 4 урачы прайшлі навучанне сумежным спецыяльнасцям.

    Тэрапеўт Анастасія Міхайлаўна Сіняўская прайшла перападрыхтоўку па дэрматавенералогіі, загадчык аддзялення “Хуткай дапамогі” райбальніцы Ілля Алегавіч Гямбіцкі прайшоў навучанне ўльтрагукавой дыягностыцы, урач-тэрапеўт участковы Ганна Уладзіславаўна Вількевіч – перападрыхтоўку па  агульнай урачэбнай практыцы, а тэрапеўт паліклінікі Антон Віктаравіч Дубінка – навучанне па эндаскапіі. Сумежнымі спецыяльнасцямі – хірургія, анестэзіялогія і дыеталогія – авалодалі 3 сярэднія медработнікі. З 9 студзеня 3 урачы і 1 медсястра адправіліся на курсы павышэння кваліфікацыі. Да канца месяца на курсы паедуць яшчэ 9 урачоў і 3 медсястры. Курсы звычайна працягваюцца ад 2-х  тыдняў да месяца.

За мінулы год на тэрыторыі раёна адбылося 46 пажараў. У агні загінулі 5 чалавек.

    Трагічна ў гэтым сэнсе пачаўся новы год. 4 студзеня ў 11.36 ад дзяжурнага РАУС у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне аб задымленні драўлянага дома па вуліцы Садовай у вёсцы Суднікі. Задымленне назіралася, і калі на месца прыбыло аддзяленне ПАВП-16 з Івянца. Пасля таго, як выратавальнікі праніклі ў дом, на падлозе выявілі яго гаспадара. Мужчына 1956 года нараджэння ўжо не падаваў прыкмет жыцця. Як выявілася, пенсіянер пражываў адзін,  вяскоўцы і родныя загінуўшага сцвярджалі, што ён ужываў спіртное, курыў у ложку. Ля ложка і на тумбачцы было шмат акуркаў. Праводзіцца расследаванне. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём.



Добавить комментарий