СIМВАЛ ЭПОХI – ЗОЯ МАКАРАЎНА ЗАДОРА

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA

Яе зорка ўзышла 85 гадоў таму, калі  4 студзеня 1932 года ў вёсцы Парэчча Аршанскага раёна на Віцебшчыне нарадзілася дзяўчынка Зоя Задора. А праз 50 гадоў у жанчыны з’явілася рэальная зорка Героя –  26 сакавіка 1982 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ёй было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.

Пісаць пра З. М. Задору нават з нагоды юбілею цяжка. Магчыма таму, што ведаю яе “сто гадоў”, сябрую з яе дзецьмі. Магчыма, таму, што з ёй сябраваў мой бацька, шмат пісаў як пра чалавека працы, Героя і як проста пра чалавека.

     Яны маглі гутарыць, бясконца жартаваць пры сустрэчах, затым часцей па тэлефоне. І напісаць лепш я наўрад ці змагу. А яшчэ і таму, што ўзрост, хоць і юбілейны, такі, калі людзі падводзяць вынікі, і наперадзе застаецца дзён, нават не гадоў, менш, і гэта сумна. І пачуцці непадуладны словам.

    …Сёння і сама Зоя Макараўна больш жыве ўспамінамі. Ёй адмераны доўгі век, пройдзены вялікі жыццёвы шлях, на якім яна пакінула значны след. Самы галоўны нажыты багаж – трое дзяцей, шасцёра ўнукаў і пакуль чатыры праўнукі. Чалавек працы, які практычна не ведаў водпускаў і адпачынку, цяпер мае для гэтага бясконца часу, бо ўсе жыццёвыя турботы ўзяла на сябе дачка Людміла, у сям’і якой у Ракаве жыве Задора сёння. Яна мае час для таго, каб чытаць, глядзець тэлевізар. На жаль, практычна не засталося сяброў-равеснікаў, усё часцей задумваецца, каму б можна было патэлефанаваць… Такія рэаліі, ад якіх нікуды не дзенешся.

    У дзень юбілею віншаванні былі пераважна ад родных. Прыехалі павіншаваць заслужанага чалавека намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік і начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі. А вось з гаспадаркі, якой аддала 35 гадоў жыцця, на жаль, віншаванняў Герой не дачакалася. Змяніўся ні адзін кіраўнік. Новыя людзі і іншыя часы… А яна столькі сіл аддала той зямлі і хлебу. У 20-гадовым узросце ўзначаліла брыгаду ў Анцэлеўшчыне і вывела яе ў перадавыя ў маштабах рэспублікі.

    Стаіць адзінока некалі адзін з самых заможных па тых мерках дом у вёсцы Анцэлеўшчына. Там увогуле сёння жывуць толькі тры чалавекі, як і ў большасці невялікіх навакольных вёсак. Раз у год, летам, дзеці абавязкова прывозяць Зою Макараўну на родны падворак. Значна часцей яна вяртаецца сюды ва ўспамінах, бяссоннымі начамі… Менавіта Анцэлеўшчыну лічыць сваёй радзімай. Сюды прыехала маладой выпускніцай сельгастэхнікума, тут спазнала сямейнае і мацярынскае шчасце. Улілася ў вялікую сям’ю Селівонаў. Тут выпякала свой знакаміты хлеб на кляновых лістах. Пасля вайны навучылася ў мясцовых жанчын. Колькі вядомых людзей каштавалі гэты чорны хлеб і запомнілі яго непаўторны смак назаўсёды. Колькі радкоў у артыкулах у вядучых беларускіх газетах прысвечаны яе хлебу! Хаця сама Зоя Макараўна сцвярджае, што шмат жанчын пяклі нягоршы, яе братавая Марыя, напрыклад. Магчыма, проста ў доме Селівонаў гасцей прымалі больш гасцінна, тут ім заўсёды былі рады. Можа бясконца ўспамінаць гістарычныя моманты са сваёй багатай біяграфіі, славутых людзей, з якімі наканавана было сустракацца.

     Пачынала сваю працоўную дзейнасць аграномам па льну Вішнеўскай МТС. З 1958 па 1993 гады працавала брыгадзірам паляводчай брыгады саўгаса “Падбярэззе”. Там у поўным сэнсе спазнала свой “зоркавы час”. На палях гаспадаркі з года ў год збірала высокія ўраджаі лёну, зерневых, караняплодаў, за што была ўдастоена ордэнаў і медалёў, а галоўнае – павагі вяскоўцаў. Зоя Макараўна неаднаразова была ўдзельніцай Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, мае залаты і два бронзавыя медалі гэтай выставы. Яна была дэлегатам ХХVII з’езда КПБ (1971 год) і ХХVI з’езда КПСС (1982 год).

   У адным з артыкулаў пра З. М. Задору я прачытала такія сугучныя маім думкам словы: “Из уходящего исторического поколения…” І гэта так. Але жыццёвы фініш у кожнага розны. І ніхто не ведае, які век яму адмераны. У старасці Зоя Макараўна агорнута сапраўднай любоўю і клопатам блізкіх. Цешаць яе душу праўнукі, асабліва першакласнік Глеб і малы Арцёмка, якія жывуць побач, яшчэ двое  праўнукаў жывуць далекавата – у Пінску. У праўнуках бачыць свой працяг і ведае, што жыццё пражыта недарма. А пажыць яшчэ хочацца, і ажаніць двух унукаў, і ўбачыць, якімі стануць праўнукі. Гэтага ёй жадалі ўсе. Здароўя Вам, Зоя Макараўна, светлага розуму, і да новых юбілеяў!

З любоўю і павагай –

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars