Агляд падзей у раённай газеце за студзень 1972 года

novaya_informaciya

ВЯСНЕ НАСУСТРАЧ

    Яшчэ восенню ў саўгасе “Падбярэззе” правялі неабходны рамонт навясных і прычапных плугоў, сеялак, ільномалацілак.

     Камбайны і іншыя сельскагаспадарчыя машыны паставілі на калодкі, маторы іх абцягнулі брызентавымі чахламі. Правялі змазку непафарбаваных дэталей. У гаражы і майстэрні поўны парадак.

    Цяпер у майстэрні шафёры Фелікс Сямёнавіч Пупа і Фёдар Мікалаевіч Махін рамантуюць свае аўтамашыны. Кавалі прыводзяць да ладу бароны і іншы інвентар.

    Вялікую дапамогу механізатарам аказвае механік калгаса Віктар Уладзіміравіч Бразоўскі. Заўсёды дасць параду, а калі спатрэбіцца, сам, як кажуць, закасвае рукавы.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

    Даяркі Капусцінскай малочнатаварнай фермы калгаса імя Суворава ў першыя дні студзеня дабіваюцца значнай прыбаўкі малака. Так, Ніна Меньшых ад кожнай каровы сваёй групы давяла сутачны надой да 4 кілаграмаў. Павысіла надоі лепшая даярка фермы Наталля Шакун. Ад кожнай дойнай каровы яна атрымлівае звыш шасці кілаграмаў малака. Перадавая даярка вырашыла сёлета надаіць па 3200 кілаграмаў малака ад кожнай каровы сваёй групы.

    12 гадоў аддаў сваёй справе сталяр Валожынскага камбіната бытавога абслугоўвання Аляксандр Сямёнавіч Жук. Выдатны спецыяліст выконвае найбольш адказнае заданне – зборку мэблі. На гэтай аперацыі ён забяспечвае выкананне вытворчага задання на 120-130 працэнтаў, пры высокай якасці работы. Спаборнічаючы за датэрміновае выкананне пяцігодкі, Аляксандр Сямёнавіч павышае сваё майстэрства. Ён – ударнік камуністычнай працы.

    На базу раённага аб’яднання “Сельгастэхнікі” паступіла 26 новых зернеўборачных камбайнаў. Па адным ужо адпраўлена ў калгас “Праўда” і саўгас імя Маякоўскага.

    Балоты стануць урадлівымі! За пяцігодку ў нашым раёне будзе асушана сем тысяч гектараў пераўвільготненых зямель. Культуртэхнічныя работы плануецца правесці на плошчы амаль у дзевяць тысяч гектараў. Гэта рэзервы павелічэння вытворчасці збожжа, умацавання кармавой базы.

    У памяшканні выканкама Сакаўшчынскага сельскага Савета адбылася ўрачыстасць. Дзве пары зарэгістравалі свой шлюб – шафёр аўтабазы № 14 Іван Круглік і рабочая маслазавода Марыя Бітэль, шафёр Каліноўскага спецаддзялення “Сельгастэхнікі” Іван Чарняй і прадавец валожынскага гастранома Марыя Троцкіх.

    Нягледзячы на маразы, на вывазцы тарфакрошкі па 6-7 рэйсаў у дзень паспяваюць зрабіць з торфаўрочышча “Беразінскае” да жывёлагадоўчых ферм і на палі калгаса “17 верасня” трактарысты Антон Пятровіч Кербіч, Віктар Якаўлевіч Радына, Іван Уладзіміравіч Лоўчы. Асаблівым стараннем вызначаецца і Яўген Мікалаевіч Бубневіч.

    Добра папрацавалі рабочыя Валожынскага лясніцтва ў мінулым годзе. Было нарыхтавана і ачышчана 25 тон яловых і сасновых шышак.

    У Пяршайскай СШ прайшло адкрыццё зімовага спартыўнага сезона па лыжным спорце. Удзельнічалі ў ім вучні 8-10 класаў. Дзяўчаты стартавалі на дыстанцыі 3 кіламетры, а юнакі – 5 кіламетраў. Сярод дзяўчат першае месца ў вучаніцы 10 класа Марыны Супрон.

    Усяго на некалькі секунд адстала ад сяброўкі Тамара Жук. У Чаславы Супрон – трэцяе месца. Шчаслівай была лыжня для 10-класніка Уладзіміра Пупко, вучняў 9 класа Івана Дзянісіка і Валерыя Шэўчыка.

РЭЙСЫ ЎРАДЛIВАСЦI 

    Першая брыгада калгаса “Вершы шлях”. Над палеткамі не змаўкае гул трактарных матораў.

