Паэткі слаўны юбілей

Официально

На мінулым тыдні ў РЦК прайшла вечарына з нагоды юбілею жыхаркі Валожына Марыі Антонаўны Шакун. Выдатнік Міністэрства адукацыі, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, член Саюза пісьменнікаў Беларусі – гучныя тытулы… Аднак для тых, хто прыйшоў павітаць шаноўную жанчыну, яна – проста добры, працавіты, інтэлігентны і шчыры чалавек.

    Кіраўнік  народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч, яна ж вядучая вечарыны, яшчэ пры падрыхтоўцы сцэнарыя вырашыла, што мерапрыемства не будзе перагружана бясконцымі звесткамі з жыцця юбіляркі – аб усім раскажуць яе вершы. Яскравым дапаўненнем да іх сталі і аповеды тых, хто прыйшоў віншаваць віноўніцу ўрачыстасці, а такіх было нямала.  Л. Ц. Маляўкіна – намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама адзначыла: “Ваш уклад у развіццё культуры раёна нельга пераацаніць. Энтузіязмам і талентам такіх, як Вы, і папаўняецца творчая скарбонка Валожыншчыны”.

    Цэлы пласт сваёй паэзіі прысвяціла Марыя Шакун – ураджэнка вёскі Узбалаць – роднай старонцы. Выступленне землякоў стала добрым дапаўненнем да гэтай старонкі ўрачыстасці і прыемным сюрпрызам для яе гаспадыні.

     Шмат гадоў выпускніца філалагічнага аддзялення БДУ аддала працы на ніве адукацыі, таму творы з цыкла так званых школьных вершаў былі дарэчы, калі прыйшлося трымаць слова ў адказ на шчырае прывітанне Н. А. Чарнышовай – начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму і М. М. Камінскай – старшыні прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі. Да іх далучыліся і іншыя калегі імянінніцы.

    Марыя Антонаўна – член “Руні”, салістка народнага хору “Спяваючыя сэрцы”, актывістка клуба “Залатая восень”… Таму ўдзельнікі кожнага з гэтых калектываў таксама прыйшлі, каб ушанаваць юбілярку і  прадэманстраваць свае творчыя сюрпрызы.

    Кульмінацыяй вечара стала ўручэнне аўтару зборнікаў паэзіі “Песняй рамонкаў”, “Жыццёвае поле” і мноства вершаў, што друкуюцца ў самых розных выданнях, вышэйшай узнагароды Саюза пісьменнікаў Беларусі – медаля “За вялікі ўклад у літаратуру”. Каб асабіста перадаць гэты знак павагі валожынскай паэтцы, на мерапрыемства завіталі Л. Ф. Анцух – член прэзідыума СПБ і С. А. Быкава – в. а. старшыні Мінскага абласнога аддзялення арганізацыі.

    Магчыма, у зале РЦК такой колькасці кветак раней не бачылі – столькі аднадумцаў, прыхільнікаў, былых калег, сваякоў прыйшло, каб яшчэ раз запэўніць М. А. Шакун у сваёй павазе. Гучалі песні на яе вершы, адбылося некалькі прэм’ер… Але галоўным на вечарыне быў яе голас, што  ўладарыў над прысутнымі. Глыбокі, пяшчотны, ён і суцяшаў, і будзіў пачуцці. Хоць аб узросце жанчыны не прынята гаварыць, сама юбілярка прыгожай даты – 80 – не саромеецца, з гонарам расказвае аб пражытых гадах. Яе лёс не назавеш лёгкай, бестурботнай вандроўкай. Кожны, хто зазірне ў ласкавыя, з лёгкімі іскрынкамі ўсмешкі вочы, заўважыць, як на дне іх плешчуцца і смутак, і горыч страт, і ціхае шкадаванне аб тым, што не адбылося… Аднак растварыцца ў самоце – гэта не пра яе. Яна поўная творчых задум і жадання тварыць. Відаць, таму ў фінале мерапрыемства Валянціна Гіруць-Русакевіч, якая, як ніхто іншы, можа ацаніць творчы патэнцыял гэтай асобы, выказала надзею на тое, што вельмі хутка рунеўцы і іх прыхільнікі збяруцца разам, каб правесці імпрэзу новага – трэцяга –  зборніка паэткі Марыі Шакун.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий