Авангард iдэалагiчнай работы

Официально

Лектары раённага звяна РДГА «Беларускае таварыства «Веды» атрымалі граматы абласной структуры аб’яднання. Урачысты момант уручэння ўзнагарод адбыўся падчас справаздачна-выбарнай канферэнцыі, што прайшла нядаўна.

Раённая структура налічвае 16 пярвічных арганізацый, у якіх маюць членства 440 чалавек. Таксама ў яе склад уваходзяць дзве юрыдычныя асобы – РУП “Валожынскі жылкамунгас” і ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”.

З дакладам выступіла адказны сакратар райтаварыства “Веды” Л. А. Давідовіч. Людміла Антонаўна правяла невялікі экскурс па асноўных мерапрыемствах, што ладзіліся за справаздачны перыяд. Выступленне суправаджалася дэманстрацыяй фотаздымкаў і відэаматэрыялаў з акцый, свят, сустрэч, лекцый і семінарскіх заняткаў. Пяцігодка выдалася багатай на буйныя грамадска-палітычныя падзеі. Гэта 70-годдзе Вялікай Перамогі, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Таму лекцыйная работа, што дапамагала ў пэўнай ступені маніторыць настрой людзей і на месцы знімаць вострыя пытанні, не губляла сваёй значнасці.

Большасць лектараў раённага звяна – настаўнікі, бібліятэкары, медыцынскія работнікі, іншыя спецыялісты. Падчас правядзення Адзіных дзён інфармавання з гэтай задачай паспяхова спраўляюцца кіраўнікі арганізацый, іх намеснікі па ідэалагічнай рабоце, старшыні сельвыканкамаў. Н. П. Лоўчая – дырэктар раённага музея – адзіны лектар, які прайшоў падрыхтоўку падчас 2-гадовых курсаў, што ладзіліся абласной структурай. Менавіта ёй, Л. І. Давідовіч і самым актыўным лектарам А. І. Пятровіч – настаўніку гісторыі СШ № 2, кіраўніку школьнага краязнаўчага музея, Т. П. Кезік – педагогу сацыяльнаму гімназіі, С. Ф. Нахай – інструктару-валеолагу РЦГіЭ намеснік старшыні абласной структуры І. А. Лінкін уручыў заслужаныя ўзнагароды. Сярод самых актыўных пярвічак названы арганізацыі школ горада, РКБА, райбальніцы, ліцэя, РЦГіЭ, райаграпрамтэхнікі.

Яшчэ адна важная функцыя “Ведаў” – правядзенне навучальных семінараў-кансультацый і курсаў, што ладзяцца з мэтай павышэння прафесійнага ўзроўню кіраўнікоў і службаў арганізацый. На Валожыншчыне праведзены курсы “Інвестыцыі і эфектыўны менеджмент на аснове ўпраўленчай культуры”, “Эфектыўныя метады папярэджвання і вырашэння міжасабовых канфліктаў у калектыве”, “Змены працоўнага заканадаўства з улікам патрабаванняў Дэкрэта № 5” і інш.

Як адзначаецца ў пастанове канферэнцыі, інфармацыйна-лекцыйную работу сёння неабходна ўдасканальваць. З гэтай мэтай ужо вядзецца падрыхтоўка новых лектараў. Плануецца таксама стварэнне пярвічак у калетывах, дзе яны пакуль адсутнічаюць. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена стварэнню банка мерапрыемстваў таварыства “Веды”. У бліжэйшы час плануецца правесці цыкл мерапрыемстваў пад агульнай назвай “Будзь чалавекам чалавек!”.

Падчас канферэнцыі выбраны кіруючыя органы раённай структуры таварыства. У склад праўлення ўвайшлі 11 актывістаў, у кантрольна-рэвізійную камісію – 3, прэзідыум будуць прадстаўляць 7 чалавек. Старшынёй арганізацыі зноў абраны намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, адказным сакратаром – Л. А. Давідовіч.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий