РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Раённы конкурс прафесіянальнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года – 2016” стартаваў у лістападзе мінулага года. У кожнай установе адукацыі прайшлі адборачныя туры, па выніках якіх была вызначана адна кандыдатура для далейшага ўдзелу ў конкурсе.

На першы тур было пададзена 19 заявак. У аддзеле адукацыі вызначылі журы па прадметных намінацыях: беларуская мова і літаратура, замежныя мовы, матэматыка, працоўнае навучанне – музыка, пачатковыя класы і выхавальнік дашкольнай адукацыі. На гэтым этапе ад канкурсантаў патрабавалася прадставіць апісанне вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці на агульную тэму  “Вучыць дзяцей вучыцца” і відэаўрок альбо відэазанятак (для дашкольнікаў). Прайшоўшыя ў другі тур, давалі майстар-клас для калег, праводзілі ўрок ці занятак у незнаёмай аўдыторыі, прэзентавалі вопыт уласнай педагагічнай дзейнасці. У фінал, які прызначаны на канец студзеня, выйшлі 5 удзельнікаў: настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 Валожына Надзея Анатольеўна Баркоўская, настаўніца матэматыкі Івянецкай СШ Аксана Аляксандраўна Русовіч, настаўніца пачатковых класаў Дорскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Таццяна Іосіфаўна Сірыдзінская, выхавальніца ясляў-сада “Лесавічок” г. п. Івянец Кацярына Мікалаеўна Мазанік і яе калега з ясляў-сада № 3 “Пралеска” райцэнтра Ганна Аляксандраўна Ліштван.

Таварыства Чырвонага Крыжа – адна са старэйшых дабрачынных арганізацый краіны. Як самастойна, так і ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі арганізацыямі, яна праводзіць мерапрыемствы па ахове жыцця і здароўя людзей, падтрымцы іх у цяжкіх жыццёвых сітуацыях, аказвае матэрыяльную дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Крыніцы фінансавання арганізацыі – дабравольныя ахвяраванні насельніцтва і арганізацый розных форм уласнасці.

У нашым раёне створаны 29 пярвічных арганізацый Таварыства. У мінулым годзе план па зборы членскіх узносаў складаў 8 тысяч рублёў. Сабрана было 7 тысяч 412 рублёў 03 капейкі, што склала 92,65 % ад запланаванага. Чацвёртая частка ўзносаў паступіла ад калектыву райбальніцы – 2 тысячы 29 рублёў. Значныя сумы ахвяравалі Івянецкая СШ, Чэхаўшчынская дапаможная школа-інтэрнат, гімназія № 1, СШ № 1 райцэнтра, Ракаўская і Гародзькаўская СШ, РАНС,  філіял Маладзечанскага малаказавода, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

26 снежня мінулага года на Іерусалімскім фестывалі яўрэйскага кіно адбылася прэм’ера дакументальнага фільма рэжысёра Барыса Мафцыра “Да апошняга кроку”, які расказвае пра Катастрофу і супраціўленне яўрэяў Беларусі падчас нямецка-фашысцкай акупацыі. Гэты фільм можна паглядзець на youtube.com

Рэжысёр здымаў фільм-успамін пра Катастрофу свайго народа. Першыя кадры расказваюць пра знішчэнне 2000 ахвяр Вішнеўскага гета нядзельным ранкам 30 жніўня 1942 года. У той дзень перастала існаваць яўрэйскае Вішнева. Падчас карнай акцыі загінула і сям’я Шымона Перэса. Сваімі ўспамінамі дзеліцца мясцовы жыхар Зянон Пудакевіч. Далей шлях рэжысёра пралягаў праз Мінск, Малы Трасцянец, Брэсцкую вобласць, Нясвіж, Глыбокае і іншыя рэгіёны Беларусі. У фільме верш “Лес і Ружа” на іўрыце чытае гаспадар аграсядзібы “Марцінова Гусь” Алесь Белы як захавальнік яўрэйскай памяці Налібоцкай пушчы, дзе да 1944 года дзейнічаў яўрэйскі партызанскі атрад Бельскага.

Штогод праводзіцца Рэспубліканскі конкурс “Энергамарафон”, і кожны раз усё складаней прымаць у ім удзел, знайсці сваю нішу і сваю тэму. У гэтым навучальным годзе на раённы этап конкурсу было прадстаўлена 19 вучнёўскіх работ у дзвюх намінацыях з чатырох. Даслалі іх з 10-і ўстаноў адукацыі.

На абласны этап адпраўлены 6 работ у намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” (плакат, відэаролік, малюнак, лістоўка). Сярод іх – тры работы вучняў гімназіі, таксама валожынскай СШ № 1 і Ракаўскай СШ.

Заўтра, 14 студзеня,  на тэрыторыі абласной спартыўна-аздараўленчай базы “Галактыка” ля Ракава адбудзецца спартыўнае свята, прысвечанае Сусветнаму дню снегу.

Прадстаўнікоў усіх раёнаў Міншчыны чакаюць лыжныя спаборніцтвы, мноства спартыўна-забаўляльных конкурсаў з прызамі. Святочную атмасферу будуць ствараць калектывы мастацкай самадзейнасці нашага раёна. Сваё прафесіянальнае майстэрства прадэманструюць работнікі гандлю райспажыўтаварыства. У свяце прымуць удзел вучні Яршэвіцкай, Пугачоўскай і Ракаўскай школ, прадстаўнікі працоўных калектываў раёна.



Добавить комментарий