Pэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

Общество

У 2016 годзе сямейны капітал прызначаны 95 мнагадзетным сем’ям раёна.

За студзень бягучага года па рашэнні райвыканкама яшчэ 11 жанчынам пасля нараджэння трэцяга і наступнага дзіцяці прызначаны сямейны капітал. Гэта Аксана Мікалаеўна Варапай з вёскі Старынкі Івянецкага сельсавета, Наталля Дзмітрыеўна Шахлевіч з вёскі Дзясятнікі Вішнеўскага сельсавета і Русаліна Міхайлаўна Сава з аграгарадка Ракаў, якія нарадзілі па чацвёртым дзіцяці. А таксама маці, якія нарадзілі па трэцім нашчадку. Сярод іх – івянчанкі Таццяна Тамашаўна Гомаль і Наталля Іосіфаўна Калевіч, жыхарка вёскі Суднікі івянецкага сельсавета Алена Мечыславаўна Арлоўская, Вольга Сямёнаўна Харлінская з Дораў, Анастасія Юр’еўна Юкавец з Сакаўшчыны, Яўгенія Аляксандраўна Карчміт з вёскі Дубіна-Юрздыцкая Валожынскага і Алена Станіславаўна Рак з вёскі Пярэжыры Ракаўскага сельсаветаў.

    На калегіі Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя былі падведзены вынікі работы за 2016 год і акрэслены задачы на бягучы.

Са станоўчага боку ацэнена работа супрацоўнікаў нашай раённай інспекцыі за навядзенне парадку на зямлі,  работу з фізічнымі і юрыдычнымі водакарыстальнікамі, а таксама работу з садовымі таварыствамі. Падзяка старшыні камітэта аб’яўлена галоўнаму спецыялісту Валожынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Крысціне Васільеўне Косік. Дарэчы, па выніках года падзякі аб’яўлены ўсяго тром работнікам раённых інспекцый.

 

    З пачатку бягучага навучальнага года ў Нацыянальным аздраўленчым цэнтры “Зубраня” на васьмі зменах пабывалі 20 вучняў школ нашага раёна.

Сем школьнікаў сумяшчалі вучобу і аздараўленне ў спецыяльным аздараўленчым атрадзе, дзе на платнай аснове можна атрымаць дзве розныя праграмы. Адна з іх называецца “Трэніруем постаць”. Падлеткам прапануюць 10 розных працэдур – аромамасаж, жамчужныя ванны і інш.

З пачатку 2017 года на адпачынку ў “Зубраня” на чатырох тэматычных зменах “Прымерваем прафесію на сябе”, “Свежыя ідэі, яркія праекты”, “Невычэрпныя крыніцы гісторыі” пабывалі 9 прадстаўнікоў устаноў адукацыі нашага раёна. Старшакласнікі, якія вучацца ў профільных педагагічных класах, праходзяць змену “Я б у важатыя пайшоў”. У нашым раёне педагагічныя класы створаны ў СШ № 1 райцэнтра, Івянецкай і Ракаўскай сярэдніх школах. Менавіта вучаніцы апошняй школы Анастасія Назарава і Аліна Мянцюк у гэтыя дні бавяць час у Нацыянальным лагеры.

 

    У адкрытым фестывалі-конкурсе “Снегавік-2017”, які прайшоў у першы дзень лютага ў Любані, прымалі ўдзел выхаванцы Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Дзіцячы ансамбль “Менестрэлі” выканаў самбу “Сонечныя акуляры” і саўнд-трэк да кінафільма “Піраты Карыбскага мора”, у выніку заняў першае месца. Калектыву ўручаны дыплом і керамічны Снегавік. Кіруе ансамблем Кацярына Уладзіміраўна Дварэцкая, якой у першыя дні новага года прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. Вучаніца 3 класа акардэаністка Ганна Драневіч (выкладчык Вольга Раманаўна Іода) атрымала грамату за выканальніцкае майстэрства.

 

    У зімовыя месяцы традыцыйна праводзіцца маршрутны ўлік звяроў, вынікі якога яшчэ апрацоўваюцца.

Асобна паляўнічыя трымалі справаздачу па ваўках і дзіках. У паляўнічых угоддзях раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў шэрых драпежнікаў не выяўлена, дзікоў налічваецца 24 асобіны. У лесапаляўнічай гаспадарцы “Налібоцкая пушча”, якая належыць Валожынскаму лясгасу, ваўкоў выяўлена 2, дзікоў – 17 асобін.

 

    У раённым цэнтры культуры аб’яўлены набор у гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Кудзеснікі”, якім будзе кіраваць Кацярына Мядзелка.

На занятках дзеці-падлеткі змогуць навучыцца мастацтву выцінанкі, вырабу рэчаў з прыродных матэрыялаў, саломапляценню.



Добавить комментарий