У валожынскім універмазе ў канцы мінулага года на першым паверсе на даволі прасторнай плошчы размясцілася гандлёвая секцыя па рэалізацыі мэблі.

Официально

Па шырокім асартыменце прадукцыі, якая прадстаўлена тут, а таксама па фотаілюстрацыях навінак, змешчаных у рэкламных каталогах, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што айчынныя вытворцы стараюцца ўгнацца за сусветнымі моднымі тэндэнцыямі ў выпуску прадукцыі, якая ўпрыгожвае інтэр’ер кватэры, дома. Практычна ўсе беларускія фірмы прапануюць свой тавар. У фаварытах – знакаміты “Пінскдрэў”, спецыялізаваныя прадпрыемствы з Бабруйска, Ліды, Паставаў і іншыя пастаўшчыкі. Шырока прадстаўлена і  ААТ “Мінскпраектмэбля”.

У рэалізацыю ў наш універмаг паступае мэбля на розны густ і кашалёк: ад эканомкласа да элітных экзэмпляраў, гэта, як правіла, шпаніраваная, корпусная мэбля з масіву розных парод дрэў.

Спальні, секцыі, шафы, сталы абедзенныя і для гасцінай, дзіцячыя пакоі і іншыя гарнітуры прапануюцца пакупнікам. Можна выбраць пакупку непасрэдна ў гандлёвай зале, а можна, уважліва пагартаўшы каталог, аформіць папярэдні заказ на дастаўку таго ці іншага віду тавару.

Для заахвочвання пакупнікоў распрацаваны розныя “бонусы”. Напрыклад, дадзена права набыць мэблю ў крэдыт пад 31 працэнт гадавых з першапачатковым узносам у памеры 30 працэнтаў ад кошту жаданай пакупкі. Гэта льгота распаўсюджваецца на мэблю коштам ад 8 тысяч беларускіх рублёў і больш. Крэдыт афармляецца на 5 месяцаў.

Наведвальнікі ўнівермага, што вырашылі набыць дарагую пакупку для свайго дома, могуць выкарыстаць і шанц, які даецца ім у час правядзення традыцыйных Адзіных дзён скідак. Пра падобныя акцыі загадзя даюцца абвесткі на ўваходных дзвярах універмага. Дзейнічае і сістэма растэрміноўкі плацяжу.

Заключэнне дагавораў, арганізацыя паставак тавараў, абнаўленне асартыменту – гэтымі і многімі іншымі вытворчымі абавязкамі прафесійна займаецца начальнік аддзела нехарчовых тавараў райспажыўтаварыства Таццяна Міхайлаўна Санталава. А непасрэдна абслугоўванне пакупнікоў у гандлёвай зале даручана калектыву аддзела ўнівермага па рэалізацыі мэблі, якім кіруе Жанна Міхайлаўна Шаўлюк.

…Магазін па вуліцы Савецкай райцэнтра таксама не пустуе. Гандлёвыя плошчы здадзены ў арэнду прадпрымальніку, дарэчы, профіль дзейнасці застаўся ранейшы.

На здымку: загадчыца аддзела Жанна Міхайлаўна Шаўлюк і прадавец Ганна Уладзіміраўна Красоўская.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий