Pэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

Общество

З мэтай аптымізацыі дастаўкі паштовай карэспандэнцыі з лютага бягучага года ў раённым вузле паштовай сувязі з’явяцца два новыя матарызаваныя маршруты – на Івянецкім і Дорскім кірунках.

Нагадаем чытачам, што такая дастаўка пошты ў аддаленыя і маланаселеныя вёскі Ракаўскай зоны дзейнічае ўжо больш за тры гады. У сакавіку матарызаваная дастаўка пошты закране Гародзькаўскі і Багданаўскі напрамкі. Усе сельскія аддзяленні паштовай сувязі захаваюцца. Праўда, у ходзе рэалізацыі гэтага праекта плануюць скараціць каля дзесяці паштальёнаў. Такія патрабаванні часу: жыхароў у вёсках становіцца ўсё менш, адпаведна змяншаецца і колькасць выпісваемых перыядычных выданняў. Затое ў многім аблегчыцца сама дастаўка, лягчэй стане працаваць паштальёнам. Іншы раз ім даводзіцца пераадольваць вялікія адлегласці ў любое надвор’е, ратавацца ад бадзяжных сабак і непрадбачаных сітуацый. Пакуль паштавікі паспрабуюць абысціся транспартам, які ёсць у вузле сувязі. Аднак у красавіку магчыма папаўненне машыннага парка.

У дзіцячым санаторыі “Налібоцкая пушча” пачалася мадэрнізацыя водалячэбніцы. Кіраўніцтва здраўніцы мяркуе, што да канца года яна ператворыцца ў сапраўдны СПА-комплекс.

Плошча памяшканняў дазваляе правесці рэканструкцыю. На гэтыя мэты выдаткавалі ўласныя сродкі, разлічваюць на дапамогу ААТ “Белаграздраўніца”, чыім філіялам з’яўляецца “Налібоцкая пушча”. Але на такі доўгі тэрмін не могуць пакінуць сваіх пацыентаў без водных працэдур. Таму будаўнікі пачалі з пераабсталявання памяшкання былой пральні. Пасля рэканструкцыі да басейна, саўны, падводнага душа-масажа, цепла- і гразепрацэдур дабавяцца жамчужныя ванны, саляная саўна, хамам (турэцкая лазня). З’явяцца джакузі і кедравая бочка.

Дарэчы, ужо сёння многія паслугі санаторыя даступны не толькі дзецям, якія прыязджаюць на аздараўленне з усіх куткоў рэспублікі, забруджаных радыенуклідамі, але і гараджанам. Гэта тычыцца, у прыватнасці, басейна, саўны, лячэння зубоў.

У студзені ў нашу краіну прыязджалі прадстаўнікі нямецкага аддзялення Сусветнай арганізацыі “Самарыцянскі кашалёк”.

15 студзеня чацвёра з іх наведалі богаслужэнне ў валожынскай царкве “Крыніца жыцця”, пасля чаго адбылася Калядная праграма для дзяцей. Нямецкія госці самі раздавалі падарункі. А ўвогуле прадстаўнікі царквы ў гэтыя дніі ладзілі некалькі дзіцячых святочных праграм, развозілі падарункі па ўсім раёне. Іх атрымалі 300 дзяцей з мнагадзетных, малазабяспечаных і нядобранадзейных сем’яў.

18 студзеня гасцей прымалі ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сюды завіталі прадстаўнікі спартыўна-дабрачыннага праекта “Мары збываюцца” на чале з яго кіраўніком Сяргеем Шчурко.

За салодкім сталом з чаем і тартамі, што прывезлі сталічныя візіцёры, яны пазнаёміліся з выхаванцамі аддзялення, уніклі ў іх праблемы. Дабрачынцы даставілі шмат разнастайнага спартыўнага інвентару: гантэлі, абручы, гімнастычныя палкі, скакалкі, мячы, эспандары плечавыя і для рук, інш. Увесь інвентар прапісаўся ў трэнажорнай зале, дзе займаюцца не толькі маладыя інваліды, але і гараджане, што наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей.

У Рэспубліканскім лыжна-біятлонным комплексе “Заячая паляна”, што ў Лагойскім раёне, прайшлі абласныя лясныя лыжныя гонкі.

У спаборніцтвах прыняла ўдзел 21 каманда. У каманду нашага лясгаса ўваходзілі тры жанчыны і тры мужчыны. Жаночая каманда заняла 4-е месца. У эстафетнай гонцы 3х1,2 км нашы лыжніцы былі пятымі. На дыстанцыі 2,5 км рабочая гадавальніка Таццяна Палуянчык заняла 7-е месца, эканаміст лясгаса Надзея Стасяловіч і памочнік ляснічага Валожынскага лясніцтва Анастасія Сасноўская – 8-е (кожная ў сваёй узроставай групе).

Напрыканцы мінулага года ўбачыў свет калектыўны зборнік гумарыстычных вершаў членаў народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці “Малпа рукі пацірала”.

На яго старонках змешчаны 15 твораў івянчаніна Дзмітрыя Краскоўскага і 7 вершаў Аляксандра Грынкіна з-пад Ракава, якія з’яўляюцца таксама і членамі нашай “Руні”.



Добавить комментарий