Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі

Общество

Летась у раёне назіраўся пік нараджальнасці. У радзільным аддзяленні раённай бальніцы з’явіліся на свет 278 немаўлят, больш, чым у 2015 годзе. А ўвогуле аддзелам ЗАГС у 2016 годзе зарэгістраваны 400 нованароджаных: 206 хлопчыкаў і 194 дзяўчынкі, з іх – тры двойні. У 2015 годзе нарадзіліся 328 дзяцей. Апошні раз 400 нованароджаных у раёне было ў 1998 годзе.

За першую дэкаду новага года ў радзільным аддзяленні зарэгістраваны 13 дзетак, пяцёра нованароджаных – хлопчыкі. А першай парадзіхай бягучага года стала жыхарка вёскі Баброўнікі Наталля Дабравольская. 1 студзеня яна нарадзіла сваё першае дзіця – дачушку.

 

Самымі папулярнымі мужчынскімі імёнамі, якія бацькі летась далі сваім нашчадкам, сталі Максім (17), Арцём і Мікіта (12), Кірыл (10). Да рэдкіх імён можна аднесці Ярамір, Леанард, Леў, Платон, Трафім.

Сярод жаночых імён пальму першынства ўтрымлівае Ганна (12), далей ідуць Марыя, Софія (11), Анастасія, Ксенія, Паліна (10). Гэтыя жаночыя імёны папулярны ўжо некалькі апошніх гадоў. Затое многія практычна сышлі ў нябыт. Летась толькі па адной дзяўчынцы атрымалі імёны Ірына, Надзея, Таццяна, Вольга. Затое на свет з’явіліся ажно дзве Ясеніі. Няўжо нехта з маладых маці яшчэ помніць той лацінаамерыканскі серыял?! Да экзатычных і рэдкіх імён можна аднесці таксама Аміна, Ясмін, Караліна, Віталіна, Эма, Эмілія, Адэліна, Сабрына, Аніта, Віялета, Малання.

8 студзеня ў Івянцы прайшоў 7-ы фестываль каляднай песні, арганізаваны айцамі-францішканамі. У зале гарпасялковага Дома культуры сабралася дастаткова жадаючых паслухаць інтэрпрэтацыю калядных песень у выкананні як малых, так і дарослых удзельнікаў.

Івянец годна прадставілі хоры парафій касцёлаў св. Міхала і св. Аляксея, вакальны гурт народнага агітацыйна-харэаграфічнага ансамбля “Журавінка”, маладзёжныя калектывы “Filii Dei” ды “Fishmac”, якія апякуюць айцы-францішкане. Канцэртная праграма не абышлася без івянецкіх скаўтаў: самыя наймаладзейшыя ўдзельнікі фэсту “ваўчаняты” з энтузіязмам выконвалі калядкі. Тэматычныя нумары падрыхтавалі малодшая група хору Івянецкай школы мастацтваў, дзіцячы хор парафіі касцёла св. Міхала, дзеці, што вывучаюць польскую мову, – “Perelki”. На свяце дастаткова было і гасцей. Выступалі гурт “Квінта” з Барысава, этнафальккалектыў “Сёмуха” з Мінска, дзіцячы хор “Spiewajace Serca” з Ліды. Напрыканцы музычная евангельская супольнасць “Ubi Caritas”, што аб’ядноўвае маладых спевакоў і музыкантаў з усёй краіны, паказала калядную праграму, дзе ўпершыню на беларускай мове загучалі англійскія і чэшскія калядкі. Усім удзельнікам фестывалю былі ўручаны памятныя дыпломы.

У аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ладзілася выстава-прэзентацыя сям’і Пачаевых “Свет нябесны на зямлі”.

Было прадстаўлена больш за 20 ікон, вышытых бісерам. Такая рукадзельніца-майстрыха Людміла Аркадзьеўна Пачаева жыве ў Валожыне. Яе муж захапляецца разьбой па дрэве, на выставе было шмат яго дэкаратыўна-прыкладных вырабаў. На свяце прысутнічаў настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы айцец Сергій Арлоў. Разам с наведвальнікамі аддзялення ён спяваў калядныя песні.

Педагогі і выхаванцы Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў былі запрошаны прыняць удзел у дабрачынным канцэрце ў Палацы дзяцей і моладзі ў Мінску “Калядныя сустрэчы” на карысць дзяцей-аўтыстаў. У канцэртную праграму, што падрыхтавалі ракаўчане, яны прыцягвалі і дзяцей, дзеля якіх ладзілася свята.

 

Неспакойна ў раёне ад пажараў: за першыя 11 дзён адбыліся 5, ёсць і адна ахвяра.

Нават непасрэдна ў каляднае свята выратавальнікам даводзілася выязджаць на пажар у вёску Баравікі Івянецкага сельсавета, дзе гарэла лазня. Напярэдадні гаспадары палілі лазню. Ад чаго ўзнік пажар, высвятляецца. Згарэлі дах мыечнай, столевыя перакрыцці, аконныя і дзвярныя праёмы. Урон нанесены адчувальны. А 10 студзеня ў 15.20 паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Міжрэчча Ракаўскага сельсавета. Гарэў трохпавярховы дом № 34. Агонь цалкам знішчыў мансардны паверх. Прычына пажару – няспраўны дымаход. 11 студзеня гарэў хлеў у вёсцы Лаўскі Брод. Будынак выгараў знутры, знішчаны дах. Больш за ўсё шкада жывёлу: у агні загінулі кабанчык, каза, куры і качкі. Прычына гэтага пажару яшчэ ўстанаўліваецца.



Добавить комментарий