Падпiсаўся… i жывi цiкава!

Общество

Завяршылася чарговая падпісная кампанія. Папулярнымі выданнямі ў валожынцаў у 2017 годзе сталі газеты “Советская Белоруссия”, “Мінская праўда”, “Звязда” – на іх падпісаліся больш за паўтары тысячы чалавек. Але самай любімай і запатрабаванай па-ранейшаму з’яўляецца “Працоўная слава” – чатыры з паловай тысячы чытачоў менавіта нам аддалі перавагу, за што ўсім вялікае дзякуй.

Як паведамілі ў раённым вузле паштовай сувязі, план падпіскі па тыражах выкананы на 90 працэнтаў. Тым не менш, радуе тое, што большасць аддзяленняў паштовай сувязі спрацавалі з плюсам. Сярод лепшых – 2-е гарадское АПС, якое ўзначальвае Святлана Адамаўна Жамоздзік: пры плане 787 аформлены 874 падпіскі. Таксама тут перавыканалі заданне і па раёнцы. Добрых вынікаў дасягнулі калектывы Гародзькаўскага на чале з загадчыцай Тамарай Фёдараўнай Дрозд, Бабровіцкага – Марынай Вацлаваўнай Федаровіч, Каменскага – Жаннай Станіславаўнай Сакалоўскай, Сакаўшчынскага – в. а. загадчыцы, старшым інспектарам Аксанай Аляксандраўнай Тышкевіч, Сівіцкага – Людмілай Аляксандраўнай Лабоцкай, а таксама перасовачнага АПС, што абслугоўвае вёскі Манькаўшчына, Яршэвічы і Дварэц і якім загадвае Марына Уладзіміраўна Буклыс.

Безумоўна ж, асноўны цяжар у прыцягненні падпісчыкаў бяруць на сябе паштальёны, асабліва вясковыя, якія з’яўляюцца сапраўднымі сучаснымі кур’ерамі. Таму і не дзіўна, што самая актыўная частка чытачоў друкаваных выданняў – людзі пажылога ўзросту. Вельмі многія з іх падпісваюцца на “Друга пенсионера” і “Я – на пенсии”.

Самі ж жыхары раёна, асабліва горада, мала праяўляюць актыўнасць, каб мэтанакіравана завітаць на пошту і аформіць падпіску. Зацікаўленасць назіраецца падчас правядзення Дня падпісчыка на 1-м гарадскім аддзяленні, які праводзяць як журналісты абласной газеты “Мінская праўда”, так і рэспубліканскіх выданняў. У такія дні колькасць падпісных квітанцый значна павялічваецца, бо заахвочваюць прызы і розыгрыш латарэі сярод тых, хто падпісаўся менавіта ў гэты дзень.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

 



Добавить комментарий