Тэлефон міліцыі – 102

Закон и порядок

Свята сапсаваў феерверк

У першыя хвіліны Новага года ў міліцыю патэлефанаваў фельчар Івянецкай гарпасялковай бальніцы і паведаміў, што за медыцынскай дапамогай звярнулася жанчына з траўмай правага вока. Са слоў пацярпелай, раненне яна атрымала падчас святочнага феерверку, які запускалі яе знаёмыя і сваякі. Адзін з дванаццаці зарадаў паляцеў па незапланаванай траекторыі… Жанчына была накіравана на лячэнне ў бараўлянскую бальніцу.

Абцасы нарабілі бяды

Непрыемны сюрпрыз атрымала на мінулым тыдні аўтаўладальніца, жыхарка райцэнтра: якісьці хуліган прайшоўся ў абутку па даху яе легкавога аўтамабіля, пакінуўшы шматлікія драпіны і ўмяціны. Машына не была абсталявана ахоўнай сігналізацыяй, а відэакантроль прыдамавой тэрыторыі на месцы здарэння адсутнічаў, што, безумоўна, ускладніць пошукі злачынцы. Па папярэдніх падліках рамонт “Таёты” пацягне на 400 рублёў.

Ахвяра пажару

Глыбокай ноччу, за два дні да праваслаўных Каляд супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай службы міліцыі атрымалі паведамленне ад жыхара вёскі Суднікі аб тым, што суседскі дом ахоплены дымам. На месца здарэння выехалі выратавальнікі. Лакалізаваць узгаранне ім удалося хутка, а вось гаспадару будынка яны ўжо нічым не маглі дапамагчы: труп мужчыны ляжаў на кухні. Хутчэй за ўсё нябожчык атруціўся ядавітымі рэчывамі, якія ўтрымліваліся ў дыме.

Залаты ключык

У адной з вёсак раёна, жыхары якой ужо і забыліся, калі ў іх здараліся якія-небудзь правапарушэнні ці крымінал, адбыўся крадзеж. Пра яго паведаміла сама пацярпелая. З яе ж слоў устаноўлена, што жанчына пакінула ключ ад кватэры пад дыванком каля ўваходных дзвярэй. Так яна паступала заўсёды, і да гэтага часу ніякіх непрыемнасцей не мела. У той дзень, прыйшоўшы дадому, адразу заўважыла, што некаторыя рэчы ляжаць не на сваіх месцах. Зазірнула ў шкатулку з залатымі і сярэбранымі ўпрыгажэннямі, а іх і след прастыў… Ад роспачы разбалелася галава, жанчына захацела выпіць таблетку, але зламыснік і ў аптэчку не паленаваўся залезці. Лекі зніклі таксама.

Калясіла крымінальнымі сцежкамі

У поле зроку кіраўніцтва райспажыўтаварыства і праваахоўнікаў трапіла прадаўшчыца аднаго з аўтамагазінаў, які абслугоўваў жыхароў аддаленых вёсак. Праверка паказала, што жанчына і сапраўды аказалася нячыстай на руку. Устаноўлена, што яна прысвойвала прадукты харчавання, алкаголь і цыгарэты з даручанага ёй асартыменту, не грэбавала і грашовай выручкай. Урон, нанесены райспажыўтаварыству, ацэнены амаль у 600 рублёў.

Матэрыял па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий