Тэст на давер

Закон и порядок

Падведзены вынікі маніторынгу грамадскага меркавання аб рабоце супрацоўнікаў РАУС, які ажыццяўляўся з удзелам супрацоўнікаў упраўлення штаба Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Найбольш заклапочанасці ў нашых жыхароў выклікаюць пытанні бяспекі дарожнага руху і барацьбы з п’янствам і алкагалізмам.  

Так, ад жыльцоў з вуліцы Гарэцкага, што ў райцэнтры, паступаюць нараканні на адсутнасць тратуара ці хаця б пешаходнай дарожкі. Зараз вуліца працягласцю 350 метраў актыўна забудоўваецца, тут завяршаюцца работы па ўкладцы каналізацыйнай трасы. Па хадайніцтве РАУС у райвыканкам накіравана пісьмо з прапановай добраўпарадкаваць вуліцу Гарэцкага.

На думку жыхароў Валожына ў апошні час узнікла неабходнасць ва ўстаноўцы святлафора на перасячэнні вуліц Кірава і Шчарбіны. Адпаведнымі структурамі была праведзена экспертыза, згодна з якой інтэнсіўнасць дарожнага руху на дадзеным перакрыжаванні і сапраўды патрабуе гэтага тэхнічнага сродку арганізацыі.

За мінулы год у Івянцы за перавышэнне хуткаснага рэжыму былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 8 вадзіцеляў. Каб зменшыць колькасць жадаючых пракаціцца па вуліцах пасёлка “з ветрыкам”, супрацоўнікамі службы ДАІ РАУС тут забяспечаны кантроль устаноўленай хуткасці. Таксама будзе актывізавана работа з пешаходамі і веласіпедыстамі, якія парушаюць Правілы дарожнага руху пры пераходзе вуліц. Летась на тэрыторыі раёна выяўлены 1420 правапарушальнікаў сярод пешаходаў, што даказвае даволі значны ўзровень недысцыплінаванасці. Пад павышаны кантроль будуць узяты і шматтонныя грузавікі, якія часта парушаюць правілы стаянкі ў Івянцы.

Ад міліцыі патрабуецца больш увагі ўдзяляць стану грамадскага правапарадку ў паркавай зоне Івянца, дзе некаторыя грамадзяне прызвычаіліся распіваць алкагольныя напіткі і піва. У 2016 годзе ў адносінах да 21 правапарушальніка складзены адміністрацыйныя пратаколы за ўжыванне алкаголю ў грамадскім месцы.

Ад грамадзян паступілі прапановы пракласці пешаходныя і веласіпедныя дарожкі ў раёне аграгарадка Ракаў і санаторыя “Іслач”, але з-за вострага дэфіцыту бюджэтных сродкаў гэта заяўка пакуль што адкладзена. А вось тратуар, які патрабаваўся ў вёсцы Паморшчына, летась з’явіўся. Яго праклалі па просьбе мясцовых жыхароў і па хадайніцтве праваахоўных органаў пасля правядзення маніторынгу ў 2015 годзе.

Аляксей ЯРАШЭВІЧ,

начальнік штаба РАУС, маёр міліцыі

 



Добавить комментарий