І вольны лёгкiх лыжаў бег…

Официально

Неверагодна шчодрым снегам парадавала нас прырода 14 студзеня. Асабліва даспадобы такое мяккае адліжнае надвор’е было тым, хто сабраўся ў мінулую суботу на па-зімоваму маляўнічай тэрыторыі ДУ «Мінская абласная спартыўна-аздараўленчая база «Галактыка».

Тут праходзіла абласное свята «Ракаўская лыжня», прысвечанае Сусветнаму дню снегу.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Васіль Фёдаравіч Гарбачоў, выканаўчы дырэктар Беларускага лыжнага саюза Сяргей Міхайлавіч Нерад, іншыя афіцыйныя асобы, а таксама супрацоўнікі і навучэнцы ўстаноў, падведамасных упраўленню спорту і турызму аблвыканкама, каманды сістэмы адукацыі Валожынскага раёна. У прыватнасці, спартсмены Ракаўскай, Пугачоўскай, Яршэвіцкай школ.

Больш за 300 чалавек, якія свядома аддаюць перавагу здароваму ладу жыцця, якія па-сапраўднаму сябруюць з зімовымі відамі спорту, завіталі на заснежаную паляну, акружаную стромкімі соснамі.

Арганізатары свята загадзя паклапаціліся пра святочнае ўпрыгажэнне месца спаборніцтва, вызначылі пляцоўкі для розных спартыўных конкурсаў, рухавых гульняў. У іх ліку былі спаборніцтвы па кіданні валёнка, набіванні футбольнага мяча, перацягванні каната, катанні на санках, хакеі на снезе з мячом, а конкурс «Асілак-2017» вызначыў лепшых гіравікоў.

І ўсё ж самымі прадстаўнічымі былі лыжныя гонкі. У мас-старце ўдзельнічалі 155 чалавек. Ім трэба было прайсці дыстанцыю ў 2 кіламетры. А затым 40 самых хуткіх лыжнікаў пераадолелі спрынт на зададзеную адлегласць. Былі сфарміраваны мужчынская і жаночая каманды.

31a

 …Доўгім ланцужком па бялюткай снежнай роўнядзі ехалі лыжнікі. З узнятым настроем яны сталі на старт і захавалі гэты эмацыянальны стан аж да фінішу. Каманду-пераможцу чакаў прыгожы пераходны хрустальны кубак з выгравіраваным надпісам «Ракаўская лыжня». Зазначым, што кубак заваявалі мінчане. Але валожынцы гатовы ўзяць рэванш у наступным годзе. Тым больш, што каманда Ракаўскай сярэдняй школы ўвайшла ў лік пераможцаў: заслужана заняла трэцюю прыступку п’едэстала гонару лепшых лыжнікаў. Удакладнім, што пераходны кубак зацверджаны Ракаўскім сельскім Саветам дэпутатаў (старшыня Аляксандр Антонавіч Мякінка). А вырабілі галоўны прыз у мясцовай майстэрні па аднаўленні старажытнай налібоцкай шкляной мануфактуры, якой кіруе прадпрымальнік Васіль Рубцоў.

І ўдзельнікі лыжні, і шматлікія балельшчыкі перакананы, што галоўнае – гэта не прызавыя месцы і адпаведныя рэгаліі, а тое, што дынамічныя зімовыя віды спорту збіраюць усё больш і больш сваіх шчырых прыхільнікаў. Бо ні адна з пляцовак на тэрыторыі МАСАБ «Галактыка» ў суботу не пуставала. Забаўляліся дзеці, дарослыя таксама не саромеліся катацца на санках, не пуставаў без аматараў-канькабежцаў рознага ўзросту і адкрыты лядовы каток. Парадаваў адпачываючых і гаспадар аграсядзібы «Коні-поні» Аляксандр Сталярскі, які на тройцы грацыёзных коней, запрэжаных у карэту-сані, прапаноўваў усім жадаючым адчуць кайф, праехаўшы з ветрыкам на гэтым старадаўнім зімовым транспарце. Воінская часць з Кіяўца частавала адпачываючых сытнай салдацкай кашай. Спонсарскую падтрымку ў набыцці патрэбных інгрэдыентаў для каларыйнай стравы аказаў Ракаўскі сельвыканкам.

31a

Сусветны дзень снегу, спаборніцтва лыжнікаў праходзілі ў мінулую суботу пры маштабным культурным суправаджэнні. Народны ансамбль народнай песні «Сваякі», «Возерскія вычваракі» Уздзенскага раёна, заслужаны аматарскі калектыў фальклорны ансамбль «Гасцінец» Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, самадзейныя артысты з Маладзечанскага і Стаўбцоўскага раёнаў зрабілі абласное свята яркім, эмацыянальным, дзякуючы песням, дасціпным жартам, карагодам, народным танцам…

Ірына ПАШКЕВІЧ

Фота аўтара і Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий