Калi аднадумцы разам

Общество

Падчас мерапрыемства, што адбылося нядаўна на базе гімназіі № 1 г. Валожына, у фармаце адкрытага дыялогу абмяркоўвалі ролю грамадскіх аб’яднанняў у жыцці асобы.    

Ініцыятарам сустрэчы прадстаўнікоў розных грамадскіх аб’яднанняў са школьнікамі выступіла лідар РК ГА “БРСМ” Наталля Паўлаўна Нямкевіч. Менавіта яна ўзяла на сябе функцыю вядучай і дапамагла экспертам – кіраўнікам грамадскіх аб’яднанняў і ўдзельнікам – вучням 8-9 класаў абмяняцца думкамі аб прызначэнні, прынцыпах работы, сацыяльнай ролі аб’яднанняў.

Педагог-арганізатар гімназіі Любоў Аляксандраўна Рынкевіч прадставіла адну з самых масавых арганізацый краіны – БРСМ. Аб дзейнасці «Белай Русі» расказала кіраўнік пярвічнай арганізацыі гімназіі Жанна Зігмундаўна Лапо. З цікаўнасцю ўспрынялі прысутныя інфармацыю начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыя Яраслававіча Касоўскага аб гісторыі ўзнікнення і рабоце аб’яднання “Юны выратавальнік”.  Ролю прафсаюзаў у абароне сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян акрэсліла старшыня раённага аб’яднання Вераніка Віктараўна Загорская.

Як адзначылі ўдзельнікі дыялогу, сёння кожны жадаючы мае магчымасць праявіць свае здольнасці, развіць талент побач з аднадумцамі, якіх аб’ядноўваюць агульныя мэты, задачы, што занатаваны ў статутах ГА.

Па апошніх даных у рэспубліцы дзейнічаюць 2380 грамадскіх аб’яднанняў. Больш за ўсё зарэгістравана аб’яднанняў, звязаных са спортам, адпачынкам і турызмам (660), амаль столькі ж – у сферы сацыяльнай абароны і рэабілітацыі, трохі менш – прадстаўляюць дабрачыннасць, існуюць таксама прафесійныя, навуковыя і мноства іншых.

Юнакі і дзяўчаты з задавальненнем прынялі ўдзел у віктарыне. Як высветлілася, большасць з іх добра знаёмы з гісторыяй развіцця такіх уплывовых ва ўсім свеце арганізацый, як ААН, Грынпіс, АБСЕ, ЮНЕСКА, Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Безумоўна, найбольш лёгкімі аказаліся пытанні, што тычыліся дзейнасці аб’яднанняў, папулярных сярод дзяцей і моладзі, – БРСМ і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.

Эфектным завяршэннем адкрытага дыялогу стаў урачысты момант уручэння членскіх білетаў старшакласнікам, што нядаўна папоўнілі рады БРСМ. Са словамі віншавання да будучых актывістаў маладзёжнага руху звярнулася дырэктар гімназіі Алена Іванаўна Клачко. Яна таксама выказала падзяку экспертам і ўсім прысутным. Гімназісты – удзельнікі мастацкай самадзейнасці пры сутрэчы гасцей, а таксама на развітанне падарылі ім некалькі цудоўных музычных нумароў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий