КАМПРАМIС – ПА ЎСIХ ПЫТАННЯХ

Общество

Магчымасцю трапіць на прыём грамадзян, які правёў у паслясвяточныя дні для валожынцаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Станіслававіч Маркевіч, скарысталіся тыя, каму сапраўды была неабходна дзейсная дапамога на высокім узроўні. Такіх аказалася 4 чалавекі.

Дзве жанчыны – жыхаркі дома № 4 па вуліцы Савецкай райцэнтра – наведаліся да Івана Станіслававіча па адных і тых жа пытаннях: атрымаўся своеасаблівы калектыўны зварот. Зрэшты, гэта недалёка ад праўды, бо прасілі яны ад імя жыхароў усіх 12-і кватэр. Даху патрабуецца рамонт: вада, якая трапляе туды ў выглядзе ападкаў, льецца па сценках і паступова разбурае будынак. Ды і стан балконаў прымушае жадаць лепшага. Адказ гараджанкі атрымалі прама на месцы. На прыёме, якія І. С. Маркевіч традыцыйна праводзіць разам з прадстаўнікамі службаў і ведамстваў, прысутнічаў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Анатоль Аліеў. Ён і паведаміў, што сёлета ў рамках бягучага рамонту будзе выкананы агляд, і па яго выніках пачнуцца аднаўленчыя работы на адлівах, вадасцёках, выканаюць і тынкоўку вонкавых сцен.

Другое пытанне жанчын таксама насіла грамадскі характар. Іх жыллё дагэтуль не газіфікавана. Гэта таксама рэальна зрабіць, але з прыцягненнем уласных сродкаў грамадзян. Згодна з дзеючым заканадаўствам, жыхарам дома не трэба ствараць кааператыў, такая ўмова дазваляе зэканоміць значную суму. Прадугледжана і крэдытаванне. Іван Станіслававіч даў даручэнне службам удакладніць, ці ёсць праект на газіфікацыю ўказанага жылога аб’екта, а таксама правесці ў сціслыя тэрміны сход жыхароў, на якім неабходна падрабязна растлумачыць усе аспекты сітуацыі і сумесна прыняць канчатковае рашэнне.

Яшчэ адна жыхарка райцэнтра прыйшла да дэпутата парламента па асабістай просьбе. А ў апошняй наведвальніцы праблема аказалася неадназначная, у яе сутнасці разбіраліся дастаткова працяглы час. І. С. Маркевіч прапанаваў два варыянты вырашэння спрэчнага пытання. Заяўніца застанецца ў выйгрышы, які б з іх не абрала.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий