ЛЮБУЮ СПРАВУ ЗДОЛЕЕ, АСIЛIЦЬ

Культура

Памяшканне ў аўтапарку № 14, дзе слесар-электрык Віктар Мікалаевіч ЖЭКА праводзіць большую частку свайго працоўнага дня, пазбаўлена казёншчыны.

     Тут, у царстве халоднага металу, пахне мазутам, стаіць шум ад станкоў. Але маляванае пано, якое займае ледзь не ўсю сцяну, пераносіць у цішу бярозавага гаю, залітага сонечным святлом. Каля падножжа карціны месціцца невялічкі басейн з дзеючым фантанам. Палюбавацца на булькочучы празрысты струмень можна, прысеўшы на адно з чатырох крэслаў, якія зграбна выразаны з цэльнага асінавага ствала. Масіўны круглы стол дыяметрам каля метра – частка дуба, спілаванага так, каб тры магутныя сукі ператварыліся ў трывалую падстаўку.

Вядома, работніка ў працоўным калектыве цэняць найперш за тое, як ён спраўляецца са сваімі прамымі абавязкамі. Тут у Віктара Мікалаевіча таксама ўсё ў парадку. Прафсаюзны лідар арганізацыі Аліна Антонаўна Мікалаеўская выказалася ў яго адрас так: “Гэта незаменны чалавек. Яму можна даверыць усё: вытачыць любую дэталь, ажыццявіць складаную зварку, абслугоўванне сантэхнікі і электраабсталявання, будаўніча-рамонтныя работы і нават догляд за садам ці высадку кветак на газоне. Мы паважаем яго і стараемся не крыўдзіць з заробкам, бо ведаем, што такому спецыялісту будуць рады на кожным прадпрыемстве”. “Без Жэкі затармазіла б у нас уся работа!” – дадае начальнік аддзела кадраў Васіль Аляксандравіч Граноўскі.

    …Ці заўважалі вы такую рэч: чым большы выбар цацак, тым меншая ў дзяцей да іх патрэба?

    Дзяцінства Віктара Мікалаевіча ЖЭКІ засталося ў тым далёкім часе, калі цацкі былі запатрабаваныя. Куплялі іх зрэдку, часцей яны ствараліся ўмелымі бацькоўскімі і матулінымі рукамі. Сын ці дачка падрасталі і ўжо самі вучыліся нешта майстраваць. Кожны хлапчук меў драўляны аўтамат, пісталет, рагатку ўласнай канструкцыі. Віця Жэка карыстаўся ў сябрукоў з роднай вёскі Жомайдзь аўтарытэтам – яго самаробны “арсенал” выгадна выдзяляўся і хараством, і падабенствам да арыгінала…

    Непрыкметна за плячыма засталіся тры гады Жомайдскай пачатковай школы, потым вучоба ў Філіпінятскай васьмігодцы. Пятнаццацігадовым юнаком пакінуў Віктар бацькоўскі дом, каб атрымаць спецыяльнасць электрыка ў Беразінскім прафтэхвучылішчы. На першым працоўным месцы выпускнік вучылішча паспеў затрымацца толькі на год, перад арміяй. Служыць яму выпала на Паўночным ваенна-марскім флоце, выконваў на караблі адказныя абавязкі радыёметрыста. Заўважыла камандаванне, што з тэхнікай хлопец выдатна ладзіць. За бездакорную службу яго і на пабыўку дадому адправілі пры першай жа магчымасці.

   Прайшло шмат часу, а суровае Запаляр’е і зараз не адпускае: прыходзіць у снах, выклікае жаданне пабываць там яшчэ раз.

    Пападарожнічаць Віктару Мікалаевічу так і не ўдалося, трымае работа, сям’я, бацькоўскі прысядзібны ўчастак, які сёлета, пасля смерці маці, зусім асірацеў. Апусцела шумная і вясёлая вёсачка Жомайдзь… Хтосьці, як яго сястра, жыве і працуе ў Мінску ці іншых буйных гарадах, многія перабраліся ў райцэнтр. Так зрабіў і Віктар Жэка. Пасля арміі ўладкаваўся слесарам-электрыкам у аўтапарк № 14, праз чатыры гады ажаніўся, пабудаваў кватэру, разам з жонкай выгадавалі дачку, дапамаглі ёй атрымаць вышэйшую медыцынскую адукацыю, не так даўно выдалі замуж. Здаецца, усё проста і звычайна. Але сказаць, што кожны дзень у Віктара Мікалаевіча падобны адзін на другі, нельга. А ўсё      таму, што гэты чалавек любіць прыгажосць і ўмее яе ствараць. Сталярныя работы, з якімі пасябраваў яшчэ ў дзяцінстве, сталі яго сапраўдным захапленнем. Для дому ён і палічкі арыгінальныя вытачыць, і дзверы зробіць, і драўляныя аздобы прыдумае. У яго руках ажывае і метал: са звычайнага меднага дроту нараджаюцца мазаічныя карціны, розныя статуэткі, забаўныя фігуркі.

    Вялікай заслугай В. М. Жэкі з’яўляецца і тое, што за сваё жыццё ён шмат каму перадаваў свой прафесіянальны вопыт. Кажа, што адразу можа распазнаць –будзе з вучня толк ці не. “Адзін цікавіцца, пытанні задае, просіцца за станком пастаяць, а іншы ніяк увагу засяродзіць не можа, наравіць убок адысці. Такому здаецца, што ўменне само сабой аб’явілася. Шкада чалавека, які не зведаў радасць ад працы рук сваіх, шчаслівы, хто з маленства з гэтым пачуццём пазнаёміўся…”

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара

 



Добавить комментарий