Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

Общество

У калектыве Валожынскага Дома быту распрацавана калекцыя адзення “Вясна-2017”. Ужо пашыты 8 новых узораў. Гэта трыкатажныя спартыўныя касцюмы, папулярныя ў моладзі байкі, а таксама верхняе аддзенне — курткі.

Дызайнерам калекцыі з’яўляецца закройшчыца Ірына Мікалаеўна Таўгень. На чарзе – калекцыя дзіцячага аддзення, а там і лета не за гарамі. У бліжэйшых планах кіраўніцтва КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” – набыццё манекенаў, якія будуць дэманстраваць навінкі ўласнай вытворчасці ў вокнах Дома быту. Рэалізоўвацца навінкі будуць праз фірменны магазін, на 10 комплексных прыёмных пунктах, кірмашах. Дарэчы, зімовыя курткі, пашытыя ў цэху Дома быту, карыстаюцца дастаткова вялікім попытам у пакупнікоў.

З нядаўняга часу прадуктовы магазін “Сузор’е”, размешчаны па вуліцы Савецкай у райцэнтры, стаў карыстацца павышанай папулярнасцю ў гараджан. Для прыцягнення пакупнікоў у гэты гандлёвы аб’ект у райспажыўтаварыстве распрацавалі шэраг маркетынгавых мерапрыемстваў, што дае відавочныя вынікі.

Пачынаючы з сярэдзіны студзеня, тут кожны тыдзень вылучаюць новыя 4 гандлёвыя пазіцыі, якія прадаюцца з мінімальнай гандлёвай надбаўкай – 10%. Як правіла, гэта жыццёванеабходныя прадукты штодзённага ўжывання – рыба, каўбасы, яйкі і інш. Адначасова з мінімальнай надбаўкай (18% супраць 23-25%) прадаюць вараныя каўбасы, мясныя паўфабрыкаты. Чарговым крокам сталі 5% скідкі для пенсіянераў, калі яны прыходзяць за пакупкамі з 9 да 11 гадзін. Яшчэ адно новаўвядзенне – накапляльная сума: калі з 15 студзеня па 15 лютага пакупнік набудзе тавараў на суму ад 1 тысячы да 1,5 тысячы рублёў, то па прад’яўленні чэкаў атрымае падарунак на 5-7 рублёў, звыш 1,5 тысячы – на 8-10 рублёў. Усё разам узятае стымулюе паток пакупнікоў. Штодзённая выручка магазіна павялічылася ў 2,5-3 разы. У краме працуюць два прадаўцы, кіраўніцтва райспажыўтаварыства плануе павялічыць штат.

21 студзеня ўстановы адукацыі раёна, у якіх вывучаецца польская мова, наведаў кіраўнік консульскага аддзела ў Мінску Пасольства Рэспублікі Польшча Марэк Пэндзіх.

Разам з шаноўным госцем у СШ № 1 райцэнтра, Цэнтры творчасці дзіцей і моладзі, Івянецкай, Сакаўшчынскай і Багданаўскай сярэдніх школах пабывала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Чарнышова. У кожнай установе школьнікі падрыхтавалі невялікую праграму, падчас якой мелі магчымасць прадэманстраваць сваё валоданне польскай мовай. Гэта былі лялечны спектакль, прадстаўленне “Неяк раз на Каляды”, расказ пра Івянец і інш. Консул падарыў школам бібліятэчкі дзіцячай літаратуры.

За мінулы год фонды Івянецкага музея традыцыйнай культуры папоўніліся 357 прадметамі, і толькі 7 экспанатаў музей набыў за грошы.

Сярод іх – тры карціны мінскай мастачкі Вольгі Ярэська, якая пражывае ў пасёлку Першамайскі нашага раёна, драўляная скульптура Мікалая Задрэйкі “Бабулін успамін”. Зараз разгорнута выстава работ В. Ярэська. Ганаровае месца ў экспазіцыі з 9 палотнаў займаюць работы, якія сталі ўласнасцю музея.

Падчас традыцыйнага марафону “Твары дабро”, які праводзіўся ў раёне летась, на рахунак тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паступіла 2,4 тысячы рублёў.

За гэтыя сродкі напрыканцы года для трох сем’яў было набыта паліва, яшчэ 8 сем’яў атрымалі невялікія прадуктовыя наборы.  У канцы снежня і ў студзені прадуктовыя наборы коштам 46 рублёў кожны былі дастаўлены ў 31 сям’ю раёна, дзе пражываюць інваліды першай і другой груп, дзеці-інваліды. Для аднаго дзіцяці-інваліда былі набыты зімовыя боты.

Новыя словы паступова ўваходзяць у наш лексікон і становяцца зразумелымі многім слаям насельніцтва, хаця, магчыма, іх дастаткова лёгка можна было б замяніць і рускімі аналагамі.

Так, у канцы снежня ў Валожыне па ініцыятыве жанчын-удзельніц праекта “МАМА-КІДС” прайшоў першы фрымаркет. Карацей кажучы, адбыўся абмен дзіцячым адзеннем, цацкамі паміж матулямі. Нягледзячы на развешаныя па горадзе аб’явы, адважыліся прыйсці на гэта мерапрыемства ўсяго 6-7 матуляў, але кожная знайшла патрэбныя рэчы для свайго дзіцяці.

1 лютага ў дзіцячай бібліятэцы пройдзе буккросінг: абмен дзіцячымі кніжкамі.  Запрашаюцца ўсе жадаючыя. Дзеці вырастаюць не толькі з аддзення, але і з кніжак. Для кожнага ўзросту цікавы свае кнігі і свае аўтары. Для дзяцей падрыхтаваны лялечны спектакль, работнікі бібліятэкі пазнаёмяць іх і матуль са сваёй установай, бо чытанне адкрывае свет. Менавіта мэтавая праграма з такой назвай дзейнічае ў бібліятэцы.



Добавить комментарий