    З восені тут ідзе баявая работа – нарыхтоўка і вывазка торфагноевых кампостаў. Спяшаюцца хлебаробы, спяшаецца і брыгадзір Сцяпан Вікенцьевіч Валента нарыхтаваць больш угнаенняў на палі сваёй брыгады. І работа спорыцца. На поле ўжо вывезена 2350 тон арганікі. Штабелі кладуцца па 500 тон. У разліку на кожны гектар ворнай зямлі нарыхтавана па 12,5 тоны арганічных угнаенняў.

    На вывазцы амаль кожны дзень працуе не менш за чатыры трактары. Паміж механізатарамі вядзецца спаборніцтва за хутчэйшае выкананне планавых заданняў. Лепшых вынікаў у рабоце дабіліся трактарысты Вячаслаў Антонавіч Залатар і Тадэвуш Сяргеевіч Казёл, якія за дзень вывозяць не менш за 18 тон арганікі.

ДЛЯ ПАЦЕХI ЧАС!

    Рабочаму чалавеку сёння мала ключа або малатка. Яго вабіць творчасць Талстога і Шолахава, музыка класікаў і сучасных кампазітараў, мастакоў.

    Даволі інтэнсіўна выкарыстоўвае свой вольны час сям’я Аляксандра Бухарава, шафёра “хуткай дапамогі” цэнтральнай раённай бальніцы. У раённай бібліятэцы ён сам і яго жонка вельмі частыя госці. Любоў да кнігі прывілі яны і сваёй дачцэ Ларысе. Самыя актыўныя сябры кнігі – рабочая камбіната бытавога абслугоўвання Вольга Жыгімонт, выкладчыца музыкі ў дзіцячым садзе № 1 Валянціна Саўчыц, медсястра цэнтральнай бальніцы Ірына Шэстка.

    Усяму гораду вядомы імёны фотааматараў, членаў клуба “Геліяс” Віктара Котава, Валерыя Хахлова, Уладзіміра Труса.

    Ужо даўно заваяваў славу ў жыхароў раёна калектыў мастацкай самадзейнасці “Альтаір” пад кіраўніцтвам Генадзя Лукашыка. Яго ўдзельнікі ў асноўным – моладзь. Гэта і электраманцёр міжкалгасбуда Жэня Васільеў, і настаўнік валожынскай школы № 1 Віктар Налецкі, і эканаміст райінспектуры ЦСУ Мікалай Трус, і рабочая друкарні Люда Прывал. Гэтых людзей аб’ядноўвае энтузіязм, кіпучая энергія. Што і дазваляе ім амаль два разы ў тыдзень выязджаць у сельскія клубы раёна з канцэртамі, праграма якіх заўсёды змястоўная і цікавая.

    Аднак, на жаль, ёсць яшчэ і такія таварышы, хто ўсю суботу і нядзелю “забівае казла”, а то з раніцы прыкладзецца да спіртнога.

СЯБРУЕМ З БАЛГАРЫЯЙ

    У піянерскіх дружынах школ створаны клубы, куткі інтэрнацыянальнай дружбы.

    З цікавасцю перапісваюцца рабяты са сваімі равеснікамі – піянерамі Казахстана, Грузіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, ГДР, Балгарыі. А дружына імя В. Церашковай Пяршайскай СШ вывучае гісторыю ўтварэння ў Балгарыі піянерскай арганізацыі імя Дзмітрава.

    Кемлівасцю, фантазіяй, маладым запалам вызначаюцца важатыя – камсамольцы, што працуюць у піянерскіх атрадах. Сярод іх – Таня Шалабада, Аляксандр Мацкевіч, Марыя Серафімовіч, Таня Давыдава, Оля Яцына і іншыя.

ШЭФЫ – ЦIМУРАЎЦЫ

    Цімураўская каманда ў Гародзькаўскай СШ робіць шмат карысных спраў. Піянеры і акцябраты дапамагаюць старэйшым, шэфствуюць над пенсіянерамі.

    В. Ф. Смолік і А. П. Сівец – дзве пажылыя пенсіянеркі. Іх сябры – піянеры-цімураўцы. Ніколі не трэба прасіць аб дапамозе Веру і Колю Карповічаў – цімураўцаў з вёскі Ганькавічы. Яны заўсёды ведаюць, што трэба рабіць, чым дапамагчы Альжбеце Пракопаўне. Соня Станкевіч і Лена Сліж часта наведваюць у Гародзьках Вольгу Францаўну. Піянеры і дроў прынясуць, і сечкі нарэжуць для каровы. Пенсіянеры шчыра ўдзячны цімураўцам за іх клопат аб старых людзях.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars