Сакрэт адзiн у майстра-печнiка…

Официально

Узімку цэнтрам любой вясковай хаты становіцца печ. Яна здольна шмат гадзін падтрымліваць у доме аднолькавую тэмпературу. У Пугачах і ваколіцы, напрыклад, многія сем’і ратуюцца ад халадоў ля кахлянак, узведзеных рукамі мясцовага майстра Аляксандра Іванавіча Шніпа.

Ва ўмельца-будаўніка багатая і цікавая біяграфія. Як прафесіянальна сталеў, дзе набіраўся неабходнага вопыту, расказаў сам гаспадар, гасцінна запрасіўшы прайсці ў хату. Весці аповед яму дапамагала жонка Дзіна Аляксандраўна, якая побач ужо 51-ы год…

Ужо ў 15 гадоў пугачоўскі юнак Алесь паступіў у Маладзечанскае будаўнічае вучылішча. На першы погляд, нічым асаблівым сярод іншых хлопец не вылучаўся. Аднак выкладчыкі хутка запрыкмецілі, што навуку ён спасцігае “на ляту”, асабліва практычную яе частку. Калі прыйшла пара размеркавання, маладога чалавека паклікала вялікая тады Радзіма – яго рабочыя рукі аказаліся запатрабаванымі на будоўлях Далёкага Усходу.

Па прыездзе ва Уладзівасток Аляксандр Іванавіч набіраўся вопыту на ўзвядзенні шматпавярховак. Неўзабаве яго прызвалі ў армію. Служыў у Паўднёва-Сахалінску, у аўтамабільным батальёне. На Далёкім Усходзе ён і знайшоў сваю другую – таксама беларускую – палавінку. Дзіна Аляксандраўна, выхаванка Мінскага пасляваеннага дзіцячага дома-інтэрната, таксама працавала на мясцовых будоўлях маляром-тынкоўшчыкам. Малады галава навастворанай сям’і спачатку пайшоў працаваць вадзіцелем аўтобуса, аднак у пошуках больш высокааплатнай работы неўзабаве трапіў на ўніверсальную плывучую базу “Шалва Надзібаідзэ” – сапраўдны “завод” на хвалях, які спецыялізаваўся на вырабе і выпуску гатовай прадукцыі. Матрос з беларускімі каранямі па паўгода праводзіў у адкрытым моры, на кароткі час сыходзіў на бераг, бачыўся з роднымі – у маладой пары нарадзіўся сын.

Трывожная тэлеграма ад матулі застала Аляксандра Іванавіча ў плаванні. Жанчына, якая засталася адна, занядужала і прасіла дапамагчы ёй скаратаць век. Так сям’я вярнулася на Радзіму…

Каб забяспечыць фінансавы дабрабыт, мужчына ўладкаваўся майстрам-наладчыкам на адкрыты ў Маладзечне завод сілавых правадніковых вентыляў. Неўзабаве ўслед за ім пайшла туды і жонка. Абое працавалі там да 1991 года, паспелі атрымаць кватэру, нарадзіць і выхаваць другога сына. Пасля выхаду на пенсію пераехалі ў Пугачы: бацькі далі прастор для жыццёвага старту дзецям. Тут да нядаўняга часу трымалі карову, цяпер, па меры натуральнага ходу гадоў, “пераключыліся” на козачак. Менавіта ў вёсцы, па прызнанні А. І. Шніпа, і спатрэбіліся ў найбольшай меры яго будаўніцкія і гаспадарскія таленты. Не кожны здольны самастойна асадзіць сякеру, ці, напрыклад, касу накляпаць. Пугачоўцы часта ішлі па дапамогу ці слушную параду ў гасцінны дом земляка. Прасілі яго і калі збіраліся дом пабудаваць, і печ новую зладзіць, і старую адрамантаваць.

Добры пячнік не кожнаму раскрые сакрэты свайго майстэрства. Не таму, што спалохаецца “канкурэнцыі”. Галоўны сакрэт адзін: за падобную работу могуць брацца толькі людзі, чые рукі сябруюць з розным інструментам і звыклыя да прафесіянальнай кладкі цэглы. Але асновамі Аляксандр Іванавіч падзяліўся ахвотна. Любая печ пачынаецца з трывалага фундамента. Пры ўзвядзенні выкарыстоўваецца чырвоная цэгла, абавязкова суцэльная, без пустот. Гэты матэрыял доўга захоўвае цяпло. Рады цаглін дакладаюцца да топкі, а ўжо якой будзе далейшая канструкцыя, залежыць ад пажаданняў гаспадароў – з сушыльнай шафай або іншымі функцыянальнымі элементамі ці без іх. Існуюць і іншыя варыянты. Пры неабходнасці печка абкладаецца кафляй. Гэта работа выконваецца адначасова з узвядзеннем: абліцовачны матэрыял звязваецца дротам, які затым запускаецца ў швы. Атрымліваецца амаль што маналітная сцяжка, якая ўжо не разбурыцца і не адслаіцца ад сценак.

Развітваючыся з гэтай цудоўнай парай, я, зразумела, папрасіў іх сфатаграфавацца каля той самай печкі, якую склаў калісьці гаспадар. Цяпер дом Шніпаў ацяпляецца газам, але ў майстра не падымаецца рука разабраць ачаг, які шмат гадоў дзяліўся з дружнай сям’ёй цяплом…

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий