Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

Общество

За 2016 год аддзелам ЗАГС былі зарэгістраваны 233 шлюбы, на 52 менш, чым у папярэднім годзе.

Яно і зразумела, год быў высакосны, да якога многія ставяцца негатыўна, таму некаторыя патэнцыяльныя маладажоны мусілі пачакаць з афармленнем сямейных адносін. Статыстыка сведчыць, што сярэдні ўзрост нявест летась быў 27 гадоў, жаніхоў – 29. Сем маладых уступілі ў шлюб да спаўнення 18 гадоў, сярод іх – адзін юнак. Сярод “маладажонаў” 4 жаніхі і 5 нявест былі пенсіённага ўзросту. Як гаворыцца, каханню ўсе ўзросты пакорныя… 10 шлюбаў зарэгістраваны з грамадзянамі іншых краін: Расіі, Украіны, Малдовы і Казахстана. Грамадзян з далёкага замежжа, як было ў іншыя гады, не назіралася. А вось у новым годзе першую пару работнікі ЗАГСа будуць распісваць 21 студзеня. У пост цяпер стараюцца не гуляць вяселлі.

Як паведамлялася раней, работнікі культуры раёна ўпершыню абсталявалі рэзідэнцыю Дзеда Мароза на тэрыторыі Бабровіцкага культурна-спартыўнага цэнтра.

На гэтай справе зарабілі больш за 8 тысяч рублёў. Цэны, у параўнанні з больш раскручанымі рэзідэнцыямі ў іншых рэгіёнах, былі вельмі памяркоўныя, а забавы і тэатралізаванае прадстаўленне – не горшыя. Хоць наведвальнікаў было менш, чым хацелася, арганізатары пачулі шмат станоўчых водгукаў. 40 хвілін ладзілася прадстаўленне на свежым паветры, затым у зале праходзіў спектакль “Чароўны гадзіннік”, затым — частаванне пернікамі з гарачым чаем. Кожны юны наведвальнік рэзідэнцыі атрымаў салодкі падарунак. А ўсяго сіламі работнікаў РЦК было праведзена 9 навагодніх ранішнікаў і мерапрыемстваў.

Шмат гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у наш раён прыязджалі прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі “Чарнобыльскі дзіцячы праект” з Ірландыі. Апекавалі яны Валожынскую школу-інтэрнат, некаторыя сем’і, запрашалі на аздараўленне дзяцей.

Паколькі школы-інтэрнат даўно няма, сувязь з раёнам фактычна спынілася. Цяпер раз ці два на год у Валожын прыязджаюць Джорард Хэйлі з жонкай Эн, якія прымалі ў сябе сясцёр Святлану, Маргарыту, Людмілу і Кацярыну Гаськовых. Дзяўчынкі выраслі, стварылі ўласныя сем’і, а гэтыя цудоўныя людзі працягваюць іх падтрымліваць. Апошні іх візіт у наш горад адбыўся напярэдадні Новага года. Ірландцы жадаюць працягваць дабрачынную дзейнасць. Для гэтага выбралі мнагадзетную сям’ю з вёскі Мінці. Ужо летам паабяцалі прыслаць будаўнічую брыгаду, якая возьмецца за рамонт вясковага дома, каб стварыць там добрыя ўмовы і максімальныя выгоды для пражывання.

Больш за 20 дзяцей наведваюць узорны клуб “Грацыя” РЦК, якім шмат гадоў кіруе Інеса Іода. Выступленні юных мадэляў заўсёды надаюць своеасаблівы каларыт любому раённаму святу.

Удзельнікі клуба дэманстравалі свае калекцыі і за межамі раёна. Займаюцца ў “Грацыі” і чатыры хлопчыкі-падлеткі, вучні СШ № 1 райцэнтра. Зараз кіраўнік са сваімі грацыямі працуюць над новымі калекцыямі – “У рэтра-стылі” (для малодшай групы) і “Першацвет” для старэйшых. Рыхтуецца яшчэ адна калекцыя-паказ з элементамі беларускага народнага касцюма. А першае выступленне ўдзельнікаў клуба адбылося сёлета 8 студзеня. Яны паказалі тэатралізаваную замалёўку “У лесе нарадзілася ёлачка…”

У першыя дні студзеня, падчас канікулаў, адбылася раённая спартакіяда сярод кіраўнікоў устаноў адукацыі, фізічнай культуры і спорту. Праходзілі спаборніцтвы на базе філіяла ФАЦ Валожынскага раёна “Брылькі”. Галоўным суддзёй быў дырэктар ДЮСШ Д. Ажарэльеў.

У дартсе самай трапнай аказалася дырэктар Гародзькаўскага ВПК Таццяна Іосіфаўна Чабай. Другое і трэцяе месцы занялі старшыня райкама прафсаюза Марыя Мікалаеўна Камінская і дырэктар гімназіі № 1 Алена Іванаўна Клачко. У кідках у баскетбольнае кальцо перамагла спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Рыгораўна Процкіў, якая заняла таксама трэцяе месца ў скачках у даўжыню. Другое і трэцяе прызавыя месцы ў кідках занялі загадчыца ясляў-сада “Вясёлка” з райцэнтра Ірына Пятроўна Раловец і дырэктар Вішнеўскага ВПК Ала Віктараўна Клімкова. У скачках на скакалцы лепшы вынік паказала дырэктар Пугачоўскага ВПК Аксана Віктараўна Сафронава, другой была прадстаўнік аддзела Ірына Юр’еўна Русіновіч і трэцяй – І. П. Раловец. У скачках у даўжыню лепшы вынік у прадстаўніцы аддзела Іны Пятроўны Шчарбачэвіч, другі – у дырэктара цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Марыі Валянцінаўны Кушнір. Завяршылася спартакіяда эстафетай, якая складалася з дзесяці этапаў. Усе ўдзельнікі падзяліліся на дзве каманды. Заданні ў пераважнай большасці былі не столькі на дасягненне спартыўных рэкордаў, колькі на дэманстрацыю спрыту, лоўкасці, вынаходлівасці, што дазволіла кіраўнікам скінуць напружанасць, успомніць маладосць. Пераможцы атрымалі граматы і каштоўныя падарункі, якія прадаставілі грамадская арганізацыя “Белая Русь” і галіновы прафсаюз.



Добавить комментарий