Чалавек, якому давяраюць

Официально

Сын начальніка падраздзялення пажарна-выратавальнага паста № 12 у вёсцы Доры Аляксандра Сяргеевіча БАЦЯНА вельмі ганарыцца, што яго бацька – выратавальнік. Для васьмігадовага хлопчыка гэта прафесія ўяўляецца самай важнай, а выбіраюць яе мужчыны дужыя і смелыя. Такія, як яго тата…

І тут не паспрачаешся. Нягледзячы на тое, што жадаючых пайсці працаваць у службу МНС хапае, далёка не кожнаму такі шанс выпадае. Патрабаванні да кандыдата ў выратавальнікі вельмі высокія: чалавек павінен вызначацца фізічнай загартоўкай, быць ураўнаважаным па характары, карыстацца павагай у людзей, мець адпаведную адукацыю, “чыстую” біяграфію без сутычак з законам і заўсёды знаходзіцца ў гатоўнасці прыйсці на выручку. Чым не супермен для сучаснага дзіцяці?

Адзінаццаць гадоў назад Аляксандр Сяргеевіч прайшоў строгі адбор і апрануў форму работніка МНС. Паступова падымаўся па кар’ернай лесвіцы, зараз кіруе невялікім, але надзейным і зладжаным калектывам. Яго падраздзяленне ў мінулым годзе паказала выдатныя вынікі, кіраўніцтва прыняло рашэнне ўзнагародзіць старшага прапаршчыка А. С. Бацяна з нагоды прафесіянальнага свята значком выдатніка. Гэта не першая адзнака яго добрасумленнай працы. У скарбонцы ўзнагарод ёсць шматлікія Граматы ад райвыканкама і аддзела. Але ўсё ж самы галоўны “прыз” для Аляксандра Сяргеевіча, ды і для яго калег таксама, – спакойная, без экстрэмальных сітуацый абстаноўка ў дамах, установах, населеных пунктах.

Прафілактычная работа з насельніцтвам на папярэджанне пажараў вядзецца актыўна і мэтанакіравана. Часам здараецца, што на даручаным участку цэлы год не адбываецца нічога пазаштатнага. А потым – што ні змена, то трывожны выклік і выезд на месца здарэння… Таму выратавальнікі, а асабліва з ліку каманднага саставу, заўсёды павінны быць у баявой гатоўнасці. Вось і сёлета, калі адзначалася чарада зімовых свят, Аляксандр Сяргеевіч, іншыя работнікі МНС заставаліся ў тэлефоннай даступнасці 24 гадзіны ў суткі. На шчасце, навагодні перыяд не падкінуў сумных падзей. “Гэта найлепшы падарунак для выратавальнікаў!” – прызнаецца А. С. Бацян, а потым дадае: “Калі ў людзей усё добра, то добра і нам…”

Свой першы выезд на пажар мой субяседнік лічыць самым вострым успамінам. Тады ён упершыню ўратаваў чалавека – выцягнуў пацярпелага з задымленага памяшкання. Узгаранне адбывалася ў Пяршаях. Цяпер гэта вёска, як і іншыя з Пяршайскага і Дорскага сельсаветаў, знаходзіцца ў зоне адказнасці паста № 12. І не толькі ў сувязі з пажарнай абстаноўкай. Усе работнікі паста прыходзяць на дапамогу хлебаробам падчас пасяўных і ўборачных кампаній. Дарэчы, першы дыплом аб вышэйшай адукацыі Аляксандр Сяргеевіч атрымаў пры заканчэнні Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Потым, ужо будучы выратавальнікам, адвучыўся ў інстытуце ППК пры МНС. Так жыццё “перапляло” ў біяграфіі аднаго чалавека сельскую гаспадарку і выратавальную дзейнасць. трэцім і найгалоўнейшым складаемым у гэтым моцным трыа ён лічыць абавязак галавы сям’і. З жонкай Веранікай пабудавалі дом у Валожыне, гадуюць сына і дачку. Усе думкі ў Аляксандра пра іх шчасце, здароўе, дабрабыт. Калі выпадае вольная часіна, ён з радасцю ахвяруе яе сваёй другой палавінцы, дзецям, ахвотна займаецца добраўпарадкаваннем прысядзібнага ўчастка.

Адчуванне адказнасці не пакідае гэтага маладога мужчыну ні на рабоце, ні дома. І такім, як ён, можна давяраць…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *