Матуля любая, старонка дарагая…

Культура

Валянціна Гіруць-Русакевіч

*   *   *

Матуля любая, старонка дарагая,

Дазволь схіліць з удзячнасцю калені

За кожны год і дзень, і за імгненне,

Што тут, у гэтым краі, пралятае.

Дазволь узнесці светлую малітву

За кожны ўздых з табой Святому Небу,

За тое, што не за сваю прашу патрэбу

Усявышняга, а каб табе паслаў Ён літасць.

Табе, мая прасветлена святая,

Абмытая вадзіцаю крынічнай,

Як самай яркай зорцы, а не знічцы,

Што падае, —  я веру й прысягаю.

Ты не ўпадзеш, а будзеш палымнецца

Усё ярчэй, праменнямі любові

Асвечваць шлях і клікаць Родным Словам,

І наталяць ім нашы душы, сэрцы.

Усявышні! Зберажы маю Радзіму

Ад хціва-неразумнага, ліхога,

Каб годнай, светлаю была дарога

Яе, Матулі любае, адзінай.

Дазволь яе палеткаў быць пяшчынкай,

Крыніцы кропляй, ноткаю ў песні,

Што льецца над зямлёй парою весняй,

Любові полымя — хаця б іскрынкай…

І разам з тым быць вольнай гордай птушкай

У гэткім вольнам, гордым, годным краі,

Якому ў вернасці, у любові прысягаю,

Як маці любае ўдзячная дачушка.



Добавить комментарий