З вёсачкi гiравiчы — у вiцебскi ўнiверсiтэт…

Официально

У нядзелю ў нашай рэспубліцы адзначаецца Дзень беларускай навукі.

Аркадзь Русецкі нарадзіўся ў вірлівы час Вялікай Айчыннай – 1 лістапада 1942 г. Гэта драматычная акалічнасць хутчэй за ўсё паўплывала на тое, што ён у будучым стане гісторыкам, даследчыкам мінуўшчыны Беларусі.

Яго малая радзіма – вёска Гіравічы Валожынскага раёна. Гераічны край, багаты сваімі гістарычнымі традыцыямі, безумоўна, зрабіў значны ўплыў на станаўленне характару і выбар жыццёвага шляху. Неадольнае імкненне да набыцця новых ведаў і выдатныя здольнасці прадвызначылі далейшы лёс юнака.

У 1969 годзе А. Русецкі скончыў БДУ па спецыяльнасці “Філасофія”. Выдатная працаздольнасць у спалучэнні з творчым пошукам давалі свой плён. І ён прайшоў вялікі шлях, стаўшы спачатку кандыдатам філасофскіх навук, затым доктарам гістарычных навук, прафесарам, членам Саюза пісьменнікаў. Навуковыя ступені і званні дазваляюць зразумець тую велізарную працу, якую здзейсніў гэты чалавек на ніве айчыннай навукі.

У 1997-2009 гадах Аркадзь Русецкі  працаваў рэктарам Віцебскага ўніверсітэта. Тут у поўнай меры выявіліся такія рысы яго характару, як цярплівасць, уважлівыя адносіны да патрэб супрацоўнікаў, выдатныя арганізатарскія здольнасці. За час яго знаходжання на пасадзе рэктара істотна пашырыліся міжнародныя навуковыя сувязі ВДУ імя П. М. Машэрава з навуковымі цэнтрамі іншых дзяржаў.

Русецкі як прафесар і сам на працягу многіх гадоў супрацоўнічаў з многімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны і свету, чытаў лекцыі, кіраваў напісаннем дыпломных і курсавых праектаў, з’яўляецца кіраўніком кандыдацкіх дысертацый. Пад яго рэдакцыяй апублікаваны манаграфіі, калектыўныя працы, зборнікі.

Як вядома, напісанае застаецца, а яшчэ застаюцца вучні вучонага. Застаецца і ўдзячная памяць пра Чалавека з вялікай літары, які пражыў доўгае, багатае на падзеі жыццё. Пра рознабаковасць яго творчых інтарэсаў сведчаць наступныя выданні і працы: “Мастацкая культура Беларусі: тэорыя і гісторыя”, “Ісці да чалавека: літаратурныя партрэты”, “Художественная культура Витебска с древности до 1917 года”, “Мастацкая культура Аршанскай зямлі ў канцы X-XIX стагоддзяў” і іншыя.

Сярод іншых яго прац хочацца назваць: “Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць”. Дарэчы, “рыцар беларускіх замкаў” – адзін з любімых пісьменнікаў А. Русецкага. Шмат разоў звяртаўся ён да гістарычнай прозы класіка, кожны раз знаходзячы ў ёй нешта новае, цікавае. Сімвалічна, што Аркадзь Уладзіміравіч стаў лаўрэатам прэміі імя У. Караткевіча, і сам стварыўшы адметныя кнігі.

Многія працы А. Русецкі напісаў у сааўтарстве з сынам Юрыем. Як, напрыклад, даследаванне “Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я”. Ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя”, якое прысвечана нацыянальнай мастацкай культуры Віцебскага Паазер’я.

А. Русецкі адносіцца да ліку руплівых вучоных, якія сваімі навуковымі пошукамі і дасягненнямі садзейнічаюць прэстыжу, аўтарытэту і развіццю айчыннай навукі. Яго даследаванні арыентаваны на шырокае кола знаўцаў і аматараў беларускай мінуўшчыны, прызначаны палегчыць працу даследчыкаў са старажытнымі помнікамі як першакрыніцамі пазнання шматвяковай гісторыі беларускага народа.

Даследчык папоўніў скарбонку беларускай гістарыяграфіі цікавымі арыгінальнымі даследаваннямі, што атрымалі прызнанне як у рэспубліцы, так і па-за яе межамі. Ён выступае з цікавымі і змястоўнымі артыкуламі на старонках перыядычных выданняў, шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, семінарах, актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для гістарычнай навукі. Многія вучні вучонага сталі кандыдатамі навук, дацэнтамі, вядуць даследчую работу ў навучальных установах Беларусі.

А. Русецкі ўзнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Андрэя Першазваннага, медалём Францыска Скарыны, знакам “Выдатнік адукацыі”, мае падзяку Прэзідэнта  нашай рэспублікі. Ён занесены ў кнігу “Great mans of the XXI-h century” («Вялікія людзі XXI стагоддзя»), якая выйшла ў Амерыканскім біяграфічным інстытуце Паўночнай Караліны.

А яшчэ ён надзвычай любіць родную Валожыншчыну, якая выхавала і дала пуцёўку ў вялікі свет навукі і змястоўнага жыцця.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, г. Віцебск

Фота з архіва А. Русецкага

 



Добавить комментарий